У Сасновым Боры справы ідуць спора 

  • 2024-04-26 11:16:00
  • Олег БЕГАНСКИЙ

У «Кнізе памяць» пасёлку Сасновы Бор адведзена ўсяго пяць радкоў. Прыведзена колькасць дамоў, двароў, указана, што ёсць зверагаспадарка, магазін… Каб скласці ўяўленне аб населеным пункце – гэтага мала. Між тым, пасёлак жыве паўнавартасным жыццём, развіваецца, мяняецца. Мы ўпэўніліся ў гэтым, калі адправіліся ў недалёкае падарожжа. 

Людзі добраўпарадкоўваюць пасёлак без прымусу і напамінаў 

Экскурсаводам па Сасновым Боры пагадзілася быць стараста пасёлка Людміла Сідаровіч. Яна пражыла тут амаль усё жыццё. У свой час у гэты куток Маладзечаншчыны прыехалі будаваць зверагаспадарку бацькі нашай субяседніцы Анатолій Уладзіміравіч і Вольга Мікалаеўна Шастаковічы. Разам з вытворчасцю адбудоўваўся і пасёлак. 
– Адметная рыса Сасновага Бору – блізкасць да горада, – гаворыць Людміла Анатольеўна. – Курсіруе гарадскі аўтобус. Такая транспартная даступнасць вызначае рытм і стыль жыцця. Дзеці з пасёлка вучацца ў гарадскіх школах, наведваюць гарадскія дзіцячыя садкі. Многа хто з мясцовых жыхароў працуе ў Маладзечне. 

Расказала субяседніца пра змены, якія адбываюцца ў пасёлку. Так, з уводам у эксплуатацыю станцыі абезжалезвання ў дамы і кватэры падаецца чыстая і смачная пітная вада (раней яна мела колер і кансістэнцыю кавы). І людзям добра, і пральныя машыны не псуюцца.

Яшчэ з пазітыву – рамонт катла ў мясцовым цеплапункце. Дзякуючы гэтаму зіма прайшла без надзвычайных здарэнняў. Не так даўно камунальныя службы агарадзілі пляцоўку для збору цвёрдых бытавых адходаў на вуліцы Юбілейнай. Вуліцы асвятляюць энергазберагальныя лямпачкі. Усё гэта робіць жыццё у пасёлку больш камфортным. 
– Звярніце ўвагу, прыватныя падворкі ў нас дагледжаныя, а вуліцы чыстыя, – працягвае Людміла Сідаровіч. – Мясцовыя жыхары наводзяць парадак на падворках, добраўпарадкоўваюць тэрыторыю ля іх без прымусу і напамінаў. Гэта традыцыя перадаецца навасёлам. Некаторыя сем’і прыязджаюць сюды з іншых рэгіёнаў Беларусі. Тут яны бачаць перспектыву.

Вельмі цікава было прайсціся па самых старых вуліцах пасёлка – Кастрычніцкай і Зялёнай. Адметная іх рыса – зялёная зона з дрэвамі і газонамі пасярод вуліц паміж радоў жылых дамоў. 

Дарэчы, сасновы бор падыходзіць ушчыльную да аднайменнага пасёлка. У лесе людзі збіраюць грыбы і ягады. А дзікія  насельнікі лесу, у сваю чаргу, часам заходзяць у пасёлак. Так, на вуліцах бачылі казуль.   
Стараста адзначыла, што ў пасёлку шануюць і паважаюць сваіх землякоў, чый лёс апаліла Вялікая Айчынная вайна, тых, хто многа зрабіў для захавання гістарычнай памяці. Сярод іх – Ганаровая грамадзянка Маладзечанскага раёна Лідзія Князева, якая была кіраўніком клуба «Пошук» гарадской сярэдняй школы №5. На яе ліку многа ўзноўленых імёнаў ахвяр канцэнтрацыйнага лагера «Шталаг-342». 

Ад «Правінцыі» да ФАПу

Усе знакавыя месцы Сасновага Бору знаходзяцца ў цэнтры пасёлка. Тут размешчаны магазін сістэмы Белкаапсаюза, фельчарска-акушэрскі пункт і кафэ «Правінцыя». У час экскурсіі мы наведалі гэтыя аб’екты.  


Адзначу, што раніцай ў будні дзень кафэ было зачынена. Аднак аўтар быў тут раней, таму асабіста ацаніў інтэр’ер і якасць абслугоўвання. Людміла Сідаровіч расказала, што пабудова, дзе знаходзіцца прадпрыемства грамадскага харчавання, была адрамантавана. З уводам кафэ ў эксплуатацыю былі створаны новыя рабочыя месцы, установа карыстаецца попытам у раёне.

Магазін знаходзіцца па суседству з «Правінцыяй». Калі мы завіталі туды, загадчыца Яўгенія Новаш прымала тавар. Добрае ўражанне пакінулі асартымент і раскладка прадуктаў. Работнік гандлю паведаміла, што магазін папулярны сярод вяскоўцаў. Для льготных катэгорый насельніцтва на сацыяльна важныя тавары ўстаноўлена дзесяціпрацэнтная скідка.

Наступны пункт маршруту – фельчарска-акушэрскі пункт. Нас сустрэлі загадчыца ФАПу Ларыса Зянько, якая працуе тут 43 гады, і санітарка Галіна Сліж. Жанчыны адзначылі, што ФАП раней знаходзіўся ў іншым месцы. З яго пераездам зручней стала і мясцовым жыхарам, і персаналу. 

– Медыцынская ўстанова абслугоўвае некалькі населеных пунктаў, – расказала Ларыса Мікалаеўна. – У ФАПе вядзецца прыём жыхароў, можна купіць неабходныя лекі, сюды згодна з графікам прыязджаюць вузкія спецыялісты, накіроўваецца мабільны рэнтгенаўскі апарат. Звычайна пенсіянеры прыходзяць на прыём у рабочыя дні, работнікі прадпрыемстваў і арганізацый – па суботах.

Субяседніца адзначыла, што ў Сасновым Боры ФАП абслугоўвае 7 шматдзетных сем’яў, у якіх выхоўваецца 21 дзіця. Такім абставінам медыцынскія работнікі рады. Калі ў пасёлку нараджаюцца дзеці – будучыня ў яго ёсць.
Заслугі Ларысы Зянько ацэнены на самым высокім узроўні. Ёй за шматгадовую плённую працу, высокі прафесіяналізм, значны асабісты ўклад у развіццё сістэмы аховы здароўя была ўручана Ганаровая грамата Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь. Ёсць у медыка і іншыя заахвочванні. 

Асабістае меркаванне

Людзі, з якімі мы сустрэліся ў час экскурсіі, выказваліся вельмі цёпла пра пасёлак і землякоў. Адчувалася, што мясцовым жыхарам неабыякавы лёс сваёй малой радзімы. Па меры магчымасці яны робяць месца, дзе жывуць, больш утульным і прыгожым.

– З суседзямі сябрую, – паведаміў Авенір Малашка. – Многія жыхары маёй вуліцы прыехалі з іншых рэгіёнаў Беларусі. Разам мы добраўпарадкоўваем пасёлак. Жывём дружна.


Былы малалетні вязень фашысцкага канцлагера Яўгенія Кулеш пацвердзіла, што Сасновы Бор – пасёлак чысты, акуратны. Людзі стараюцца, каб падворкі былі дагледжаныя. Высаджваюць ля дамоў кветкі. А яшчэ жанчына, на долю якой выпалі вялікія выпрабаванні, цэніць у народзе згоду, узаемаразуменне і мірнае неба над галавой. 
З гэтым мы цалкам пагаджаемся! 

Даведка. У пасёлку Сасновы Бор налічваецца 219 дамашніх гаспадарак, пражывае 566 чалавек, 414 з якіх дзеці, моладзь і людзі працаздольнага ўзросту. 

Тэкст і фота: Алег БЯГАНСКІ.