СЁННЯ – УВАСКРЭСЕННЕ ХРЫСТОВА ПА КАЛЕНДАРЫ ПРАВАСЛАЎНАЙ КАНФЕСІІ

  • 2024-05-05 08:00:00

Пасхальнае пасланне Епіскапа Маладзечанскага і Стаўбцоўскага 
Паўла пастырам, дыяканам і ўсім верным дзецям Маладзечанскай епархіі Беларускай праваслаўнай царквы
«Над смерцю святкуем перамогу, пекла разбурэнне, іншага жыцця вечнага пачатак…» (Трапар Пасхальнага канону)
Узлюбленыя ў Госпадзе пачэсныя айцы, дарагія браты і сёстры! У Дзень сусветнай радасці, якая сцвярджае нашу праваслаўную веру, урачыста вітаю Вас: 

Хрыстос уваскрэс! 
Падрыхтоўваючы вучняў і апосталаў да сваіх маючых адбыцца Крыжовых пакут і Слаўнага Уваскрэсення, Гасподзь наш Іісус Хрыстос казаў: «Род ліхі і пралюбадзейны знамення шукае; ды знаменне не будзе дадзена яму, акрамя знамення Іоны прарока. Бо як Іона быў у чэраве ў кіта тры дні і тры ночы, так і Сын Чалавечы будзе ў сэрцы зямлі тры дні і тры ночы» (Мф.12,39-40). Але «радасць Мая ў вас будзе і радасць ваша будзе поўная» (Ін.15,11), таму «апосталы з вялікай сілаю сведчылі пра ўваскрасенне Госпада Іісуса Хрыста, і благадаць вялікая была на ўсіх іх» (Дз 4,33).

Збіраючыся ў храме на святочнае Велікоднае богаслужэнне, мы падобна міраносіцам і апосталам радуемся Уваскрасенню Хрыстову як галоўнай урачыстасці нашай веры. Выконваючы сваё абяцанне: «Я з вамі ва ўсе дні да сканчэння веку» (Мф. 28; 20), Хрыстос праз успамін Яго Уваскрэсення напаўняе сапраўдным сэнсам жыццё Яго паслядоўнікаў, як гэта было ў свой час з апосталам Пятром, які праявіў слабасць і страх, апосталам Фамой, які ўсумніўся ў Сваім Бажэственным Настаўніку, у ганіцелі Саўле, абраным пасля ў лік апосталаў з імем Павел.
З’яўляючыся пасля Уваскрэсення Сваім вучням, Хрыстос вітае іх словамі: «Мір вам!» (Ін.20;26) і тым самым адчыняе для іх дзверы новага свету, свету з Богам, дзе з’яўляецца магчымасць памерці для ветхага грахоўнага жыцця і ўваскрэснуць у новым, бо: «старое прайшло, цяпер настала ўсё новае.» (2 Кар.5:17). Як заўважае прападобны Іусцін (Паповіч): «Уваскрэсеннем Хрыстовым чалавечая прырода няўхільна пайшла шляхам неўміручасці і стала страшная нават і для самой смерці. Бо да Уваскрэсення Хрыстовага смерць была страшная чалавеку, а пасля Уваскрэсення Хрыстовага чалавек стаў страшны для смерці. Калі чалавек жыве вераю ва Уваскрэслага Богачалавека, ён жыве вышэй за смерць, недасягальны для яе; яна падножжа яго нагам. Сваім Уваскрэсеннем Гасподзь усё змяніў: неўміручасць стала другой прыродай чалавека, стала натуральным для чалавека, а смерць – ненатуральнай».
Дарагія айцы, браты і сёстры! У сённяшнюю святую і благадатную ноч жадаю вам светлай велікоднай радасці і, увайшоўшы ў радасць Госпада Уваскрэслага, разам з вамі ўсклікаю:
Сапраўды уваскрэс Хрыстос! 
ПАВЕЛ, епіскап Маладзечанскі і Стаўбцоўскі
Пасха Хрыстова, 2024 года

Паважаныя жыхары Маладзечаншчыны!
Шчыра віншуем усіх, хто адзначае Уваскрэсенне Хрыстова па грыгарыянскім календары!
Вялікдзень для хрысціян - свята асаблівае, адно з самых светлых, радасных і доўгачаканых. Ён нясе ў сабе аб'яднанне, напаўняе сэрцы любоўю і клопатам.
У часы нялёгкіх выпрабаванняў асабліва востра адчуваецца запатрабаванне ў згодзе, міры і спакоі. І менавіта Вялікдзень усяляе ў нас упэўненасць, заклікае да паразумення, мудрасці і міласэрнасці. Абвяшчаючы перамогу жыцця і дабра, свята служыць невычэрпнай крыніцай стойкасці, дорыць надзею на лепшае заўтра, здольнасць да абнаўлення і адраджэння.
Жадаем усім моцнага здароўя, дабрабыту і аптымізму. Няхай здзяйсняюцца запаветныя мары, у сэрцах ніколі не згасае агонь веры, надзеі і любові, а пра галоўныя жыццёвыя, духоўныя і сямейныя каштоўнасці нагадваюць утульнасць і цяпло сямейнага ачага, увага і клопат блізкіх і родных!

Раённы выканаўчы камітэт
Раённы Савет дэпутатаў