Новости Молодечно и Молодечненского района

З Масквы і Мінска – на веларалі «Маладзечанская восень»

  • 2018-10-19 06:15:50
  • Анжаліка Крупянькова


Сёлета спаборніцтвы ў 24-ы раз сабралі прыхільнікаў здаровага ладу жыцця. Аб папулярнасці веларалі сведчыць той факт, што ў ім удзельнічалі не толькі маладзечанцы, але і жыхары Мінска, Віцебска, Глыбокага, Вілейскага раёна. Нашы землякі прыехалі нават з Масквы, спецыяльна скарэкціравалі свой рабочы графік. Усяго было 8 каманд, якія аб’ядналі 96 веласіпедыстаў (на 36 больш, чым летась). Самаму малодшаму ўдзельніку шэсць гадоў, самаму старэйшаму – 72.

Трэці год запар старт адбыўся ад СШ №9. Вопытны турыст Андрэй Іваноў падрыхтаваў дзве дыстанцыі – 28 і 65 кіламетраў (адпаведна з трыма і пяццю кантрольнымі пунктамі). Траса праходзіла ўсё больш па палявых і лясных дарогах, была няпростай, але вельмі маляўнічай. Многія ўдзельнікі праехалі яе з выдатнымі вынікамі.

Сяргей Бялкоў расказаў, што абсалютную перамогу як ва ўзроставай групе 21-40 гадоў, так і сярод усіх удзельнікаў атрымаў Вітольд Лагвіновіч з каманды СШ №5. Ён пераадолеў 65 кіламетраў за 2 гадзіны 2 хвіліны. Дарэчы, летась Вітольд таксама быў пераможцам.

Выдатныя вынікі паказалі і прадстаўніцы прыгожай паловы чалавецтва. Першае месца сярод 14-16-гадовых удзельніц – у Ганны Кучаронак з політэхнічнага каледжа. Надзея Бароўка пера-
адолела 65-кіламетровую дыстанцыю за 3 гадзіны 7 хвілін і стала першай ва ўзроставай групе ад 21 да 40 гадоў. Маргарыта Коблінец была самай хуткай на дыстанцыі 28 кіламетраў сярод жанчын ад 51 да 61 года (2 гадзіны 19 хвілін).

Арганізатараў парадавала, што многія прыехалі на спаборніцтвы сем’ямі: Алена Варабей — з сынамі Арсеніем і Андрэем, пляменнікам Арцёмам, Маргарыта Коблінец — з дачкой Любай, Віталій Шкабара — з сынам Ігнатам і многія іншыя.

Сярод каманд мацнейшымі былі спартсмены турклуба «Пілігрым», на другім месцы – СШ №5, на трэцім – сталічная каманда «Паехалі!».

Пераможцы былі ўзнагароджаны Ганаровымі граматамі галоўнага ўпраўлення спорту і турызму аблвыканкама, за першае месца ў асабовым заліку прадугледжваліся грашовыя прэміі. Арганізатары ўдзячныя нязменнаму на працягу апошніх 15 гадоў спонсару спаборніцтваў ААТ «Белінтэрспас», які забяспечвае прызамі для каманд-пераможцаў – турыстычнымі тэнтамі ад дажджу. З зацікаўленасцю ставіцца да правядзення абласных спаборніцтваў калектыў СШ №9 на чале з яго дырэктарам Юрыем Вяршыцкім. У гэтай установе размяшчаўся штаб веларалі, усе жадаючыя маглі падсілкавацца гарачай гарбатай з пернікамі.