Новости Молодечно и Молодечненского района

Врач-инфекционист: «Если поднялась темпратура, врача лучше вызвать на дом»

  • 2017-01-20 11:57:39
  • Ірына Рабушка

— Пакуль медыцынскія ўстановы Маладзечаншчыны працуюць у звычайным рэжыме. Хіба толькі назіраецца нязначнае павелічэнне выпадкаў сезонных захворванняў, — гаворыць Уладзімір Уладзіміравіч. – Беларускія медыкі, у тым ліку нашага раёна, спадзяюцца, што сёлета ўдасца пазбегнуць эпідэміі, бо ад грыпу прышчэплена дастатковая колькасць насельніцтва – звыш 40 працэнтаў. Вакцынацыя добра зарэкамендавала сябе на практыцы. З 2009 года, калі ў Беларусі была маштабная эпідэмія грыпу, імунізацыі надаецца асаблівая ўвага на дзяржаўным узроўні.

Маладзечанскія медыкі сочаць за вірусамі на працягу ўсяго года. У нашым раёне праводзіцца штотыднёвы маніторынг. Па панядзелках у дзесяці пацыентаў (на выбар), якія з сімптомамі грыпу звяртаюцца па медыцынскую дапамогу, бяруць мазкі з носа або зева і накіроўваюць на вірусалагічнае даследаванне ў Мінскі абласны цэнтр гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя.

— Самы агрэсіўны грып тыпу А. Ён выклікае пандэміі і можа «захлынуць» мільёны людзей. Грып тыпаў В і С, калі можна так сказаць, больш спакойны і, як правіла, не мае сур’ёзных маштабаў, — заўважае ўрач-інфекцыяніст. – Фіксуюцца ў Беларусі, у тым ліку ў нашым раёне, адзінкавыя выпадкі «свінога» грыпу. Гэта вельмі небяспечны вірус. А вось тое, што чалавек можа захварэць на птушыны грып, навукоўцы так пакуль і не даказалі. Многія схіляюцца да таго, што гэта малаверагодна, ва ўсялякім разе для нашых шырот.

Найбольш цяжка грыпозныя вірусы пераносяць пажылыя людзі (ад 65 гадоў), дзеці да года, пацыенты з імунадэфіцытам, ВІЧ-інфекцыяй, хворыя на цукровы дыябет і з праблемамі сардэчна-сасудзістай сістэмы, цяжарныя жанчыны. Менавіта прадстаўнікам гэтых катэгорый, а таксама тым, чыя работа звязана з вялікай колькасцю людзей (тыя ж медыкі, педагогі, прадаўцы), надаецца асаблівая ўвага і ў час вакцынацыі, якая праводзіцца з верасня па лістапад. Цяпер, зразумела, прышчэпка не мае сэнсу.

Застаецца толькі самастойна берагчыся ад магчымых вірусаў. Урач-інфекцыяніст раіць прытрымлівацца аптымальнага рэжыму бадзёрасці, адпачынку і сну, рэгулярна праветрываць памяшканні, бываць на свежым паветры, аддаваць перавагу правільнаму харчаванню, абавязкова ўжываць садавіну, агародніну, вітаміны.

Медыцынская сястра інфекцыйнага кабінета паліклінікі №1 Тамара Глуская і ўрач-інфекцыяніст Уладзімір Страшынскі. 



Пачынаючы з 1900 года ў свеце зафіксаваны чатыры ключавыя пандэміі грыпу.

Самая жудасная – легендарная «іспанка» (1918-1919 гг.). Яна загубіла ад 50 да 100 мільёнаў чалавек ва ўсім свеце.

Ад азіяцкай пандэміі (1957-1958 гг.), якая пачалася ў Кітаі, загінулі ад аднаго да чатырох мільёнаў чалавек.

Каля мільёна хворых «згарэлі» ў час успышкі ў Ганконгу (1968-1969 гг.).

Апошняя ўспышка — 2009 год. Гэта «свіны» грып. Колькасць загінулых да гэтага часу шырока не афішуецца.

Лічыцца, што пандэміі грыпу здараюцца 2-3 разы кожныя сто гадоў.


У выпадку хваробы не варта займацца самалячэннем. Не трэба і хадзіць з недамаганнем на работу. А калі паднялася высокая тэмпература, урача лепш выклікаць дамоў.

— Неабходна адрозніваць сімптомы грыпу і прастудных вірусаў, якіх пераважная большасць у час сезонных захворванняў, — зазначае Уладзімір Страшынскі. – У грыпу вельмі кароткі інкубацыйны перыяд — ад паўтары гадзіны да сутак, ён узнікае з рэзкага павышэння тэмпературы ад 38,5 градуса. Пры прастудных інфекцыях працэс больш павольны. Варта заўважыць, што грып небяспечны далейшымі ўскладненнямі. Хворага павінны насцярожыць высокая тэмпература, якая не зніжаецца або збіваецца дрэнна на фоне гарачкапаніжальных таблетак, а таксама аддышка, ірвота, дыярэя, затарможанасць і прыгнечанасць.

Урач таксама звярнуў увагу на найбольш эфектыўныя прэпараты пры лячэнні грыпу і прастудных вірусаў.

— Выдатна зарэкамендаваў сябе беларускі флустоп (аналаг амерыканскага асельтамівіра, швейцарскі таміфлу, расійскія занамівір (або рэленза) і інгавірын. Гэтыя лекі прадаюцца ў аптэках па рэцэпце. Таксама выкарыстоўваюцца прэпараты згодна з сімптомамі канкрэтнага хворага. Нельга грэбаваць і прафілактычнымі прэпаратамі, якія спрыяюць захаванню і падтрыманню імунітэту. Напрыклад, арпетол ці арбідол адпаведна беларускіх і расійскіх вытворцаў. Іх можна набыць без рэцэпта.      

Уладзімір Страшынскі засяродзіў увагу і на актуальнай для нашага раёна праблеме: пры многіх вірусах, якія перадаюцца паветрана-кропельным шляхам, неабходны ізаляваныя боксы. Дастатковая колькасць паспрыяла б больш якаснаму аказанню медыцынскай дапамогі і аблягчыла б нязручнасці пацыентаў. Бліжэйшае такое аддзяленне знаходзіцца ў Валожыне.