Новости Молодечно и Молодечненского района

Валанцёр Міхаіл Пільсць.Трынаццаць гадоў без наркотыкаў

  • 2018-06-27 10:10:21
  • Людміла Цар


Як правіла, наркаманы позна разумеюць, што не проста забаўляюцца з наркотыкамі, а залежаць ад іх. Залежнасць развіваецца паступова, часам хапае адной ін’екцыі. Як складзецца лёс таго ці іншага чалавека — невядома. Ніхто не павінен гаварыць сабе: «Я ведаю, што змагу пакаштаваць наркотыкі, і са мной нічога не здарыцца».

— Пачнём з невялікага эксперыменту, — звярнуўся да прысутных Міхаіл і паказаў белы ліст ватману, чысціню якога «парушыла» толькі чорная кропка. — Што вы бачыце?

Усе ў адзін голас адказалі, вядома ж, кропку. Белы ліст не назваў ніхто… У адной прытчы мудрэц сказаў: «Вы можаце быць чыстымі. А калі ў вашым жыцці з’явіцца нешта цёмнае, людзі заўважаць менавіта гэта. Старайцеся жыць так, каб не запляміць сваё сумленне».

Трынаццаць гадоў таму Міхаіл Пільсць быццам з чыстага ліста пачаў сваё жыццё. Што было да гэтага? У чацвёртым класе ён выкурыў першую цыгарэту, крыху пазней пакаштаваў алкаголь, трапіў у дрэнную кампанію. (Дарэчы, па даных сацыялагічнага апытання 2,5 тысячы нарказалежных 32 працэнты з іх пакаштавалі наркотыкі менавіта ў кампаніі, па 21 працэнце – проста так ці з-за адсутнасці сілы волі). На дваццацігоддзе Міхаіл пусціў дозу па вене. І чатыры з паловай года «сядзеў на ігле». Зведаў усё: фізічныя і псіхалагічныя ломкі, галюцынацыі, дэпрэсію. Бачыў, як паміраюць наркаманы, сам неаднойчы быў на мяжы смерці. Можна сказаць, пашанцавала: ён змог выжыць, вырвацца з бяды і прыйсці да веры.

Трынаццаць гадоў Міхаіл «чысты».  І цяпер жыве адным днём, які напоўнены не пошукам чарговай дозы, а сэнсам. Працуе, выхоўвае дзяцей, сустракаецца з моладдзю, займаецца валанцёрствам. Прымае ўдзел у тэлепраектах і ніколі не хавае свайго твару.



— Ёсць добраахвотнікі, якія абараняюць жывёл, прыроду. А я стараюся абараніць людзей, іншым разам ад іх саміх, уласных неабдуманых учынкаў, — гаворыць Міхаіл.

Мужчына прызнаецца, што такія стасункі па-трэбныя не толькі іншым, але і яму самому. Ён не вінаваціць сваіх бацькоў, але стараецца сынам стаць сябрам, не павучаць, а навучыць быць сапраўднымі.
– Калі я буду курыць і расказваць сыну аб шкодзе тытуню, ён падумае, што трэба трымаць цыгарэту і гаварыць: курыць нельга, — трапна заўважае Міхаіл.

З ім мы сустракаліся і раней. Размаўлялі на тэму дабрачыннасці. Разам з валанцёрамі Міхаіл наведвае інтэрнаты для дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця, прывозіць туды неабходныя рэчы, падарункі. Мужчына падзяліўся, як цяжка і балюча глядзець на дзяцей, якія не могуць рухацца, не развіваюцца. Многія з іх з’явіліся на свет хворымі «дзякуючы» бацькам-алкаголікам, наркаманам. На вялікі жаль, у гэтых дзяцей няма выбару — у свой час у ім памыліліся самыя блізкія людзі.


Фота: Аляксей ПЛАТКО.