Па інфармацыі ўрача-эпідэміёлага ЗЦГіЭ Маргарыты Працковай, па-ранейшаму асноўнай прычынай інфіцыравання застаецца кантактны палавы шлях перадачы. Выпадкаў заражэння пры правядзенні медыцынскіх маніпуляцый не ўстаноўлена. За ўвесь час не было зарэгістравана ніводнага факту інфіцыравання праз донарскую кроў. Паступова зніжаецца колькасць выпадкаў ВІЧ-інфекцыі сярод маладых людзей ва ўзросце 20-29 гадоў і павялічваецца ва ўзроставых групах 30-39 гадоў і 40+. Найбольш ВІЧ-інфіцыраваных у Салігорскім раёне.
На Маладзечаншчыне вірус пераважна выяўлены ў рабочых (38,9%) і асоб без пэўнага занятку (32,6%). У 14,7% захворванне зафіксавана ў месцах пазбаўлення волі. Далей статыстыка выглядае так: 7,4% — людзі, якія займаюцца камерцыйнай дзейнасцю, па 2,1% – служачыя і студэнты, па 1,1% – настаўнікі і пенсіянеры. Сярод дзяцей і моладзі да 20 гадоў ВІЧ-інфекцыя не рэгістравалася.
Штогод на наяўнасць гэтага вірусу ў арганізацыях аховы здароўя раёна добраахвотна даследуюцца ўсяго 5,7% мясцовых жыхароў. Астатнія, магчыма, не лічаць гэту праблему актуальнай для сябе, або займаюць «пазіцыю страуса».
Нагадаем, што даследавацца на ВІЧ можна ў любой арганізацыі аховы здароўя, дзе магчымы забор крыві з вены, не толькі бясплатна, але і ананімна. Інфармацыя будзе знаходзіцца пад спецыяльным кодам. Вынік таксама можна даведацца ананімна.
Пры правядзенні аналізу на ВІЧ здараюцца памылкі. Станоўчы адказ не заўсёды азначае ВІЧ-інфіцыраванасць. Калі ваш аналіз станоўчы, вам прапануюць паўтарыць яго.
Калі дыягназ зноў пацвердзіцца, пацыента пракансультуе ўрач.
Звяртацца па медыцынскую дапамогу трэба абавязкова, бо ад гэтага залежаць якасць і працягласць вашага жыцця. ВІЧ-інфіцыраваным людзям бясплатна праводзіцца вельмі дарагая тэрапія. Пры рэгулярнай меддапамозе хворы можа жыць доўга і даволі паўнацэнна.
Падрыхтавала Ірына РАБУШКА.