Новости Молодечно и Молодечненского района

Турнир по ушу памяти Дмитрия Гвишиани определил лучших

  • 2017-02-01 08:08:56
  • Вячаслаў Табулін

Упершыню ў спаборніцтвах удзельнічалі аматары ўсходніх адзінаборстваў з Краснагорска, Дамадзедава, Васкрасенска і Каломны, якія выступалі ў складзе зборнай Маскоўскай вобласці Расіі, а таксама госці з Літвы — прадстаўнікі адной з прыватных школ ушу Клайпеды.

Як заўсёды, адной з самых прадстаўнічых была дружына Маладзечаншчыны, аснову якой складалі навучэнцы СДЮШАР прафсаюза работнікаў АПК. Гонар нашага раёна абаранялі таксама выхаванцы клубаў «Юны дэсантнік», РВС і Маладзечанскага дзяржаўнага каледжа.

Чытайце пра падзеі турніру 2016 года.

Цяжкасці загартоўваюць
На ўрачыстым адкрыцці спаборніцтваў усіх прысутных вітаў бацька Дзмітрыя Гвішыані Барыс Рыгоравіч. Ён пажадаў спартсменам, іх трэнерам поспехаў і нагадаў, што гэты турнір служыць не толькі фізічнаму, але і патрыятычнаму выхаванню моладзі. Быць моцнымі, смелымі, вынослівымі, умець пераадольваць цяжкасці — гэта значыць, быць надзейнымі абаронцамі Радзімы.

Словы Барыса Рыгоравіча не раз прыгадваў, калі назіраў за паядынкамі з удзелам нашых землякоў. Асабліва ўразіла мужнасць, якую праявіў былы выхаванец СДЮШАР прафсаюза работнікаў АПК Эдуард Пястрак, які працуе цяпер трэнерам-выкладчыкам у сталіцы, але па-ранейшаму выступае за наш раён. У барацьбе з моцнымі сапернікамі за выхад у фінал ён перамог у двух баях, але атрымаў траўму нагі, пашкодзіў руку і трэці бой прайграў. Здавалася, далейшы ўдзел у спаборніцтвах не меў для яго сэнсу. Але яшчэ заставаўся шанс на бронзавы медаль, і Эдуард прыклаў усе сілы, каб скарыстаць яго.

— Так, было цяжка, — перамагаючы боль, але з усмешкай на твары расказаў пасля паядынку Эдуард. — Перад выхадам на татамі я сказаў сабе, што гэты бой павінен абавязкова завяршыць у першым раўндзе накаўтам. Інакш прайграю. Мой план спрацаваў.

Дзесяцікласніца Красненскай СШ Сняжана Ульчыц у фінале сустракалася з віцябчанкай Алінай Баценька. Шансы на перамогу ў абедзвюх спартсменак былі роўныя. Усё вырашаў трэці раўнд. І толькі дзякуючы маральным якасцям, моцнаму жаданню перамагчы выхаванка трэнера Сяргея Панцюхова стала першай.

Яшчэ адна наша зямлячка Аліна Кірыленка, якую трэніруе Андрэй Сідарэвіч, змагалася за «золата» з прадстаўніцай Маскоўскай вобласці Анастасіяй Лявонавай. Гэта быў таксама прыгожы паядынак, дзе ішла менавіта барацьба характараў. Прыемна адзначыць, што і тут мацнейшай была маладзечанка.

Што сказалі госці?
— Мы ўпершыню прымаем удзел у гэтым турніры, — адзначыла ў нашай размове трэнер і кіраўнік расійскай каманды Аляксандра Гайна. – Прыехаць у Маладзечна нам параілі сябры. Яны ўдзельнічалі ў спаборніцтвах у мінулыя гады і адзначалі высокі ўзровень падрыхтоўкі беларускіх спартсменаў. Цяпер мы ў гэтым пераканаліся самі. Нас вельмі ўразіла тое, што нароўні з хлопцамі аднолькава ўпэўнена адчуваюць сябе на татамі дзяўчаты. Можна сказаць, што нам ёсць чаму павучыцца ў вас. Мяркуем і надалей прыязджаць на спаборніцтвы ў Маладзечна. Дарога не такая і далёкая, а карысць ад удзелу ў турнірах і для нас, трэнераў, і для нашых падапечных вялікая.

З дзевятнаццаці расійскіх удзельнікаў дзявяцера сталі прызёрамі. Адзін удзельнік з Літвы Раймандас Зяняўскас заваяваў бронзавы медаль. Вось што расказаў яго трэнер Андрэй Кірыленка:

— Узровень падрыхтоўкі беларускіх спартсменаў дазваляе мне гаварыць аб тым, што ў вашай краіне наогул, і ў Мала-
дзечне ў прыватнасці, папулярнасць усходніх адзінаборстваў сярод моладзі расце. Гэты наш першы візіт у Маладзечна можна назваць азнаямленчым. Але вельмі карысным. Думаю, наступны раз мы прыедзем значна большым складам. Абавязкова ўнясём карэктывы ў падрыхтоўку сваіх спартсменаў. Спадзяёмся, што наступныя іх выступленні на маладзечан-
скай зямлі будуць больш прадукцыйнымі.

Нашы здабыткі
Выхаванцы Маладзечанскай СДЮШАР прафсаюза работнікаў АПК у чарговы раз паказалі, што не збіраліся ўдзельнічаць у турніры ў якасці статыстаў. Нашы хлопцы і дзяўчаты заваявалі 12 залатых медалёў. Гэта калі не лічыць траіх нашых землякоў, якія выступалі за сталічныя клубы і таксама сталі ўладальнікамі самых высокіх узнагарод. Сярод пераможцаў Максім Бліноў, Міхаіл Грамовіч, Аляксандр Пугач, Павел Баранаў, Данііл Завяртаны, Дзяніс Захаранка, Мікіта Ткач, Раман Шумскі, Аніта Самаль і іншыя.    

Выдатна выступілі таксама выхаванцы вядомага ў недалёкім мінулым спартсмена, неаднаразовага пераможцы міжнародных турніраў Вадзіма Роліча. Хаця ён і перайшоў на трэнерскую работу, але па-ранейшаму сам прымае ўдзел у спаборніцтвах. Не было роўных яму і ў гэтым турніры.

Медалі пераможцам і прызёрам уручаў Барыс Рыгоравіч Гвішыані.

Дзмітрый Гвішыані -- курсант агульнавайсковага факультэта Ваеннай акадэміі Рэспублікі Беларусь. 28 жніўня 1999 года ў 22:50 цеплавоз цягніка № 660 Брэст-Мінск, на якім ехалі Дзмітрый і яго аднакурснікі, раптам загарэўся. Гвішыяні стаў тушыць пажар, падчас чаго, з прычыны выбуху акумулятарнай батарэі яго абліло падпаленай саляркай. З моцнымі апёкамі ён быў дастаўлены верталётам у Мінск, у ваенны шпіталь, але ў ноч з 31 жніўня на 1 верасня Дзмітрый памёр.

Фота: Вячеслав ТАБУЛИН.