— Зразумела, дыстанцыі не для навічкоў, — адзначыў перад стартам галоўны суддзя спаборніцтваў Аляксандр Кавалёў. — Але сёлета надвор’е спрыяе ўдзельнікам — тэмпература паветра, можна сказаць, камфортная. Летась, напрыклад, спартсмены-аматары пераадольвалі гэтыя дыстанцыі, калі слупок тэрмометра набліжаўся да адзнакі 40 градусаў вышэй за нуль.
На старт удзельнікі выйшлі ў 7.30. Марафонскай дыстанцыяй абмежаваліся 27 з іх. 16 атлетаў рашыліся на звышмарафон. Надвор’е сапраўды радавала. Лёгкі ветрык і хмары, якія ахоўвалі бегуноў ад прамых сонечных промняў, сапраўды стваралі для іх выдатныя ўмовы. Дарэчы, сярод спартсменаў быў і Аляксандр Мамайка, які ўпершыню рашыўся на марафон. У лістападзе яму споўніцца толькі 19 гадоў, але да спаборніцтваў хлопец рыхтаваўся сур’ёзна. Таму і вынік адпаведны — у сваёй узроставай катэгорыі Аляксандр заняў трэцяе месца. Выдатны пачатак для марафонца-дэбютанта.
Вызначыліся таксама іншыя прадстаўнікі Маладзечанскага клуба аматараў бегу «Рэгіён». Пераможцамі і прызёрамі ў сваіх узроставых групах сталі Васілій Лябецкі, Таццяна Івашанка і Віктар Болсун. Абсалютныя пераможцы ў марафонскім забегу — Іван Лявонаў з Гродзенскай вобласці (2 гадзіны 54 мінуты) і Іна Трубкіна (сталічны клуб «Аматар»), якая фінішавала з вынікам 4 гадзіны 32 мінуты 20 секунд.
Ну, а звышмарафонцы працягвалі свой шлях па бегавой дарожцы гарадскога стадыёна. Бліжэй да фінішу некаторыя пераходзілі на крок, спыняліся на некалькі хвілін, каб папіць вады. У час аднаго з такіх перапынкаў давялося пазнаёміцца з Вольгай Бутрымавай. Маладая жанчына ўпершыню стартавала ў 12-гадзінным бегу.
— Я працую паштальёнам, за дзень мне даводзіцца праходзіць звыш дзесяці кіламетраў, — расказвае Вольга. — Неяк у выхадны захацелася прабегчы гэту дыстанцыю. Атрымалася. Потым вырашыла прыняць удзел у паўмарафоне. Узяла высокі тэмп і недацягнула да фінішу. Зразумела, што трэба трэніравацца. Штодзень выходзіла на бегавую дарожку, і неўзабаве 20-кіламетровая дыстанцыя мне пакарылася. А потым прабегла і некалькі марафонаў. Тым, хто хоча бегаць на доўгія дыстанцыі, раю не спяшацца, а пакрысе ісці да сваёй мэты. Лічу, што кожны ў сваім жыцці павінен пераадолець марафон. Гэта спрыяе не толькі фізічнаму здароўю, але і садзейнічае маральнаму самаўдасканаленню. Пасля такога забегу я, напрыклад, заўсёды адчуваю эйфарыю, прыліў жыццёвай энергіі.
Вольга Бутрымава жыве ў Гродне, але ўжо не першы год выступае на спаборніцтвах за Маладзечанскі клуб «Рэгіён». На фінішы яна ўсміхалася і зусім не адчувала сябе стомленай. За 12 гадзін пераадолела 86 кіламетраў 100 метраў і заваявала тытул абсалютнай чэмпіёнкі сярод жанчын. Пераможцамі і прызёрамі забегу ў сваіх узроставых катэгорыях сталі яе сябры па камандзе з клуба «Рэгіён» Ігар Навіцкі, Святлана Кошалева і Леанід Анацка. Абсалютны вынік у мужчын паказаў Павел Лысенка з Маларыты — 117 км 200 м.
Фота: Вячаслаў ТАБУЛІН