Новости Молодечно и Молодечненского района

Подагра -- болезнь королей

  • 2017-12-13 12:39:14
  • Анжаліка Крупянькова

Як яе распазнаць і лячыць і, самае галоўнае, што трэба рабіць, каб не захварэць – пра ўсё гэта расказала слухачам народнага ўніверсітэта здароўя ўрач-рэўматолаг паліклінікі №1 Ларыса ЯКУТОВІЧ.



Асноўныя ахвяры – мужчыны

Урач нагадала, што падагра вядомая яшчэ з часоў Гіпакрата, які пісаў, што хвароба абыходзіць бокам юнакоў, жанчын дзетароднага ўзросту, а яе асноўныя ахвяры – мужчыны ад 40 гадоў і старэйшыя. Гэта тлумачыцца тым, што мужчыны часцей няправільна харчуюцца: ядуць шмат мяса, тлустай ежы, злоўжываюць алкаголем. У выніку парушаецца абмен рэчываў, што і правакуе ўзнікненне падагры. Пры гэтым захворванні солі мачавой кіслаты крышталізуюцца і адкладваюцца ў суставах, што можа прывесці да іх частковага ці поўнага разбурэння. Часцей крышталікі скопліваюцца ў суставах ніжніх канечнасцей, але могуць распаўсюджвацца і на суставы рук.

Варта насцярожыцца

Хвароба пачынаецца рэзка і востра: вечарам усё было нармальна, а ноччу ці раніцай чалавек адчуў моцны, невыносны  боль, сустаў апухае, у яго вобласці павышаецца тэмпература, скура чырванее. Прыступ доўжыцца ад двух-трох дзён да тыдня, іншы раз і даўжэй. Пры паўторным могуць падключыцца іншыя суставы. Абвастрэнне захворвання назіраецца часцей у халодную пару года.

Што рабіць пры вострым прыступе?

Неабходна забяспечыць суставу спакой, захоўваць пасцельны рэжым. Уцяпляць яго нельга, наадварот, прынясуць палягчэнне прымочкі з халоднай вадой. Боль можна зняць пры дапамозе нестэроідных процізапаленчых прэпаратаў, якія парэкамендуе доктар.
Ларыса Фёдараўна зазначыла, што, як правіла, першыя прыступы здымаюцца даволі хутка. Аднак трэба памятаць, што яны могуць вярнуцца. Таму абавязкова трэба звярнуцца да ўрача, здаць біяхімічны аналіз крыві і праверыць узровень мачавой кіслаты. У норме ён павінен складаць да 360 мкмоль на літр. Пры падагры гэты паказчык 400-600. Людзям старэйшым за 50 гадоў такі аналіз пажадана рабіць раз на год.

Калі не лячыцца
У практыцы ўрача былі выпадкі, калі пасля першых прыступаў пацыент  не звярнуўся да ўрача, ігнараваў лячэнне і дыету, што прывяло да цяжкіх наступстваў. Могуць утварацца падагрычныя тофусы пад скурай у вобласці суставаў, нават у мочках вушэй. Таксама можа развіцца падагрычны артрыт, мочакаменная хвароба, нефрыт, які вядзе да нырачнай недастатковасці. Менавіта з-за запушчанасці падагры і нежадання лячыцца двое гараджан – мужчыны да 50 гадоў – трапілі на гемадыяліз.

Дыета – неабходнае патрабаванне

Першае, з чаго трэба пачынаць лячэнне, гэта дыета. Хворым на падагру трэба абмежаваць ужыванне мясных прадуктаў, поўнасцю адмовіцца ад субпрадуктаў, вэнджаных, каўбасных вырабаў, дзічыны. Зрэдку можна дазволіць сабе мяса, але лепш, каб гэта была ялавічына, а не кураціна ці свініна. Нельга есці мяса маладой жывёлы, у прыватнасці, цяляціну. Не рэкамендуюцца мясныя, рыбныя, грыбныя супы, лепш варыць вегетарыянскія, малочныя. Нельга таксама есці вострыя сыры, рыбныя і мясныя кансервы, бабовыя (фасолю, гарох), шчаўе, шпінат, гарчыцу. З ягад не рэкамендуюцца маліны і брусніцы, з напіткаў – какава, кава і моцны чорны чай. Супрацьпаказаны алкаголь.

Можна пры гэтай хваробе ўжываць малочныя прадукты, яйкі (не ў вялікай колькасці), нятлустую рыбу, хлеб, садавіну і агародніну, зеляніну, сметанковае масла, алей. Неабходна піць ваду ў дастатковай колькасці, асабліва пры павышаным узроўні мачавой кіслаты. Карысныя кампоты з сухафруктаў, ягад, шчолачная мінеральная вада.

Акрамя таго, вельмі важная і рухальная актыўнасць (зразумела, не ў стадыі абвастрэння хваробы). Кожны дзень трэба не менш чым паўгадзіны прысвячаць фізкультуры: хадзіць пешшу, катацца на веласіпедзе, плаваць, рабіць зарадку раніцай.

Нагадаем, што сустрэчы з медыкамі, прадстаўнікамі іншых устаноў у  рамках народнага ўніверсітэта здароўя праходзяць кожны апошні аўторак месяца ў раённым тэрытарыяльным цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва па вул. Таўлая, 4.

Фота: Аляксей ПЛАТКО.