Новости Молодечно и Молодечненского района

Першая дапамога -- не пакідаць чалавека аднаго

  • 2017-09-11 12:34:19
  • Аляксандр Лазоўскі



Праблему самазабойства даследуюць і вырашаюць не толькі медыкі, але і сацыёлагі, псіхолагі, юрысты. Не абыходзяць яе пісьменнікі, філосафы, прадстаўнікі духавенства. Нягледзячы на такую ўвагу, тэма суіцыду да гэтага часу ахутана шэрагам памылак і міфаў.

Да прыкладу, працягвае медык, ёсць меркаванне, што нават само абмеркаванне тэмы небяспечна, бо можа пад-
штурхнуць некага да небяспечнай рысы. На самай справе для тых, хто думае здзейсніць пагібельны ўчынак, магчымасць пагаварыць пра гэта можа прынесці толькі палёгку.

Існуе меркаванне, што самазабойства ўчыняюць толькі псіхічна хворыя людзі. На самай справе, як сведчыць статыстыка, больш за 60% з тых, хто здзейсніў суіцыд, ніколі не звярталіся да псіхіятра. З іншага боку, у 60% выпадкаў суіцыду (аб гэтым сведчаць перадсмяротныя запіскі) папярэднічае стан прыгнечанасці і дэпрэсіі.
Спадчынны фактар, сцвярджае ўрач-псіхатэрапеўт, таксама не ўплывае на схільнасць да суіцыду. Крызісны стан можа развіцца ў любога чалавека пры пэўным збегу абставін. Людзі па-рознаму рэагуюць на стрэсавыя сітуацыі, а пускавыя фактары, тая самая апошняя кропля ў шэрагу непрыемнасцей, могуць падацца зусім нязначнымі. Да фатальнага ўчынку могуць падштурхнуць алкаголь і наркотыкі, якія нярэдка ўжываюцца для «зняцця» стрэсу.
Калі дэпрэсіўны стан – прыгнечаны настрой, страта былых інтарэсаў, пачуццё віны і безнадзейнасці, бяссонніца, зніжэнне апетыту – працягваецца больш за два тыдні, варта звярнуцца да спецыяліста-медыка, які вызначыць дыягназ і прызначыць правільнае лячэнне.

Першая дапамога ў крызіснай сітуацыі – не пакідаць чалавека аднаго. У прамым і пераносным сэнсе. Неабавязкова стрымгалоў кідацца на пошук спецыяліста, часам бывае дастаткова ўважліва выслухаць субяседніка, не асуджаць яго і не маралізаваць, асцярожна прапанаваць больш канструктыўныя варыянты вырашэння праблемы.
Можна таксама пазваніць па тэлефоне даверу, і вопытны псіхолаг-кансультант дапаможа ацаніць сітуацыю з рацыянальнага пункту гледжання.

Але самае галоўнае, раіць урач-псіхатэрапеўт Алена Малашка, быць уважлівым адзін да аднаго, берагчы сябе і блізкіх людзей.