Новости Молодечно и Молодечненского района

Ольга Грибович из Молодечно повторила свой успех на соревнованиях по конному спорту в России

  • 2019-10-17 06:32:33
  • Анжаліка Крупянькова

— Наша Оля ўнікальная дзяўчына. Акрамя яе ніхто ў Беларусі не займаецца конным спортам па паралімпійскай праграме. Уяўляеце, яна адзіная на ўсю краіну! – з гордасцю гаворыць Алена Вячаславаўна.

Яна расказвае, што чатыры гады таму Оля прыехала на племканяферму, каб здзейсніць сваю мару – пакатацца вярхом на коніках, і больш не змагла з імі расстацца. У дзяўчынкі адсутнічае кісць правай рукі, аднак гэта не перашкодзіла ёй хутка асвоіцца ў сядле, спасцігнуць тонкасці верхавой язды. Сілы духу і ўпартасці ёй не пазычаць. Яна жыве ў Маладзечне, кожны дзень пасля ўрокаў у гімназіі-каледжы мастацтваў спяшаецца ў Палачаны, каб удасканальваць сваё майстэрства. У гэтым захапленні яе падтрымліваюць мама Наталля і, безумоўна, інструктар, з якой склаліся сяброўскія і даверлівыя адносіны. Дзяўчына заўсёды гатова ёй дапамагчы, вельмі любіць коней, і яны гэта адчуваюць, адказваюць ёй тым жа.

Другі год запар Оля прымае ўдзел у міжнародным фестывалі для дзяцей з абмежаванымі магчымасцямі «Залатая восень», які ў 14-ы раз праходзіў у падмаскоўным горадзе Кацельнікі на базе спецыялізаванай школы алімпійскага рэзерву «Белка». На яго з’ехаліся 326 спартсменаў з усіх рэгіёнаў Расіі. Маладзечанка была адзінай прадстаўніцай Беларусі. Яна заняла другое месца ў самай складанай праграме Аі паралімпіяды для людзей з фізічнымі недахопамі.
Заўважым, што Оля выконвала праграму на кані са школы «Белка». За вельмі кароткі час (спаборніцтвы доўжыліся адзін дзень) змагла прыстасавацца да нораву незнаёмца. І гэта таксама талент – адчуць жывёлу, увайсці да яе ў давер. А без яго нічога не атрымаецца: наезнік і конь у час спаборніцтваў – адно цэлае.

— Оля на ўсіх конях сябе цудоўна адчувае, — дзеліцца Алена Белавус.

Інструктар расказвае, што ў Беларусі Вольга паспяхова выступае разам са звычайнымі спартсменамі, летам удзельнічала ў рэспубліканскіх спаборніцтвах. Перспектыўнай спартсменкай зацікавілася Беларуская федэрацыя коннага спорту, поўнасцю аплаціла расходы, звязаныя з удзелам у «Залатой восені». Юная спартсменка і інструктар удзячныя таксама за падтрымку калектыву сельгаспрадпрыемства «Палачаны», выконваючай абавязкі дырэктара Алене Халматавай.

На «Залатой восені» беларускі пазнаёміліся з абсалютнай чэмпіёнкай Расіі па паралімпійскай выездцы Наталляй Жаваранкавай. У яе таксама адсутнічае кісць адной рукі. Яна павіншавала Вольгу з перамогай, сфатаграфавалася з ёю, пакінула свае кантакты і выказала гатоўнасць дапамагчы развівацца далей. Гэта вельмі важна: ведаць шматлікія нюансы, разумець, у якім кірунку трэба рухацца.

На памяць пра спаборніцтвы ў юнай наезніцы застануцца дыплом, кубак. А таксама фота з вядомым расійскім акцёрам Дзмітрыем Пяўцовым. Ён быў ганаровым госцем фестывалю. Прызнаўся, што з-за занятасці збіраўся пабыць толькі на адкрыцці, аднак яго настолькі ўразіла неардынарнасць спартсменаў, іх майстэрства верхавой язды, што ён адклаў усе справы і застаўся на цэлы дзень. І быў вельмі рады ўручыць узнагароды пераможцам, сярод якіх і наша Оля.

Фота: архіў Алены БЕЛАВУС.