Новости Молодечно и Молодечненского района

«Наш фельчар светлы чалавек, і завуць яе Святлана…»

  • 2021-06-18 09:07:33
  • Анжаліка Крупянькова

Сёлета спаўняецца 30 гадоў як Святлана Васільеўна тут працуе. У 2007 годзе яна была прызнана лепшай сярод сярэдніх медыцынскіх работнікаў раёна, займала прызавыя месцы ў раёне і вобласці ў конкурсах прафесійнага майстэрства. І ўсё ж галоўны вынік яе працы – удзячнасць і павага землякоў, для якіх яна і хуткая дапамога, і сямейны доктар…

«Я тут свая»

Лячыць землякоў – двайная адказнасць, лічыць Святлана Васільеўна. На прыёме – Марына Юкевіч.

— З дзяцінства марыла лячыць людзей. Можа, таму што тата цяжка хварэў, а я пастаянна падносіла яму таблеткі, — разважае Святлана Васільеўна.

Родам яна з вёскі Загорскае. Пасля заканчэння Выверскай школы паступіла ў Мінскае медвучылішча №1, размеркавалася ў свой раён. Выверскі ФАП яе першае і адзінае месца работы. Дзесяць гадоў таму ён пераехаў у адрамантаваны будынак пад адным дахам з базавай школай. Тут больш прасторна, сучасная мэбля. Акрамя кабінета для прыёму пацыентаў прадугледжаны кабінеты для агляду і працэдурны, аптэчны кіёск. Дапамагае фельчару санітарка Алеся Куецкая. Сёння ў зоне абслугоўвання ФАПа восем вёсак, самыя буйныя сярод іх Выверы, Крыніца, Раеўшчына, Селівонаўка. На ўчастку ФАПа жыве 1218 чалавек, колькасць жыхароў расце – маладыя сем’і будуюцца ў прыгарадзе.

— Лячыць людзей — вялікая адказнасць, а землякоў – двайная, — гаворыць фельчар. – За 30 гадоў выраслі новыя пакаленні.

Прыходзяць з дзеткамі мамы на прыём, а я іх такімі ж немаўляткамі памятаю… На жаль, сучасныя маладыя сем’і не спяшаюцца дзяцей нараджаць. Цяпер на ўчастку ўсяго дзявяцера малышоў да года, да 18-ці — 156.

Па суседстве з ФАПам Выверскі вучэбна-педагагічны комплекс дзіцячы сад – базавая школа. Можна сказаць, што ўсе вучні і дашкаляты пад наглядам фельчара. Стала некаму дрэнна, паднялася тэмпература – настаўнікі адразу вядуць на ФАП. Ды і педагогі часта звяртаюцца па дапамогу.

— Саша, як сябе адчуваеш? – пытаецца фельчар у шасцігадовай Аляксандры Грыб, будучай першакласніцы.

«Мы з мужам вакцыніраваліся»

Вось і ў дзень нашага візіту прыйшла памераць артэрыяльны ціск Марына Юкевіч, намеснік дырэктара школы па вучэбна-выхаваўчай рабоце.

— Святлана Васільеўна і прафесіянал выдатны, і чалавек з вялікім сэрцам. Яна вельмі чулая, добрая, заўсёды дасць кваліфікаваную параду. Ведаеце, калі я захварэла на каранавірус, яна без рэнтгена вызначыла пнеўманію і своечасова назначыла неабходнае лячэнне. І не я адна такая, – дзеліцца Марына Анатольеўна.

Загадчыца Выверскага ФАПа Святлана Нодзія.

Поўнасцю матэрыял чытайце ў суботнім нумары «Маладзечанскай газеты» за 19.06.2021

Анжаліка КРУПЯНЬКОВА.
Фота: Аляксей ПЛАТКО.