Значнасць гэтых спаборніцтваў для кожнага ўдзельніка цяжка пераацаніць. Па-першае, яны праводзяцца на фінішы года і яскрава дэманструюць спартыўны рост пачынаючага спартсмена, той байцоўскі патэнцыял, які быў набыты на працягу мінулых месяцаў. Па-другое, турнір традыцыйна праходзіць у Маладзечне, і паказаць сваім блізкім, землякам тое, на што здольны, заваяваць медаль — справа гонару. Гэтаму спрыялі і высокі ўзровень турніру, і памяць пра таленавітага трэнера, якога, на жаль, ужо няма побач з намі. Многія ўдзельнікі гэтых спаборніцтваў і іх настаўнікі рабілі першыя крокі менавіта пад пільнай увагай Міхаіла Андрэевіча.
Прыемна было бачыць у складзе членаў судзейскай калегіі былую выхаванку спартыўнай школы, а сёння выпускніцу Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта фізічнай культуры Юлію Загорскую. Яна вярнулася працаваць у родны горад і нават паспела за некалькі месяцаў падрыхтаваць да гэтых спаборніцтваў сваю вучаніцу Ганну Майзус. Дзяўчынка толькі пачынае рабіць першыя крокі ў спорце і таму хвалявалася перад выхадам на рынг. Зразумела, пачынаючы трэнер хвалявалася не менш. Але Ганна не падвяла. Яна ўпэўнена перамагла сваіх саперніц і заняла першае месца.
Парадаваў свайго трэнера Сяргея Панцюхова і Максім Бубен. Ён таксама пачаў наведваць аддзяленне ўсходніх адзінаборстваў спартыўнай школы зусім нядаўна — з мая мінулага года. Раней займаўся фехтаваннем, але асаблівага задавальнення ад заняткаў не адчуваў. А выйшаў на рынг і зразумеў, што тайландскі бокс — гэта яго від спорту. Першага поспеху дабіўся летась на рэспубліканскім першынстве, дзе быў трэцім. А ў гэтым турніры не прайграў ніводнага паядынку і падняўся на верхнюю прыступку п’едэстала гонару.
Упэўнена ішла да фіналу і Ясенія Ксяндзова. 13-гадовая выхаванка спартыўнай школы, нягледзячы на свой юны ўзрост, лічыць сябе вопытнай спартсменкай. Яна з тых, каму пашчасціла трэніравацца ў Міхаіла Андрэевіча. А яго вучні адразу выдзяляюцца на рынгу. І перш за ўсё тым, што ніколі не вядуць бой другім нумарам. Звычайна з першых секунд паядынку імкнуцца завалодаць ініцыятывай над сапернікам і не ўпускаюць яе да пераможнага гонга. Нягледзячы на тое, што Ясеніі давялося выступаць у больш важкай вагавой катэгорыі, яна не разгубілася, а ў фінале перамагла нават вопытную прадстаўніцу вядомага сталічнага клуба «Апачы».
Мацнейшымі ў сваіх узроставых і вагавых катэгорыях былі таксама маладзечанцы Аляксей Цагалка, Мікіта Юцко, Данііл Дземідзенка, До В’ет Зунг, Верані-ка Валасач, Максім Зелень, Ілья Вашынка, Адам Бекінг.
Сярэбранымі і бронзавымі прызёрамі турніру сталі Станіслаў Талалуеў, Ян Ерасценка і Вікторыя Мандрык.
У камандным заліку прадстаўнікі Маладзечанскай СДЮШАР прафсаюза работнікаў АПК занялі першае месца. На другім і трэцім — адпаведна каманды з Мінска «СДЮШАР «Спартак» і «Апачы».
Дарэчы, гэты турнір сабраў каля 200 удзельнікаў з Беларусі і Літвы. Хацелася б адзначыць і паспяховае выступленне выхаванцаў маладога маладзечанскага трэнера, у нядаўнім мінулым пераможцу і прызёра сусветных і еўрапейскіх турніраў Вадзіма Роліча. Нягледзячы на тое, што Вадзім шмат увагі надае падрыхтоўцы спартсменаў, ён па-ранейшаму прымае актыўны ўдзел у рэспубліканскіх і міжнародных спаборніцтвах.
А каманду СДЮШАР прафсаюза работнікаў АПК рыхтавалі да спаборніцтваў трэнеры школы Аляксандр і Сяргей Панцюховы, Аляксей Чаркас, Андрэй Сідарэвіч, Яўгеній Паддубіцкі, Андрэй Камандзіга.
Пасля кароткатэрміновага адпачынку маладзечанцы прыступілі да трэніровак. Яны рыхтуюцца прыняць удзел у турніры па ушу памяці Д. Гвішыані.
Даведка.
Міхаіл Панцюхоў стаяў ля вытокаў развіцця ўсходніх адзінаборстваў на Маладзечаншчыне. Першыя групы ў дзіцяча-юнацкай спартыўнай школе былі адкрытыя па яго ініцыятыве ў Красным, дзе літаральна за некалькі гадоў было падрыхтавана 20 чэмпіёнаў і пераможцаў рэспубліканскіх першынстваў, а таксама пераможцаў і прызёраў міжнародных турніраў па кікбоксінгу, тайландскім боксе і ушу. Дзякуючы яго трэнерскім здольнасцям маладзечанцы заваявалі на турні-рах рознага ўзроўню сотні медалёў самай высокай пробы, выйгралі больш за 30 камандных чэмпіянатаў і першынстваў Беларусі. М. Панцюхоў быў адным з заснавальнікаў Рэспубліканскай федэрацыі кікбоксінга, аўтарам «Канцэпцыі развіцця тайландскага бокса ў Беларусі».
Фота: Вячаслаў ТАБУЛІН.