Новости Молодечно и Молодечненского района

Меланома -- проблема века

  • 2018-06-25 04:31:51
  • Отдел информации.


Меланома — самае цяжкае і каварнае анкалагічнае захворванне скуры, якое складае каля 4 працэнтаў ад агульнай колькасці злаякасных новаўтварэнняў. У жанчын яна развіваецца пераважна на ніжніх канечнасцях (галёнках), у мужчын – на тулаве (часцей на спіне), у асоб старэйшых за 65 гадоў найбольш лакалізуецца на скуры твару.

Захворванне выклікаюць мноства фактараў. Зыходзячы з іх вылучаюць групы рызыкі: асобы, якія па родзе сваёй прафесійнай дзейнасці шмат часу знаходзяцца пад уздзеяннем УФ-радыяцыі; людзі, якія пастаянна кантактуюць з рознымі хімічнымі канцэрагенамі, іанізуючай радыяцыяй і электрамагнітным выпраменьваннем; асобы са слабай пігментацыяй арганізма (белая скура, вяснушкі, рыжыя ці светла-русыя валасы, блакітныя вочы); хто мае розныя імунныя парушэнні, а таксама людзі ў перыяд палавога станаўлення, цяжарнасці, клімактэрычнай перабудовы ў арганізме, хто прымае гарманальныя прэпараты; асобы, у якіх пігментныя невусы падвяргаюцца механічнай траўматызацыі; людзі са «спадчынным» невусным сіндромам ці якія маюць пігментныя невусы скуры памерам 1,5 сантыметра і больш чорнага і цёмна-карычневага колеру.

Меланому можна вылечыць на ранніх стадыях, таму неабходна больш уважліва ставіцца да сябе і не прапусціць першых «сігналаў трывогі», якія сведчаць аб магчымым злаякасным характары ўтварэння на скуры. Найбольш важная трывожная прыкмета – любая змена памеру, формы або колеру радзімага знака. Неабходна звярнуцца да ўрача, калі вы заўважылі асіметрыю радзімкі, няроўнасць бакоў, змяненне пігментацыі, калі яе дыяметр большы за 6 міліметраў.

Да прыкмет меланомы ў існуючай радзімцы адносяцца яе патаўшчэнне або павышэнне плоскага радзімага знака, лушчэнне, выдзяленні, крывацёк або ўтварэнне скарыначак, пачырваненне скуры вакол радзімкі, сверб або смыленне. Познімі прыкметамі захворвання лічацца трэшчына ў скуры або крывацёк з радзімкі, боль у ёй або скурным паражэнні.

Прафілактычнае выдаленне ўсіх радзімак неапраўданае, бо радзімыя знакі сустракаюцца вельмі часта, а меланомы развіваюцца рэдка. Але калі вы выявілі пералічаныя прыкметы, абавязкова звярніцеся да ўрача-анколага. Пажадана пракансультавацца ў яго, калі невусы размяшчаюцца ў месцах, што пастаянна траўміруюцца ад кантакту з адзеннем, ці знаходзяцца на валасістай частцы галавы, падбародка, шыі, у пахвіне, на спіне ў жанчын, у складках скуры, на падэшвах ступняў, далонях і пазногцях.

Выкананне нескладаных правілаў дапаможа зменшыць рызыку развіцця меланомы. Трэба пазбягаць уздзеяння УФ-выпраменьвання – пажадана не быць на сонцы з 10.00 да 16.00; на вуліцы насіць капялюш, які зацяняе твар, кашулю з доўгімі рукавамі і доўгія штаны; штодня выкарыстоўваць сонцаахоўныя сродкі з SPF не меншым за 15; пазбягаць сонечных ваннаў і штучнага загару. Неабходна штомесяц правяраць сваю скуру на наяўнасць незвычайных плям, радзімак або язваў, якія не гояцца, надаваць асаблівую ўвагу ўчасткам, на якія найбольш уздзейнічае сонца — далоні, рукі і спіна.

Трэба памятаць: бяскрыўдных меланом не бывае. Гэта адна з самых злаякасных пухлін. І чым раней яна будзе выяўлена — тым больш шанцаў яе вылечыць.