Новости Молодечно и Молодечненского района

Маладзечна – горад гарадкоў

  • 2018-11-29 12:02:14
  • Анжаліка Крупянькова

Магчыма, да гэтай сустрэчы некаторыя дзеці нічога не ведалі пра гарадкі. А між тым гэта старадаўняя славянская гульня, упамінанне пра якую можна знайсці ў казках, легендах. Ёю захапляліся такія вядомыя асобы як Пётр І, Аляксандр Сувораў, Ілья Рэпін, Фёдар Шаляпін.

Многія знакамітыя спартсмены-гарадошнікі жывуць у нашым горадзе, трэніруюцца на базе ДЮСШ прафсаюзаў «Маладосць». У 1976 годзе ў Маладзечне быў пабудаваны гарадошны стадыён. Наш раён славіцца цэлымі дынастыямі знакамітых спартсменаў, якія абаранялі гонар краіны на спаборніцтвах еўрапейскага і сусветнага ўзроўню.

Чым жа прыцягальныя гарадкі? Пра гэта расказалі неаднаразовы чэмпіён свету і Еўропы, трэнер Аляксандр Кулак і яго выхаванка, чэмпіёнка свету і Еўропы Аляксандра Шаўроўская.

-- Гарадкі вельмі захапляльная гульня, якая патрабуе сілы і лоўкасці, меткасці і вытрымкі, -- расказваюць спартсмены і адзначаюць, што яе папулярнасць тлумачыцца таксама даступнасцю для людзей самага рознага ўзросту.

Аляксандра, напрыклад, прыйшла ў гэты спорт у трынаццаць з паловай гадоў услед за сваёй цёцяй. Успамінае, што праз тры месяцы трэніровак  ў складзе зборнай Беларусі яе ўзялі на чэмпіянат Еўропы, у якім наша каманда заняла трэцяе месца. Гэта стала вялікім стымулам для далейшых заняткаў спортам. Сярод самых значных сваіх перамог Аляксандра называе серабро ў чэмпіянаце свету сярод жанчын у 2011 годзе і золата ў чэмпіянаце Еўропы, які адбыўся ў гэтым жа годзе. Сёлета спартсменка адзначае своеасаблівы юбілей -- роўна дзесяць гадоў яна займаецца гарадкамі. Гэты год адметны для яе і тым, што атрымала званне майстра спорту. З мінулага года яна з’яўляецца трэнерам ДЮСШ прафсаюзаў «Маладосць», працуе разам з вопытнымі калегамі Аляксандрам Кулаком і Аляксандрам Філістовічам. Да гэтага пасля заканчэння аддзялення дэкарытыўна-прыкладнога мастацтва  музычнага каледжа была мастаком-афарміцелем у цэнтральнай раённай бібліятэцы. У наступным годзе яна заканчвае Белдзяржуніверсітэт, будзе дыпламаваным менеджарам у турызме і выкладчыкам фізічнай культуры.

Дзеці цікавіліся правіламі гульні ў гарадкі, пыталіся, як праходзяць спаборніцтвы. Удзельнікі сустрэчы сфатаграфаваліся са спартсменамі, прымералі іх медалі, патрымалі ў руках кубкі. Не выключана, што ў хлопчыкаў і дзяўчынак з’явіласяжаданне паспрабаваць згуляць у гарадкі. Магчыма, нехта з іх захопіцца гэтым відам спорту, якім славіцца наш горад.

Фота: архіў БІБЛІЯТЭКІ-ФІЛІЯЛА №1.