Упэўнена ішоў да сваёй мэты і галоўны сапернік маладзечанцаў — ХК «Юнацтва». У мінчан таксама ніводнага паражэння. Пасля перамогі ў мінулы чацвер над тым жа «Шахцёрам» сталічныя хакеісты набіраюць аднолькавую колькасць ачкоў з «зубрамі» і таксама прабіваюцца ў паўфінал. У Маладзечне ў заключным матчы стартавага этапу мацнейшыя дружыны высвятлялі, хто з іх фінішуе на першым радку турнірнай табліцы ў групе.
Цікава, што да гэтага прынцыповага паядынку каманды падышлі з аднолькавай колькасцю закінутых шайб — па 23. Праўда, прапусцілі «дынамаўцы» на дзве шайбы менш, чым мінчане (6 супраць 8). Затое калі ўсе пяць перамог «Юнацтва» здабыло ў асноўны час, то «зубрам» давялося за адну са сваіх перамог змагацца ў авертайме. Словам, на лёд выходзілі роўныя сапернікі, і сустрэча чакалася захапляльнай. Па-сутнасці, так і было. Балельшчыкі, якіх сабралася на трыбунах у мінулую суботу рэкордная колькасць, атрымалі ад гульні абедзвюх каманд сапраўдную асалоду. А канкрэтна «зубрам» падтрымка землякоў была вельмі дарэчы. Не ўсё атрымлівалася ў іх на лёдзе. Асабліва з пачатку матча. Гаспадары хаця і валодалі працяглы час тэрытарыяльнай перавагай, вароты мінчан заставаліся «сухімі». Бліжэй да сярэдзіны першага перыяду ініцыятыву перахапілі госці, і галкіперу маладзечанцаў Міхаілу Карнавухаву давялося шмат папрацаваць, каб абараніць свае вароты. Тым не менш, дзве шайбы ён прапусціў.
Другі перыяд «дынамаўцы» зноў пачалі актыўна. Былі моманты, калі здавалася, што шайба абавязкова павінна трапіць у вароты «Юнацтва». Асабліва калі побач з галкіперам гасцей Міхаілам Шыбанавым аказваўся нехта з нашых гульцоў сам-насам. Як мінімум, дзве стопрацэнтныя магчымасці скараціць адставанне і нават аднавіць раўнавагу «зубры» мелі. Але ў адным выпадку надзейна згуляў галкіпер, у другім шайба праляцела побач са штангай.
І ўсё ж балельшчыкі дачакаліся шчаслівага моманту. За шэсць з паловай хвілін да канца другога перыяду Андрэй Бялевіч своечасова аказваецца пасля ўкідвання шайбы ля варот саперніка і скарачае лік — 1:2.
Аднавілі раўнавагу гаспадары ўжо на першых хвілінах заключнага перыяду — 2:2. Вызначыўся Руслан Журня. На дасягнутым маладзечанцы не спыніліся і працягвалі наступленне на вароты гасцей. Тыя адказвалі вострымі контратакамі. Гульня набыла другое дыханне. Балельшчыкі сталі сведкамі прыгожай барацьбы моцных сапернікаў. Хакеісты дэманстравалі на лёдзе выдатнае майстэрства, волю да перамогі, яшчэ раз даказваючы, што гэта лепшыя каманды і для іх матч сапраўды мае прынцыповы характар.
Асноўны час завяршыўся ўнічыю. Не высветліў пераможцу і авертайм. І толькі ў серыі пасляматчавых штрафных кідкоў (булітаў) фартуна была на баку «зуброў». Перамогу нашай камандзе прынёс дакладны кідок Яўгенія Кунцэвіча.
На пасляматчавай прэс-канферэнцыі галоўны трэнер «Дынама-Маладзечна» Дзмітрый Краўчанка павіншаваў сваіх падапечных з перамогай.
— Хачу павіншаваць таксама і балельшчыкаў, — сказаў Д. Краўчанка. — Іх падтрымка была вельмі патрэбная для нас, і каманда яе адчувала. Я добра разумею, што «Юнацтва» — брэндавая каманда. І каб сёння на пляцоўцы былі гульцы саперніка, якія цяпер траўміраваныя, гульня склалася б для нас значна больш складана. Але гэта спорт. Мы стараліся максімальна выкладвацца. Хаця і ўступалі па ходзе матча, але праявілі характар — удзячны хлопцам за гэта. Мне здаецца, гульня была роўнай. Каб была магчымая нічыя, то гэта быў бы справядлівы вынік. Але перамозе, канечне, рады.
Па выніках групавога этапу гулец «Дынама-Маладзечна» Сяргей Станкевіч заняў першае месца ў спісе лепшых бамбардзіраў Кубка Беларусі сярод абаронцаў. На яго рахунку 6 ачкоў. Таксама ў дзясятку лепшых абаронцаў трапілі яшчэ двое прадстаўнікоў нашай каманды: Аляксандр Таболін і Ягор Кудзін, у якіх па 3 ачкі.
Нагадаем: у паўфінале Кубка маладзечанскія «зубры» сустракаюцца з «Гомелем». Сапернікамі сталічнага «Юнацтва» будуць хакеісты гродзенскага «Нёмана».
Фота: Вячаслаў ТАБУЛІН.