Новости Молодечно и Молодечненского района

Лучшую медсестру области выбирали в Молодечно

  • 2018-03-30 11:19:35
  • Анжаліка Крупянькова

І, безумоўна, творчы падыход да кожнага выхаду на сцэну: удзельніцы запрашалі на «Поле цудаў», разыгрывалі міні-спектаклі, чыталі свае вершы, здзіўлялі і радавалі гледачоў і журы, якое ўзначаліў старшыня Мінскай абласной арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў аховы здароўя Аляксандр Шамаль. У прывітальным слове ён адзначыў, што па даных Сусветнай арганізацыі аховы здароўя Беларусь займае чацвёртае месца ў свеце па даступнасці і якасці медыцынскага абслугоўвання. «Гэта не проста лічбы, гэта ваша самаадданая праца, якая прывяла да такіх выдатных вынікаў», — звярнуўся да фіналістак прафсаюзны лідар. Дарэчы, тры ўдзельніцы конкурсу з Маладзечанскай, Вілейскай і Валожынскай ЦРБ – выпускніцы нашага каледжа.

Фіналу папярэднічаў адборачны тур. Па яго выніках і былі адабраны восем фіналістак. На заключным этапе яны спаборнічалі ў чатырох іспытах. У «Візітнай картцы» расказвалі пра сябе, свой шлях у прафесію. У многіх канкурсантак выступленні суправаджаліся відэафільмамі з месца работы, некаторыя выходзілі на сцэну разам з групай падтрымкі – сваімі калегамі. Усе фіналісткі прызналіся, што вельмі любяць сваю прафесію, іх выбар не быў выпадковым. Аб гэтым сведчылі іспыты па ацэнцы тэарэтычных і прафесійных навыкаў, у час якіх канкурсанткі прама на сцэне вырашалі сітуацыйныя задачы, а ўлік памылак праводзіла экспертная група выкладчыкаў медкаледжа.

Апошні акорд – дамашняе заданне «Культура здароўя»: прапаганда здаровага ладу жыцця ў крэатыўнай форме. Выступленні былі яркімі і творчымі, канкурсанткам дапамаглі калегі, групы падтрымкі ў зале. Найбольшую суму балаў набрала старшая медсястра кардыялагічнага аддзялення Мінскай абласной клінічнай бальніцы Вольга Мухіна, якая і будзе прадстаўляць Міншчыну на рэспубліцы. Другое месца заняла маладзечанка Святлана Мячай, старшая медсястра гінекалагічнага аддзялення Маладзечанскага радзільнага дома. У гэтай лячэбнай установе яна працуе 15 гадоў, доўгі час была акушэркай радзільнага аддзялення. У конкурсе Святлана прымала ўдзел упершыню. Адметна, што ў час адбору ў тэарэтычным туры яна набрала 97 балаў з 100, што сведчыць аб выдатным веданні сваёй справы. Калегі дапамаглі ёй зняць відэафільм, падрыхтаваць візітку і дамашняе заданне. Разам са Святланай выходзілі на сцэну ўрач-гінеколаг Вера Шалаева, медсястра Наталля Паляковіч, акушэркі Вольга Хомчанка, Кацярына Васілеўская, фельчар хуткай дапамогі Аляксандр Кароль. У крэатыўнай форме яны абыгралі актуальную тэму кантрацэпцыі.

Старшая медсястра гінекалагічнага аддзялення раддома Святлана Мячай заняла другое месца ў абласным конкурсе «Беларускі майстар-2018» па спецыяльнасці «Медыцынская сястра».



Трэцяе месца заваявала Кацярына Вячэрская з Барысаўскай цэнтральнай раённай бальніцы. Усе пераможцы атрымалі дыпломы, грашовыя прызы. Прыемна, што і для іншых пяці ўдзельніц былі прадугледжаны намінацыі, без увагі і апладысментаў не засталася ніводная з медсясцёр.

— Такія конкурсы дазваляюць убачыць нашых калег з іншага боку, пераканацца ў тым, што яны не толькі прафесіяналы высокага класа, але і вельмі творчыя, артыстычныя людзі, — дзеліцца ўражаннямі галоўная медыцынская сястра цэнтральнай раённай бальніцы Наталля Івашкевіч. У сістэме ЦРБ працуе каля паўтары тысячы спецыялістаў з сярэдняй спецыяльнай медыцынскай адукацыяй, пераважная большасць – выпускнікі Маладзечанскага медкаледжа. Яны штогод удзельнічаюць у конкурсах прафесійнага майстэрства і паказваюць высокія вынікі.

Фота: Аляксей ПЛАТКО.