— У злёце прымаюць удзел каманды цэнтральных апаратаў міністэрстваў і іншых органаў дзяржаўнага кіравання, — паведаміў галоўны суддзя Віталій Модэль. — У пятніцу быў заезд. Пасля таго як усе ўладкаваліся, сабралі заяўкі, дзе былі прадстаўлены спісы ўдзельнікаў. Потым правялі пасяджэнне галоўнай судзейскай калегіі з кіраўнікамі каманд, растлумачылі ўмовы і правілы правядзення спаборніцтваў. Нагадалі і аб тэхніцы бяспекі.
Завяршаўся дзень конкурсам прадстаўлення каманд. Турысты Дзяржаўнай інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь і тут былі лепшымі сярод удзельнікаў другой групы. А ў першай пераможцамі сталі прадстаўнікі Міністэрства працы і сацыяльнай абароны краіны.
Суботняя праграма была самай насычанай. Дзень пачынаўся з урачыстага адкрыцця злёту. Затым удзельнікі спаборнічалі ў спартыўным арыентаванні і тэхніцы воднага турызму. Найлепшыя вынікі паказалі каманды канцэрна «Белнафтахім», Нацыянальнага банка і Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю. Дарэчы, гэты калектыў у сваёй групе быў мацнейшым у двух відах.
У канцы дня зноў удзельнікаў злёту сабрала сцэна. Тут праходзіў конкурс турыстычнай і патрыятычнай песні. Вышэйшымі баламі судзейская калегія адзначыла выступленні спевакоў Нацыянальнага банка і Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю.
Надышоў заключны дзень, нядзеля. Роўна ў 9.00 усе каманды выстраіліся на цэнтральнай пляцоўцы, а потым пачалі знаёмства з паласой перашкод, якую яны павінны былі пераадолець у час спаборніцтваў па тэхніцы пешаходнага турызму. Праз некалькі хвілін першая каманда запрашаецца на старт. Яшчэ хвіліна — і секундамер пачаў адлічваць час. Вось менавіта тут, на паласе перашкод, і праявіўся камандны дух удзельнікаў. Яны падтрымлівалі адзін аднаго слушнымі парадамі, дапамагалі, калі нехта трапляў у складаную сітуацыю. Таму і пераадольвалі перашкоды адну за адной хутчэй тыя, хто клапаціўся не толькі аб сваім індывідуальным выніку, але і ўсёй каманды.
— Для ўдзельнікаў злёту мы падрыхтавалі даволі складаную трасу, — расказаў пасля спаборніцтваў суддзя Віктар Долгій. — Канечне, лепш і хутчэй за іншых пераадольвалі яе больш вопытныя турысты, тыя, хто не першы год прымае ўдзел у злёце. Але вельмі спадабаліся і навічкі, сярод якіх прадстаўнікі Міністэрства культуры. Магчыма, не ўсё ў іх атрымлівалася добра. Але яны вельмі стараліся, праявілі характар і, спадзяюся, у наступным годзе будуць сярод лідараў.
Перамаглі ў гэтых спаборніцтвах турысты Дзяржаўнага камітэта па маёмасці і Нацыянальнага банка. А па суме ўсіх конкурсаў і спаборніцтваў лідарства ў першай і другой групах захапілі адпаведна прадстаўнікі Нацыянальнага банка і Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю. Сярод прызёраў каманды Міністэрства па падатках і зборах, Міністэрства прамысловасці, Дзяржаўнай інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь і Дзяржаўнага камітэта па маёмасці.
Нагадаем: злёт праходзіў у рамках XVIII штогадовай спартакіяды работнікаў апаратаў рэспубліканскіх органаў дзяржаўнага кіравання. Сёлета ўдзельнікаў яшчэ чакаюць спаборніцтвы па настольным тэнісе, бадмінтоне, міні-футболе, дартсе і більярдзе.
Тэкст і фота: Вячаслаў ТАБУЛІН.