На мінулым тыдні ў Маладзечне прайшлі абласныя спаборніцтвы. За права абараняць гонар цэнтральнага рэгіёна краіны на фінальным этапе, які адбудзецца ў сталіцы 9 сакавіка, на лядовай арэне спартыўна-забаўляльнага цэнтра змагаліся 7 каманд Міншчыны. Спачатку на лёд выйшлі прадстаўнікі старэйшай узроставай групы (2002-2003 г.н.). Юныя хакеісты прадстаўлялі Барысаўскі, Вілейскі, Мінскі і Салігорскі раёны. Больш упэўнена адчувалі сябе барысаўчане. Яны правялі бяспройгрышную серыю паядынкаў і занялі першае месца. Госці з Салігорска — другое. Замкнула тройку лідараў каманда Мінскага раёна.
Затым у барацьбу ўступілі малодшыя школьнікі (2004-2005 г.н.). У гэтай групе, акрамя каманд Барысаўскага і Салігорскага раёнаў, за выхад у фінал змагаліся і юныя хакеісты Маладзечаншчыны. Праўда, яны былі значна маладзейшыя за сапернікаў. Але трэнер нашай дзіцячай дружыны Вадзім Маліко свядома пайшоў на гэты крок.
— Мы не ставілі перад сабой мэту перамагчы, — адзначыў ён. — Для маіх падапечных галоўным былі ўдзел у спаборніцтвах і выкананне на лёдзе тых задач, якія я перад імі паставіў. Лічу, што яны справіліся. Кожны на сваім месцы дзейнічаў згодна з сітуацыяй, каманда выглядала годна і ў нападзенні, і ў абароне.
Прыйшлі падтрымаць сваіх сыноў таты і мамы. Нягледзячы на тое, што сёлета ў юных маладзечанцаў проста не хапіла фізічных сіл супрацьстаяць больш рослым і дужым сапернікам (розніца ва ўзросце складала ад 2 да 4 гадоў), у хуткасці і майстэрстве валодання клюшкай яны амаль не ўступалі гасцям. Таму можна нават не сумнявацца, што ў наступным го-
дзе выхаванцы Вадзіма Маліко будуць змагацца за выхад у фінальны этап рэспубліканскіх спаборніцтваў сярод дзяцей і падлеткаў «Залатая шайба» на прызы Прэзідэнта Беларусі больш упэўнена.
А сёлета на заключным этапе турніру Міншчыну прадставяць юныя хакеісты Барысаўскага і Салігорскага раёнаў.
Фота: Вячаслаў ТАБУЛІН.