Пасля ўпэўненай дамашняй перамогі каманды «Дынама-Маладзечна» над ХК «Нёман» матч у адказ у мінулы чацвер у Гродне, мякка кажучы, у «зуброў» не атрымаўся. Пройгрыш з лікам 1:6 яскрава пацвердзіў гэта. Галоўны трэнер «дынамаўцаў» Дзмітрый Краўчанка, раскрываючы прычыны такога буйнога паражэння, яшчэ раз паўтарыў на прэс-канферэнцыі для журналістаў свае словы, сказаныя ў Маладзечне: «Пасля мінулага матча я гаварыў, што калі зноў дазволім рабіць такія памылкі, то сапернік не даруе нам гэтага…». Так яно, па ўсім відаць, і атрымалася. У выніку «дынамаўцы» не змаглі замацаваць свой поспех у барацьбе за лідзіруючыя пазіцыі ў турнірнай табліцы.
Вось чаму шмат надзей ускладалася на мінулую дамашнюю сустрэчу, што адбылася ў суботу з «Гомелем». Да гэтага матча каманды падышлі, размясціўшыся па суседстве ў турнірнай табліцы і маючы ў сваім актыве па 63 ачкі. Разам з салігорскім «Шахцёрам», які замацаваўся на трэцім радку, маладзечанцы і гамяльчане таксама прэтэндуюць на гэта месца па выніках рэгулярнага чэмпіянату.
Пачатак матча ў «зуброў» не атрымаўся. Праз пяць хвілін пасля стартавага ўкідвання шайбы яны засталіся на лядовай пляцоўцы ўчацвярых, а праз некалькі секунд ужо ўтраіх супраць пяцёркі гамяльчан. Госці скарысталі колькасную перавагу і адкрылі лік. Бліжэй да перапынку яны закінулі другую шайбу і такім чынам замацавалі свой поспех.
У гаспадароў па-ранейшаму не атрымлівалася распячатаць вароты «Гомеля». Але маладзечанскія «зубры» не страчвалі надзеі і раз-пораз стваралі вострыя моманты ля варот саперніка. Ад моцнага ўдару Мікіты Феакцістава шайба неўзабаве трапляе ў штангу. І толькі за хвіліну да перапынку, калі нашы мелі колькасную перавагу на лёдзе, Мікіта Знахарэнка моцным ударам з дальняй дыстанцыі скарачае разрыў у ліку — 1:2.
На жаль, другі перыяд не дадаў асаблівай вастрыні і прыгажосці ў гульню абедзвюх каманд. Можна сказаць, што сапернікі больш праседзелі на лаўцы штрафнікоў, чым гулялі ў хакей. У агульнай колькасці суддзі выпісалі камандам 22 хвіліны штрафу. Вызначыўся ў гэтым сэнсе нават галкіпер «Гомеля» Ігар Брыкун. Ён «зарабіў» дзве штрафныя хвіліны за атаку гульца, які не валодаў шайбай.
Дарэчы, скарыстаць колькасную перавагу ў другой дваццаці-хвілінцы змаглі толькі «дынамаўцы». Адзіную шайбу, калі госці абараняліся ў меншасці, у свой актыў запісаў Уладзіслаў Ганчароў, які аднавіў раўнавагу — 2:2.
Заключны перыяд прайшоў у роўнай барацьбе. Абедзве дружыны імкнуліся выйсці наперад, але больш пашанцавала гасцям. Амаль на апошняй хвіліне гульні нападаючы «Гомеля» Антон Зімін выходзіць сам-насам з галкіперам «Дынама-Маладзечна» Міхаілам Карнавухавым і выводзіць сваю каманду наперад — 3:2 на карысць гасцей.
— Матч атрымаўся напружаным, — адзначыў на прэс-канферэнцыі настаўнік маладзечанскіх «зуброў» Дзмітрый Краўчанка. — Мы зноў зрабілі шмат памылак — 22 хвіліны згулялі ў меншасці. Гэта недапу-шчальна. Канечне, будзе сур’ёзная размова з хлопцамі. А на апошніх секундах недагледзелі, і гулец каманды «Гомель» па-майстэрску скарыстаў шанс. А так гульня была падобная на матч плэй-оф. Мы максімальна будзем старацца прыкладваць намаганні, каб даць бой у плэй-оф любой камандзе, якая бу-дзе гуляць супраць нас.
Алег Хмыль, галоўны трэнер ХК «Гомель»:
— Хачу сказаць, што гульня была роўнай і баявой. Такая колькасць выдаленняў сведчыць аб тым, што ніхто не хацеў уступаць. Шмат момантаў было ў абедзвюх каманд. Нам крыху больш пашанцавала.
Наперадзе маладзечанскіх аматараў хакея чакаюць яшчэ тры цікавыя дамашнія сустрэчы. 26 студзеня «Дынама-Маладзечна» згуляе на роднай арэне з салігорскім «Шахцёрам». 2 лютага да нас зноў прыязджае ХК «Гомель».
А 16 лютага — чарговы паядынак з гродзенскім «Нёманам».
Фото: Вячеслав Табулин.