Навучэнцы СДЮШАР прафсаюза работнікаў АПК упершыню прадстаўлялі Маладзечаншчыну ў складзе зборнай каманды на турніры рэспубліканскага ўзроўню. Падняцца на самую высокую прыступку п’едэстала гонару ім дапамаглі пастаянныя трэніроўкі і нацэленасць на перамогу.
— Я толькі паўгода займаюся ў секцыі ўсходніх адзінаборстваў у Чысці, але ўжо з першага дня зразумела, што гэта маё, гэта тое, што мне падабаецца, — расказвае дзесяцікласніца Аляхновіцкай СШ Яна Трацэў-
ская. — Праўда, каб дабрацца да спартыўнай залы, шмат часу даводзіцца траціць на дарогу. Я жыву ў вёсцы Карсаковічы. Спачатку да Краснага трэба ехаць на электрычцы, потым яшчэ на аўтобусе да Чысці… Але мяне гэта не засмучае. Паспяваю яшчэ на лыжах пакатацца разы тры ў тыдзень. Дарэчы, лыжамі я захапляюся з трэцяга класа. Вучобе гэта не перашкаджае. А вось для падтрымання фізічнай формы вельмі карысна.
Максім Зелень (фото 2) больш вопытны спартсмен, хаця вучыцца толькі ў сёмым класе. Спартыўную школу наведвае трэці год. Быў пераможцам і прызёрам раённых і абласных спаборніцтваў па ушу, тайскім боксе і кікбоксінгу.
— Неўзабаве ў Маладзечне стартуе Міждзяржаўны турнір па ушу, абавязкова буду прымаць удзел у ім, — дзеліцца сваімі бліжэйшымі планамі Максім. — Хачу пазмагацца за прызавое месца. А калі пашанцуе і дайду да фіналу, прыкладу ўсе сілы, каб перамагчы.
Самы вопытны з гэтай тройкі Ілья Свярскі (фото 3). 16-гадовы навучэнец політэхнічнага каледжа яшчэ захапляецца футболам.
— Гуляць у футбол люблю з дзяцінства, — прызнаецца Ілья. — Гэта для мяне як адпачынак. А вось усходнія адзінаборствы — спорт для сапраўдных мужчын. Ты выходзіш сам-насам з сапернікам на рынг або татамі і толькі ад цябе залежыць зыход паядынку. Калі верыш у свае сілы, шмат працаваў у спартзале, падрыхтаваўся да бою маральна і фізічна, значыць, можаш разлічваць на поспех.
На рэспубліканскім першынстве па ушу каманда маладзечанцаў у цэлым паказала высокі ўзровень падрыхтоўкі. Пераможцамі ў сваіх вагавых катэгорыях таксама сталі Данііл Завяртаны, Дзмітрый Грунічаў, Сняжана Ульчыц, Аліна Кірыленка, Дзяніс Захаранка, Андрэй Жукоўскі, Аліна Крук, Сяргей Вілюга, Мікіта Ткач.
Фота: Вячаслаў ТАБУЛІН.