Новости Молодечно и Молодечненского района

Хакейны клуб «Дынама-Маладзечна» рыхтуецца да новага сезона

  • 2020-07-13 08:27:00
  • Отдел информации.

Кіраваць калектывам цяпер будзе 39-гадовы спецыяліст Канстанцін Кальцоў. Пакуль ён больш вядомы як гулец, нападаючы. На працягу трох сезонаў выступаў у ЗША ў складзе «Пітсбург Пінгвінз», у радах «Салавата Юлаева» з Уфы выйграваў Кантынентальную хакейную лігу. За зборную Беларусі прыняў удзел у 11 чэмпіянатах свету і двойчы ў Алімпійскіх гульнях, у тым ліку 2002 года, калі наша зборная сенсацыйна перамагла Швецыю ў чвэрцьфінале.

Адной з прычын, па якой пачынаючы трэнер атрымаў прапанову ўзначаліць маладзечанцаў, стаў той факт, што ён добра валодае англійскай мовай. Гэта дазволіць падтрымліваць непасрэдны кантакт з канадскім спецыялістам Крэйгам Вудкрафтам, галоўным трэнерам мінскага «Дынама». Будзе ўстанаўлівацца фарм-клубаўская сувязь з мінчанамі для адаптацыі іх гульцоў праз нашу каманду, падрыхтоўкі ў рамках адной гульнявой сістэмы.

Раней у якасці трэнера Канстанцін Кальцоў па адным сезоне дапамагаў у штабе мінскага «Дынама» і самастойна ўзначальваў ХК «Брэст». Разам з ім у новы штаб маладзечанскай каманды ўвайшлі вядомыя ў былым гульцы зборнай Віталій Коваль і Дзмітрый Мялешка, вопытныя спецыялісты Дзмітрый Астапенка і Аляксандр Уладыкін.

Начальнікам каманды па-ранейшаму працуе Дзмітрый Мельнік. Праз сацыяльныя сеткі ён павіншаваў балель-шчыкаў і жыхароў горада з пачаткам новага сезона, а таксама праінфармаваў аб правядзенні папярэдняга збору для прагляду новых хакеістаў. Гэты збор распачаўся на базе адпачынку ў Мінскім раёне. У ім удзельнічаюць толькі восем гульцоў з леташняга складу каманды. Пераважная большасць астатніх — патэнцыяльныя маладыя навічкі.

Па традыцыі беларускі хакейны сезон распачнецца ў жніўні матчамі за Кубак памяці Руслана Салея. Плануецца правядзенне папярэдніх кругавых турніраў у дзвюх групах, а потым — так званага фіналу чатырох. Асноўнымі канкурэнтамі нашай каманды на групавым этапе могуць стаць гродзенскі «Нёман», аршанскі «Лакаматыў» і ХК «Магілёў».

Яшчэ адна цікавая навіна прыйшла ад папулярнага ў Еўропе інтэрнэт-партала Hockey Archives. Яны склалі рэйтынг 250 лепшых хакейных клубаў нашага кантынента. Каманда «Дынама-Маладзечна» па выніках мінулага сезона заняла агульнае 158-е месца і пятае — сярод беларускіх прадстаўнікоў. Лепшымі з беларусаў сталі ўдзельнікі КХЛ мінскія «дынамаўцы», якія на 94-м радку.

Сяргей ГАЙКОВІЧ.