Спаборніцтвы праходзілі на базе СШ №2, дзе ў падвальным памяшканні спецыяльна абсталявана пляцоўка для гэтага віду спорту. За званне чэмпіёна змагаліся 30 прэтэндэнтаў. У мужчын з першых партый лідарства захапіў наш зямляк Генадзій Сушко. Бліжэй да фінішу яго пачалі даганяць яшчэ двое маладзечанцаў — Андрэй Мельнікаў і Ілья Чарноў. Але вопыт перамог. Неаднаразовы пераможца рэспубліканскіх і міжнародных турніраў захаваў за сабой перавагу і з вынікам 123 біты на 90 фігур заняў першае месца. Дарэчы, па выніках мінулага года Генадзій Сушко ўзначальвае міжнародны рэйтынг мацнейшых гарадошнікаў свету. Нават зімой ён не спыняе трэніроўкі і, мяркуючы па гэтым турніры, знаходзіцца ў выдатнай спартыўнай форме. Сярэбраны прызёр чэмпіянату Андрэй Мельнікаў уступіў яму 6 біт. Ілья Чарноў затраціў на 90 фігур 134 біты і заняў трэцяе месца.
Сярод жанчын першую прыступку п’едэстала гонару заняла Галіна Жаваронкава з Бярозаўкі (Гродзенская вобл.). На другім і трэцім месцах адпаведна маладзечанкі Ларыса Казлова і Ірына Іванова.
Каменціруючы вынікі спаборніцтваў, галоўны суддзя Аляксандр Кулак сказаў, што зімнія чэмпіянаты ў закрытых памяшканнях з’яўляюцца своеасаблівым аглядам сіл удзельнікаў і выдатнай рэпетыцыяй перад асноўнымі вясеннімі і летнімі стартамі.
— Мы бачым, хто трэніруецца, працуе над сабой, імкнецца павышаць асабістае майстэрства, нягледзячы на зімовы перыяд, а хто вырашыў спыніцца на мінулых дасягненнях і зрабіў сабе канікулы, — адзначыў Аляксандр Антонавіч. — Мяне асабіста парадавала Ларыса Казлова, якая з кожным годам паляпшае свае вынікі і вось нарэшце наблізілася да такой мацнейшай спартсменкі, як Галіна Жаваронкава. Упэўнена выступіў і наш малады спартсмен Антон Цярэшка. На гэтым турніры ён увайшоў у дзясятку лепшых удзельнікаў і выканаў нарматыў кандыдата ў майстры спорту. Спадзяюся, што на бліжэйшым юнацкім першынстве, якое адбудзецца ў канцы месяца і будзе прысвечана Дню абаронцаў Айчыны, Антон дасягне яшчэ больш важкіх вынікаў.