Новости Молодечно и Молодечненского района

«Динамо Молодечно» проведет сегодня решающий матч в Гродно

  • 2018-03-21 08:27:04
  • Вячаслаў Табулін

Каманда паспяхова дайшла да чвэрцьфіналу, дзе аспрэчвала права за выхад у паўфінальную частку спаборніцтваў з ХК «Гомель». Як вядома, серыя матчаў доўжыцца ў такім выпадку да чатырох перамог.
Нашы хакеісты хаця і прайгралі адну сустрэчу на сваёй пляцоўцы (што, вядома, прымусіла хвалявацца балельшчыкаў), затое астатнія паядынкі, у тым ліку і на выездзе, завяршылі з пераможным лікам.
У паўфінале іх чакаў моцны сапернік — ХК «Нёман». Каманда ўжо заваёўвала пераможны кубак у мінулыя гады. І цяпер узначальвае турнірную табліцу. Тым не менш, першы матч паўфінальнай серыі, які адбыўся ў Гродне на мінулым тыдні, паказаў, што і «зубры» не збіраюцца спыняцца на дасягнутым.

У асноўны час сапернікам не ўдалося вызначыць пераможцу. Пасля фінальнай сірэны на электронным табло высвечваліся лічбы 2:2. І толькі ў авертайме гродзенцам удалося першымі закінуць пераможную трэцюю шайбу.

Другі матч у Гродне атрымаўся не менш драматычным для нашых хакеістаў. Фартуна зноў была на баку гаспадароў, «Нёман» выйграў з лікам 5:0.

Затым хакейныя баталіі перамясціліся ў Маладзечна. У мінулую суботу трыбуны лядовай арэны ледзь умясцілі ўсіх жадаючых пахварэць за сваю любімую каманду. Пад гучныя воклічы балельшчыкаў «зубры» з першых секунд пачалі атакаваць вароты гасцей. Ім нават пашчасціла гуляць у большасці. Але колькасную перавагу ў дэбюце не ўдалося выкарыстаць.

Затое фартуна ўсміхнулася «дынамаўцам» у другім перыядзе. Прычым тройчы. Госці адквіталі толькі адну шайбу — 3:1.

Заключная «дваццаціхвілінка» атрымалася самай напружанай. Гродзенскія нападаючыя, каб скараціць лік, пачалі больш рашуча дзейнічаць ля варот гаспадароў. «Зубры» ў сваю чаргу паспрабавалі злавіць саперніка на контратаках. І гэта ім аднойчы ўдалося. У выніку яшчэ адна шайба пабывала ў варотах «Нёмана». Гродзенцы хаця і скарацілі адставанне, але аднавіць раўнавагу і тым больш перамагчы ім не ўдалося. У выніку — 4:3 на карысць каманды «Дынама-Маладзечна».

У нядзельным матчы лік быў адкрыты толькі ў другім перыядзе. Вызначыліся госці. Гэты адрэзак гульні запомніцца балельшчыкам яшчэ і вялікай колькасцю выдаленняў у абедзвюх дружынах. Былі моманты, калі сапернікам даводзілася дзейнічаць на лёдзе ў фармаце 3 на 3.

Бліжэй да канца гульні перавага гродзенцаў складала толькі 2 шайбы. Гаспадары выпусцілі шостага гульца замест галкіпера і скарацілі лік — 1:2. Але неўзабаве прапусцілі яшчэ два галы, і ў выніку паражэнне — 1:4.
Такім чынам, агульны лік пасля чатырох сустрэч — 1:3 на карысць хакеістаў «Нёмана».

Сёння каманды зноў сустракаюцца ў Гродне. Тут адбудзецца вельмі важная гульня. Калі маладзечанскія «зубры» выйграюць, яны атрымаюць яшчэ адзін шанс на далейшую барацьбу за выхад у фінал. Барацьба за права гуляць у фінале будзе працягваецца да чатырох перамог.

Фота: Вячаслаў ТАБУЛІН.