Абноўленая каманда ўдала пачала сезон. На жнівеньскім розыгрышы Кубка краіны памяці Руслана Салея нашы хакеісты атрымалі права выступіць у фінальным матчы, у якім, праўда, уступілі ў роўнай барацьбе чэмпіёнам Беларусі з Гродна.
Новы трэнер
Летам маладзечанскую каманду ўзначаліў новы спецыяліст. Галоўным трэнерам пачаў працаваць 49-гадовы Юрый Файкоў. Апошнім часам ён добра сябе паказаў, рыхтуючы маладых хакеістаў. Пад яго кіраўніцтвам беларускія маладзёжныя зборныя (узрост спартсменаў да 18 гадоў і да 20 гадоў) дасягнулі станоўчых вынікаў у час штосезонных чэмпіянатаў свету.
Папярэдні галоўны трэнер нашай каманды Дзмітрый Краўчанка таксама вядомы майстар працаваць з юнымі хакеістамі. Кіраўніцтва Беларускай федэрацыі хакея вырашыла за-
прасіць Дзмітрыя Краўчанку на пасаду ў маладзёжную зборную (да 20 гадоў), а Юрыя Файкова рэкамендаваць у маладзечанскі клуб, дзе таксама шмат перспектыўных гульцоў. Ажыццявілася своеасаблівая «ракіроўка». Напэўна, яе сэнс у тым, каб спецыялісты не затрымліваліся надоўга на адным месцы, атрымлівалі новы вопыт, што называецца, абагачаліся практычнай дзейнасцю.
У нашага новага галоўнага трэнера цікавая спартыўная біяграфія. Ён выхаванец мінскай хакейнай школы «Юнацтва», у складзе зборнай СССР стаў бронзавым прызёрам юнацкага чэмпіянату Еўропы. У 1992 годзе Юрый Файкоў правёў чатыры сустрэчы ў складзе нацыянальнай зборнай Беларусі, прычым быў удзельнікам самага першага афіцыйнага матча зборнай нашай краіны.
У гульнявой кар’еры ў амплуа нападаючага Юрый Файкоў выступаў у чэмпіянаце Беларусі за каманды з Мінска, а потым на працягу пяці сезонаў меў легіянерскі вопыт у чэмпіянаце Польшчы.
Вельмі цікавым атрымаўся ў яго перыяд з 2001-га па 2008 год. У гэты час ён быў галоўным трэнерам нацыянальнай зборнай Аб’яднаных Арабскіх Эміратаў.
Новыя хакеісты
Пакуль маладзечанскае «Дынама» існавала як фарм-клуб мінскіх «старэйшых» таварышаў, у склад не рэкамендавалася ўключаць хакеістаў старэйшых за 25 гадоў. З новага сезона гэта абмежаванне знятае. Адразу мы ўбачылі ў гульнявым «ростэры» некалькіх вядомых вопытных навічкоў.
Прыйшлі з гродзенскага «Нёмана» абаронца Аляксей Бадун (1989 г.н.) і нападаючы Вяча-
слаў Лісічкін (1980 г.н.), з мінскага «Юнацтва» – абаронца Алег Гарошка (1989 г.н.) і нападаючы Аляксей Яфіменка (1985 г.н.), з ХК «Гомель» – абаронца Канстанцін Дурноў (1984 г.н.), са жлобінскага «Металурга» – варатар Віталій Бялінскі (1989 г.н.), з польскага ГКС (Тыхы) – абаронца Ілья Казнадзей (1989 г.н.).
З’явіліся ў нас таксама легіянеры-расіяне, абодва нападаючыя. Станіслаў Кучкін
(1993 г.н.) – выхаванец школы маскоўскага ЦСКА, яго папярэднім клубам была іжаўская «Іжсталь». Герман Несцераў (1991 г.н.) – выхаванец школы з Ніжнякамска, яго папярэднім клубам быў ХК «Гомель».
Новая формула
Як памятаем, некалькі апошніх чэмпіянатаў Беларусі ў экстралізе праходзілі з удзелам дванаццаці калектываў. На другім этапе яны разбіваліся на больш моцную і, скажам так, больш слабую шасцёркі. Па выніках кругавых турніраў праводзіліся серыі плэй-оф (на выбыванне): чвэрцьфінальныя, паўфінальныя, фінальная. Пастаянна гучалі меркаванні пра тое, што ў беларускім хакеі недастаткова моцных спартсменаў, каб укамплектаваць усе дванаццаць калектываў-удзельнікаў. Ды і фінансавання таксама для ўсіх не хапала. Выказваліся прапановы нейкім чынам рэфармаваць экстралігу, павысіць канкурэнцыю знутры.
Такая рэформа адбылася гэтым летам. Федэрацыя хакея ўтварыла экстралігу «А» з васьмі лепшых каманд. Ёсць яшчэ экстраліга «Б», у ёй дзевяць каманд, сярод іншых там прадстаўнікі абласных цэнтраў з Віцебска, Магілёва, Брэста. У іх свае баталіі. Для маладзечанскіх балельшчыкаў гэта не вельмі цікава, бо наша «Дынама» выступае ў экстралізе «А».
Тут за сезон трэба правесці восем кругоў, гэта значыць, ажно 56 тураў. Даволі шмат. Напрыклад, у Кантынентальнай хакейнай лізе праводзіцца 62 туры, а ў нашым чэмпіянаце ў мінулым сезоне набіралася ўсяго 42 туры.
Па выніках кругавога турніру ў сакавіку-красавіку пройдуць традыцыйныя серыі плэй-оф (на выбыванне). Задача каманд на цяперашнім этапе – заняць як мага больш высокае месца ў турнірнай табліцы для таго, каб падчас плэй-оф дастаўся сапернік не занадта моцны, з якім можна было б справіцца ў чвэрцьфінальнай серыі.
Сяргей ГАЙКОВІЧ.
4 лістапада (нядзеля).
«Шахцёр» (Салігорск) – «Дынама-Маладзечна». Гульня пройдзе на выездзе.
Пачатак у 19.00.