Новости Молодечно и Молодечненского района

Чэмпіянат Беларусі па хакеі дайшоў да свайго апагея

  • 2016-12-26 05:47:15
  • Вячаслаў Табулін

22 снежня нашы хакеісты правялі напружаны матч — на лядовай арэне спартыўна-забаўляльнага цэнтра яны сустракаліся са сталічным «Юнацтвам». Каля 500 маладзечанцаў прыйшлі падтрымаць сваю каманду. Шмат было на трыбунах моладзі, падлеткаў. Як заўсёды, сярод балельшчыкаў — навучэнцы школы-інтэрната №2 для дзяцей з парушэннямі зроку. У «дынамаўцаў» склаліся трывалыя сяброўскія сувязі з выхаванцамі гэтай установы. Вось і напярэдадні Новага года яны прыйшлі з падарункамі да дзяцей.

Удзельнічалі нават у казачным прадстаўленні — разам з хлопчыкамі і дзяўчынкамі шукалі Дзеда Мароза, якога зачараваў і выкраў Кашчэй. Як аказалася, знайсці і вызваліць Дзеда Мароза — не такая ўжо і лёгкая справа. Дзецям давялося вельмі пастарацца. Яны разгадвалі загадкі, чыталі вершы, спявалі песні, танцавалі. Сярод удзельнікаў свята быў, канечне, і Данііл Савеня. Хлопчык добра вядомы дынамаўскім балельшчыкам. Ён неаднойчы выконваў гімн Беларусі перад дамашнімі матчамі «дынамаўцаў». На гэты раз Данііл парадаваў прысутных новымі песнямі.
Зразумела, дабро перамагло. Дзед Мароз быў вызвалены. І калі ён разам з іншымі стаў у карагод, радасці дзяцей не было канца. Выхаванцы школы-інтэрната адразу пазналі ў ім капітана любімай каманды Сяргея Дудко.

Разам з іншымі маладзечанскімі балельшчыкамі пад гукі барабанаў і труб гучнымі воклі-чамі віталі навучэнцы школы-інтэрната выхад на лёд кожнага хакеіста каманды ў чацвер. Адчуўшы такую падтрымку, «Зубры», як і належыць гаспадарам, адразу пасля стартавага ўкідвання шайбы пайшлі ў атаку. Першыя хвіліны матча яны пастараліся скарыстаць для ўзяцця варот гасцей. І гэта ў іх магло атрымацца, каб шайба пасля моцнага кідка Дзмітрыя Захаранкі не трапіла ў штангу.

Затым гульня выраўнялася. Нягледзячы на моцнае процістаянне мінчан, якія дэманстравалі зладжаную абарону і хуткія контратакі на вароты Міхаіла Карнавухава, «дынамаўцы» мелі яшчэ некалькі магчымасцей у першым перыядзе ад-крыць лік. На жаль, для завяршэння атак не хапіла дакладных кідкоў. Госці аказаліся больш настойлівымі і першымі адкрылі лік. Да перапынку яшчэ дзве шайбы пабывалі ў варотах «зуброў».

Другую дваццаціхвілінку гаспадары таксама пачалі актыўна. Але і на гэты раз шматлікія атакі не прынеслі жаданага выніку. А вось мінчане яшчэ тройчы прымусілі Міхаіла Карнавухава даставаць шайбу з сеткі варот. У адказ «дынамаўцы» змаглі адквітаць толькі адзін гол. Дакладным кідком вызначыўся Раман Каскоў.

У заключным перыядзе галкіперы абедзвюх каманд захавалі свае вароты «сухімі». Пасля фінальнай сірэны на электронным табло быў зафіксаваны канчатковы лік 6:1 на карысць гасцей.

На пасляматчавай прэс-канферэнцыі, каменціруючы вынікі сустрэчы ў Маладзечне, галоўны трэнер «Дынама-Маладзечна» Дзмітрый Краўчанка адзначыў:

— Першыя дзесяць хвілін гулялі нядрэнна. Нягледзячы на кур’ёзнасць першага прапу-шчанага гола, стваралі небяспечныя моманты ля варот саперніка. Можа, гэты гол і зблытаў нашу гульню. Але мы сур’ёзна рыхтаваліся да гэтай сустрэчы і разумелі, што «Юнацтва» будзе даваць моцны адпор. Гэта каманда з амбіцыямі. Тут можна сказаць адно: перамога «Юнацтва» заслужаная. А нам трэба знайсці сваю гульню, удасканальвацца і ісці наперад.