Новости Молодечно и Молодечненского района

Бешенству -- заслон. Вакцинация животных в деревне Литва

  • 2017-12-18 13:25:36
  • Алег Бяганскі


У Літве працавалі дзве брыгады ветэрынараў. Рухаліся яны па вёсцы ў адным напрамку па абодвух баках дарогі. Каб прышчапіць жывёлу, спецыялістам патрабавалася ўсяго некалькі секунд. Адпаведныя даныя яны заносілі ў спецыяльны журнал. Чатырохногія рэагавалі на працэдуру па-рознаму.
Чаму на Маладзечаншчыне праводзяцца такія рэйды, расказаў урач-эпізаатолаг раённай ветстанцыі Аляксандр САХНО.

— Мэта вакцынацыі – папярэджанне распаўсюджвання шаленства, смяротна небяспечнай інфекцыі, — гаворыць Аляксандр Іванавіч. – Сёлета на тэрыторыі раёна ўжо былі выпадкі, калі хворыя дзікія жывёліны кантактавалі з хатнімі. Акрамя таго, на гэты год прыпадае натуральны пік росту папуляцыі віруса шаленства ў прыродзе. Такія фіксуюцца праз кожныя пяць гадоў. Галоўныя пераносчыкі інфекцыі – лісы, яноты, янотападобныя сабакі... Калі іх прышчэпліваюць, то выкарыстоўваюць спецыяльныя падкормкі, якія раскідваюцца ў лесе ўручную або з дапамогай авіяцыі. Для хатніх гадаванцаў прадугледжаны ўкол.

Спецыяліст падкрэсліў, што вірус перадаецца праз укус заражанай жывёлы. Пры гэтым у рану павінна трапіць сліна хворай асобіны. Інкубацыйны перыяд (ад укусу да з’яўлення першых сімптомаў) доўжыцца да года. У гэты перыяд носьбіт віруса ўяўляе смяротную небяспеку, у тым ліку і для лю-
дзей. У асаблівай зоне рызыкі каты і сабакі, якія пастаянна кантактуюць з людзьмі. Вось чаму так важна прышчапіць хатніх гадаванцаў.

— У горадзе і раёне гаспадары трымаюць каля 7 тысяч сабак і 6 тысяч катоў. Ужо вакцынавана каля 4,5 тысячы сабак і больш за 2,2 тысячы катоў. Раённая ветэрынарная станцыя закупіла дадаткова 4 тысячы доз высакаякаснай вакцыны. Пры яе ўвядзенні імунітэт ад шаленства выпрацоўваецца на год. За працэдуру грамадзянам плаціць не трэба. Вакцынацыяй ахоплены ўсе населеныя пункты Маладзечаншчыны, — зазначыў Аляксандр Сахно.

Шаленства — інфекцыйная хвароба, якая характарызуецца цяжкім пашкоджаннем галаўнога мозга, вадабояззю, сутаргамі і паралічам. Яна смяротная для чалавека. Лячэння ад яе няма. «Вароты» для інфекцыі — пашкоджаная скура, слізістыя абалонкі. Потым вірус распаўсюджваецца да нервовых канчаткаў, па нервах пранікае ў спінны і галаўны мозг, што выклікае непазбежную смерць. Найбольш небяспечныя ўкусы ў галаву, шыю, рукі.

— Сліна ў хворай жывёлы выдзяляецца з-за паралічу горла, — удакладніў урач-эпізаатолаг. — А прычынай агрэсіўных паводзін з’яўляюцца выкліканыя вірусам незваротныя змены ў мозгу. Вакцына (забіты вірус) з токам крыві трапляе ў мозг, дзе выклікае імунны адказ. У выніку хвароба не развіваецца. Па-за арганізмам вірус шаленства няўстойлівы. Пад сонечнымі промнямі ён гіне імгненна.        
Аляксандр Іванавіч нагадаў асноўныя правілы прафілактыкі заражэння шаленствам. Так, трэба абавязкова звяртаць увагу на паводзіны хатняй або дзікай жывёлы. Ліса заўсёды ўцякае ад чалавека, а хворая шукае ў яго дапамогі. Раней ласкавы сабака ці кот імкнецца ўцячы, у іх шмат сліны і слёз. Пры першых прыкметах такіх паводзін неабходна неадкладна паведаміць ветэрынарнаму ўрачу.
Калі ж пакусала жывёла, трэба адразу звярнуцца ва ўстанову аховы здароўя. Пры гэтым за жывёлай устанаўліваецца адзінаццацідзённае назіранне.    

Нельга дакранацца і падыходзіць да бадзяжных сабак і катоў.
— Вакцынацыя хатніх жывёл дапаможа іх уладальнікам пазбегнуць смяротнага захворвання. Таму паставіцца да гэтага мерапрыемства трэба з усёй адказнасцю, — падкрэсліў А. Сахно.

Фота: Аляксей ПЛАТКО.