Новости Молодечно и Молодечненского района

Бег -- гэта найперш пераадоленне самога сябе

  • 2017-10-13 11:10:13
  • Лилия Липницкая

Спорт –  яго лёс

Арцём родам з Маладзечна. Вучыўся ў СШ №8, займаўся веласіпедным спортам. З-за траўмы, якую атрымаў пры падзенні, давялося спыніць трэніроўкі. Але пакінуць спорт не змог. Пачаў павышаць нагрузкі, бегаць. У 2012 годзе Арцёма заўважыў трэнер па лёгкай атлетыцы Леанід Ар-
цем’еў і запрасіў займацца. Паступова хлопец зразумеў, што спорт і лёгкая атлетыка – гэта яго лёс, справа ўсяго жыцця. Пасля заканчэння Маладзечанскага дзяржаўнага прафесійна-тэхнічнага каледжа ён паступіў у БДУФК і атрымаў кваліфікацыю трэнера-выкладчыка па лёгкай атлетыцы.
Сёлета Арцём і яшчэ двое маладых спецыялістаў — Вячаслаў Сычоў і Аляксандра Сушко — прыйшлі працаваць у дзіцяча-юнацкую спартыўную школу №3 і цяпер набіраюць групы.

— Сваім юным выхаванцам мы будзем даваць базавыя навыкі, развіваць сілу, гнуткасць, вынослівасць. Калі дзіцячы арганізм сфарміруецца, пэўная якасць праявіцца найлепшым чынам. Дзіця абярэ той від лёгкай атлетыкі, дзе зможа праявіць сябе найлепш: сілу — у кіданні або скачках, хуткасць — у спрынтарскім бегу, вынослівасць — у бегу на доўгія дыстанцыі. А самае галоўнае, я ўпэўнены, што спорт фарміруе характар і сілу волі, якія ў выніку вызначаюць далейшае жыццё чалавека, — гаворыць трэнер.

Рух — гэта натуральны стан дзяцей. Яны любяць гульні, эстафеты, заснаваныя на бегу і скачках. Таму хлопчыкі і дзяўчынкі, якія займаюцца лёгкай атлетыкай, будуць фізічна развітыя лепш у параўнанні з тымі, хто захоплены гаджатамі, упэўнены Арцём (ён ведае школьніка, у якога ў восем гадоў цалкам сфарміравалася камп’ютарная залежнасць).

Лёгкая атлетыка – самы старажытны від спорту, самы відовішчны і масавы. «Каралева спорту» аб’ядноўвае такія дысцыпліны як хадзьба, бег, скачкі (у даўжыню, вышыню, трайны, з шастом), кіданне (дыск, кап’ё, молат, штурханне ядра) і лёгкаатлетычныя мнагаборствы. Цяпер лёгкая атлетыка яшчэ і самы распаўсюджаны від спорту. У той ці іншай меры да яго далучаны ўсе, бо бег і хадзьба — нашы натуральныя, жыццёва неабходныя рухі.

Чаму ў Маладзечне мала бегаюць

Падцягнутая фігура, модныя красоўкі, любімая музыка ў плэеры. За мяжой прабежкі раніцай, па вечарах, у выхадныя не проста папулярныя, а лічацца нормай, неад’емнай часткай здаровага ладу жыцця. Цікаўлюся ў Арцёма яго меркаваннем, чаму ў Беларусі, у прыватнасці, у нашым горадзе, масавы бег развіты так слаба?

— Гэта захапленне стала ўжо даволі модным сярод жыхароў Мінска. У сталіцы актыўна працуюць некалькі клубаў аматараў бегу. Чаму так марудна прыжываецца ў рэгіёнах — цяжка сказаць. Некаторыя не могуць пераадолець банальную ляноту, некаторыя саромеюцца: маўляў, што падумаюць пра мяне, — разважае спартсмен. – У першую чаргу трэба перамагчы самога сябе, уласныя думкі і ляноту. Проста выйсці на вуліцу і пабегчы. Часам гэта складана. Гэта работа над сабой. На мой погляд, чалавеку неабходна паставіць сабе мэту, дзеля чаго бегаць: нешта камусьці даказаць, добра выглядаць, скінуць вагу або развітацца з задышкай, якая з’явілася непрыкметна.
Тым, хто вырашыць уключыць у распарадак дня сістэматычныя прабежкі, малады трэнер параіў не пашкадаваць грошай на добрыя красоўкі. Нават такі факт можа ў наш час матываваць. А калі ёсць нейкае захворванне ці сімптомы, лепш пракансультавацца ва ўрача.

— І не трэба імкнуцца перасягнуць уласныя  магчымасці: пачынайце з пешых прагулак, чаргуйце іх з лёгкім бегам. Умераная норма — кіламетр за дзень, два — праз дзень. Рэкамендуемы тэмп дыхання — два на два крокі. І лепш не рабіць перапынкаў у прабежках: толькі рэгулярныя заняткі зрушаць арганізм з «мёртвай кропкі» і запусцяць патрэбныя працэсы, — раіць спартсмен.

Дарэчы, у Маладзечне створаны клуб аматараў бегу «Рэгіён», але, на думку субяседніка, ён недастаткова рэкламуе сябе хаця б у тых жа сацыяльных сетках.
— Я і мае сябры-калегі маглі б далучыцца, напрыклад, да арганізацыі прабегу, можа, нават дабрачыннага. І наогул, зрабіць бег больш масавым у горадзе, — выказаўся Арцём.

Далучайцеся да групы «Беговое Молодечно» УКантакце: задавайце пытанні, знаёмцеся і знаходзьце добрую кампанію для прабежкі!

Тры паўмарафоны — тры медалі

Арцём лічыць за гонар удзельнічаць у Мінскім паўмарафоне, які афіцыйна праводзіцца з 2015 года. На памяць аб гэтых спаборніцтвах у яго засталіся тры медалі, і чацвёрты — за ўдзел у эстафеце 2014 года.

— Сёлета мы беглі дыстанцыю 21,1 кіламетра кампаніяй з семярых чалавек. Я і мае сябры паставілі сабе планку — не менш за 1 гадзіну 20 хвілін. Дасягнулі выніку толькі двое з нас. Мне ледзь-ледзь не хапіла. Не вытрымаў планавую хуткасць на першым крузе. На 16-м кіламетры скончыліся сілы, але здавацца не хацеў і пабег у магчымым для сябе тэмпе. У выніку мой час 1.22.50. Падрыхтоўку да стартаў пачаў у ліпені. Спачатку праз дзень, нарошчваючы дыстанцыю. Бліжэй да жніўня — штодня, потым двойчы на дзень. За тыдзень да забегу знізіў нагрузкі. У наступны раз планую пачаць трэніроўкі раней, магчыма, змяню і іх тактыку.

Мінскі паўмарафон: Арцём пад нумарам 2056.



Уражанні ад удзелу ў падобных маштабных спаборніцтвах незабыўныя і неверагодна яркія.

— Відовішчнасць, напружанне чакання і энергія натоўпу, які пачынае рухацца пасля стартавага стрэлу. Апладысменты, радасць і падтрымка балельшчыкаў. Гэта вельмі моцныя эмоцыі, гэта крута! — успамінае Арцём.

… А пакуль на бесплатные занятия легкой атлетикой в Молодечно запрашаюцца школьнікі ад 8 да 15 гадоў. Для трэніровак ёсць усе ўмовы. Сярод тых, хто ўзяў старт да чэмпіёнскіх вышынь у маладзечанскім манежы, — савецкі і беларускі лёгкаатлет і трэнер па кіданні дыска, бронзавы прызёр Алімпійскіх гульняў і чэмпіянатаў свету Васілій Капцюх, майстар спорту, чэмпіёнка Беларусі па скачках у вышыню Лізавета Сімановіч і многія іншыя. Шанц стаць чэмпіёнам ёсць у кожнага.

Фота: Вячаслаў ТАБУЛІН, архіў А.Есліна.