«Вялікія каштоўнасці малой радзімы». Выпуск пяты

Расказывеам пра царкву ў Груздаве і камень-крыж

Царква ў Груздаве – помнік драўлянага дойлідства

Калі ўваходзіш у храм, заўсёды адчуваеш душэўнае хваляванне. З асаблівым узрушэннем пераступілі мы парог Груздаўскай царквы ў гонар Палажэння рызы Прасвятой Багародзіцы ў Влахерне.
Яна вядомая далёка за межамі нашага раёна і з’яўляецца помнікам архітэктуры драўлянага дойлідства, гісторыка-культурнай каштоўнасцю рэгіянальнага значэння. Тут захоў-
ваецца цудадзейны абраз Маці Божай Груздаўскай, пакланіцца якому ідуць, прыязджаюць зблізку і здалёк.  

На парозе царквы нас сустрэў яе настаяцель іерэй Анатолій Папоў, які служыць тут з 2000 года. Ён расказаў, што цяперашні будынак храма пабудаваны з бруса ў 1871 годзе замест разбуранай уніяцкай мураванай царквы. Але гісторыя храма ў Груздаве пачынаецца з часоў Вялікага Княства Літоў-
скага, аб чым сведчаць пісьмовыя крыніцы.

15 ліпеня – прастольнае свята царквы, якое ў народзе называюць «Груздаўскае Пётра». У гэты дзень тут збіраецца шмат паломнікаў, праходзіць служба.  

Айцец Анатолій расказвае, што ў 1962 годзе Груздаўскую царкву закрылі, у яе сценах размясцілі склад мясцовай гаспадаркі. Разбурылі, засыпалі пяском і крыніцу з жыватворнай вадой, што знаходзілася за некалькі метраў ад храма. Але напрастольнае Евангелле, як і цудадзейную ікону, прыхаджанам удалося схаваць, пазней яе перадалі ў Маладзечанскую царкву. Ля разбуранага храма былі знойдзены лісткі царкоўнага летапісу, з якога даведаліся старажытную легенду аб яго ўзнікненні і цудадзейнай сіле.
У пачатку 1990-х царкоўная абшчына зноў пачала сваю дзейнасць.  Помнік народнага дойлідства патрабаваў аднаўлення. Яго разабралі і на фундаменце па ўзоры старога ўзвялі новы, таксама драўляны храм. У ім сваё месца заняла цудадзейная ікона Маці Божай Груздаўскай. Шмат зрабіў для аднаўлення царквы бацька Анатолія Папова — ветэран фінскай і Вялікай Айчыннай войнаў кандыдат багаслоўя протаіерэй Рыгор Папоў. Шмат гадоў ён быў настаяцелем гэтага храма.   

Айцец Анатолій расказвае, што цяпер помнік народнага дойлідства  таксама мае патрэбу ў рамонце. Зімой у ім вельмі холадна, сцены наскрозь прадзімае вецер, будынак трэба ўцяпляць. Не дапамагае нават падвешаная да столі інфрачырвоная лямпа.

Цяпер прыход налічвае каля паўтысячы чалавек. Гэта жыхары Груздава, Вязаўца, Капачоў, іншых вёсак. Як і раней, у царкву прыходзіць шмат паломнікаў, каб пакланіцца старажытнай іконе Божай Маці. Некаторыя ў знак удзячнасці за дапамогу прыносяць свае ахвяраванні – упрыгажэнні, якія вісяць ля іконы.

Айцец Анатолій звярнуў нашу ўвагу на ўпрыгожаны мудрагелістымі ўзорамі драўляны ківот, які ў мінулым годзе заказалі для цудадзейнай іконы ў мядзельскіх майстроў. Гэта вельмі складаная і дарагая работа, ківот стаў дастойным абрамленнем старажытнага абраза.

Якія таямніцы хавае камень-крыж?

Разам з кіраўніком спраў Палачанскага сельвыканкама Таццянай Бароўскай мы едзем з Палачан у Зораньку. За паўтара кіламетра ад вёскі з правага боку дарогі нібы вырастае з зямлі высечаны з валуна ружовага колеру каменны крыж, які з’яўляецца гісторыка-культурнай каштоўнасцю рэгіянальнага значэння.

У пашпарце аб’екта ўказаны яго «ўзрост» — позняе сярэдневякоўе. Яго вышыня – 1,2 метра, шырыня па гарызантальнай папярочцы – метр. На фасадзе зверху добра чытаюцца высечаныя літары «З» і «S». Акрамя таго, на папярочцы і вертыкальнай частцы ёсць пашкоджаныя надпісы.

Зверху крыжа – прамавугольнае паглыбленне памерам 4,2 на 2 сантыметры глыбінёй 7 сантыметраў. У ім мы ўбачылі некалькі манетак, прычым не толькі беларускіх… А на самім крыжы павязаны ручнік, да яго прымацаваны штучныя кветкі.  

Згодна з кнігай «Памяць», пісьмовае ўпамінанне аб ім было ў кнізе Ф.В. Пакроўскага «Археалагічная карта Віленскай губерні» (Вільна, 1893 г.): «В вол. Есть камень, имеющий вид креста, но без всяких надписей; находится он теперь на третьем месте; первоначально же он лежал около дер. Кобылок. В народе существует вера в целебную силу этого камня: местные больные, в надежде получить исцеление, обыкновенно приходят сюда и кладут на камень разные подаяния».

Мясцовымі краязнаўцамі запісаны розныя гісторыі паходжання  каменнага крыжа, некаторыя з іх нават змешчаны ў інтэрнэце. Наколькі гэтыя факты адпавядаюць рэчаіснасці, дакладна сказаць немагчыма.    

Па адной з версій, крыж – надмагільны помнік (у старажытныя часы людзі нярэдка завяшчалі пахаваць сябе на сваёй зямлі). На старых картах часоў вайны з Напалеонам 1812 года гэты каменны крыж быў намаляваны на ўскрайку лесу ў трох дубах. У яго верхнюю частку быў прымацаваны каваны металічны крыж. У пачатку мінулага стагоддзя ля Палачан пачалі будаваць чыгунку, дубрава пайшла пад сякеру, зямлю раздалі людзям. Пры раскарчоўцы адзін з сялян выкапаў валун у выглядзе крыжа, далей ад граху вывез яго на зямлю пана. Прайшоў час, па наваколлі папаўзлі чуткі, што з зямлі вырас каменны крыж, людзі сталі прыходзіць да яго з дарамі. Пану не спадабалася, што людзі топчуць яго зямлю, ён звярнуўся да ксяндза з Аборка. Вырашылі перавезці валун, ды не атрымалася. Так ён і застаўся стаяць. Захавалі людзі і прозвішча таго, хто пасадзіў ля каменя дзве ліпы (цяпер засталася адна) – Рыгор Карабель. Калісьці побач з крыжам стаяла вёска Дзярноўка, але пры адступленні французскіх войскаў яе спалілі.

Ёсць іншая версія. Жыхарка вёскі Груздава, ураджэнка Зоранькі Ніна Станевіч памятае гэты крыж з маленства. Ад вясковых старажылаў яна неаднойчы чула, што быццам бы гэты крыж паставілі ў час адступлення ў 1812 годзе французы на тым месцы, дзе закапалі нарабаванае золата. Аднак потым крыж перамясцілі. Людзі казалі, што двойчы сюды прыязджалі французскія экспедыцыі, але нічога не знайшлі.

Ніна Аляксандраўна памятае і жалезны крыж, які вянчаў камень. Ёсць у яе і ўласныя ўспаміны, звязаныя з гэтым помнікам. У 16 гадоў яна з Зоранькі за тры кіламетры хадзіла ў Палачаны ў вячэрнюю школу. Заняткі заканчваліся вельмі позна. Аднойчы зімой каля апоўначы вярталася дамоў, пачалася мяцеліца, і яна збочыла з дарогі, заблудзілася. У адчаі блукала ажно да раніцы. На шчасце ўбачыла  высокія ліпы, ля якіх стаяў крыж.

— Лічу, што крыж паказаў мне дарогу, выратаваў мяне, — сцвярджае  жанчына.

Дарэчы, калі была аграномам гаспадаркі «Палачаны», яна зрабіла ўсё магчымае, каб помнік старажытнасці пакінулі на месцы, калі вялі новую дарогу з Палачан у Зораньку. Па плане валун хацелі перанесці, але Ніна Аляксандраўна настаяла, каб дарогу адвялі на метр-паўтара ад святыні.

Галерея изображений

Просмотреть встроенную фотогалерею в Интернете по адресу:
https://www.mgazeta.by/vyalikiya-kashto-nastsi-maloj-radzimy/item/3473-vyalikiya-kashto-nastsi-maloj-radzimy-vypusk-pyaty.html#sigProIdfd9adde3e5
Прочитано 2629 раз
Анжаліка Крупянькова

Этот адрес электронной почты защищён от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.