«Вялікія каштоўнасці малой радзімы». Выпуск чацвёрты

Расказваем пра помнікі ў Красным.

Таямніцы Красненскага гарадзішча

Са старшынёй Красненскага сельвыканкама Валянцінай Кісель мы прыехалі на ўскраіну вёскі, дзе паблізу чыгуначнага пераезда знаходзіцца гісторыка-культурная каштоўнасць рэгіянальнага значэння помнік археалогіі – гарадзішча перыяду ранняга жалезнага веку.

Гэта ўзгорак вышынёй ад трох з паловай да васьмі метраў, плошча яго даволі вялікая – 80 на 85 метраў. З заходняга боку ля падножжа гарадзішча захаваліся рэшткі рову шырынёй да 15 метраў (па ім цяпер праходзіць дарога). Згодна з кнігай «Памяць» у гэтым месцы пры раскопках былі знойдзены фрагменты ганчарнай керамікі, абломкі цэглы.

На гарадзішчы ўстаноўлены ахоўны знак з шыльдай, на якой пазначаны яго «ўзрост»: 1 тыс. да н.э – 1 тыс. н.э. Валянціна Кісель гаворыць, што помнік-валун паставілі ў канцы 90-х гадоў мінулага стагоддзя, калі старшынёй сельскага Савета працавала яе папярэдніца Ева Сасноўская. Аўтар кнігі «Красненскія таямніцы» Сяргей Старыкевіч адзначае, што ўстаноўка знака была вельмі дарэчы, бо раней тут бралі пясок для будаўніцтва, чым пашкодзілі частку помніка археалогіі. Краязнавец падвяргае сумненню правільнасць датавання гарадзішча. У сваёй кнізе прыводзіць матэрыялы апошніх археалагічных раскопак, у час якіх знойдзены фрагменты цэглы-пальчаткі, керамікі, шклянога посуду XVII-XVIII стагоддзяў. Згодна з імі даследчык робіць выснову, што «гарадзішча можна датаваць познім сярэдневякоўем», і лепш было б, «каб гэты археалагічны аб’ект быў названы замчышчам».
Вось і старшыня Красненскага сельвыканкама расказвае, што мясцовыя жыхары называлі гэта месца замкам. Прыгадвае, як мясцовы краязнавец Аляксандр Харытон успамінаў, што на ўзвышшы  стаяў драўляны дом, які ўпрыгожвала сплеценая з лазы адкідная тэраса. У ім у розныя часы размяшчаліся школа, шпіталь.

Сяргей Старыкевіч прыводзіць у сваёй кнізе ўрывак з даследавання 1880 года вучонага і археолага Адама Кіркора, які першым прыгадваў гарадзішча ў Красным: «На высокай, чатырма валамі прарэзанай гары ўзнесены гэты дом вельмі стары, у першай палове XVIII стагоддзя ўзнесены… Здаецца, што гара на працягу многіх стагоддзяў магла быць гарадзішчам, бо навокал шмат курганоў». Сяргей Старыкевіч піша, што «гэта яго меркаванне пазней пачалі трактаваць як сцвярджэнне і ўказвалі, што старажытны маёнтак стаіць на гарадзішчы».

Яны вызвалялі Краснае

У маляўнічым месцы, у сасонніку на беразе штучнай саджалкі ля Краснага, непадалёк ад шашы Мінск — Маладзечна знаходзяцца брацкія магілы савецкіх воінаў і партызан, якія загінулі пры вызваленні Краснага. На гэтым святым месцы ўстаноўлены тры стэлы з бетону вышынёй 3,5 метра, 2 і 1,7 метра. Гэта воінскае пахаванне носіць статус гісторыка-культурнай каштоўнасці рэгіянальнага значэння.
У цэнтры мемарыяла – стэла, устаноўленая на брацкай магіле воінаў, якія загінулі ў ліпені 1944 года пры вызваленні нашага раёна. Другая стэла – помнік воінам і партызанам, якія памерлі ад ран у ваенным шпіталі №3519 у 1944-1945 гадах.

Справа ад цэнтральнай стэлы знаходзіцца помнік, устаноўлены на брацкай магіле савецкіх лётчыкаў. Тут пахаваны экіпаж самалёта ДБ-3Ф 108-а бамбардзіровачнага палка далёкага дзеяння: камандзір – малодшы лейтэнант Мікалай Андрыякін, штурман – малодшы лейтэнант Мікалай Грыгор’еў, стралок-радыст Уладзімір Русанаў, стралок-сяржант Іван Няміра. Як сведчыць кніга «Збор помнікаў Беларусі», 29 чэрвеня 1944 года эскадрылля вярталася пасля бамбардзіроўкі тылоў ворага, яе атакавалі фашысцкія знішчальнікі. Экіпаж Андрыякіна вёў няроўны бой. Гітлераўцы падбілі самалёт, ён упаў у чысцінскае балота. Доўгі час месца гібелі лётчыкаў было невядомае. У брашуры «Помнікі гераізму і славы Маладзечаншчыны» расказваецца, што ў канцы 1968 года экскаватаршчык брыкетнага завода з Краснага У. Сушкевіч працаваў на балоце і знайшоў абломкі баявога самалёта. Былі праведзены раскопкі, у час якіх знойдзены астанкі членаў экіпажа, іх рэчы. Дзякуючы пошукавым мерапрыемствам устаноўлены імёны загінулых, іх астанкі пахаваныя ў брацкай магіле. На жалобную цырымонію пахавання прыязджалі сваякі лётчыкаў. У гонар авіятараў пастаўлены помнік, адной з галоўных дэталяў якога з’яўляецца вінт ад самалёта, на якім змагаўся з ворагам гераічны экіпаж.

2 ліпеня 2014 года ў брацкую магілу былі ўрачыста перапахаваныя астанкі членаў экіпажа самалёта ДР-№Ф 223-а бамбардзіровачнага палка далёкага дзеяння: штурман-капітан С.М. Кашкароў, стралкі-радысты М.Т. Агешын і І.А. Букаеў, якія загінулі 27 чэрвеня 1941 года. Рэшткі самалёта і астанкі лётчыкаў былі знойдзены ў час пошукавых работ у вёсцы Плябань.Валянціна Кісель расказвае, што на перапахаванне астанкаў лётчыкаў прыязджаў унук Кашкарова.

Парадак на брацкіх магілах падтрымліваюць сельвыканкам, мясцовая  воінская часць.

«Царква, якая ніколі не закрывалася»

Так сказаў пра царкву ў гонар Пакрова Прасвятой Багародзіцы ў вёсцы Краснае яе настаяцель іерэй Мікалай Хадакоўскі. Храм дзейнічаў і ў савецкі час, сюды прывезлі іконы з навакольных цэркваў, што былі закрыты.

Згодна з кнігай «Памяць» ён быў узведзены ў 1860 годзе, з’яўляецца помнікам архітэктуры рэтраспектыўна-рускага стылю, мае статус гісторыка-культурнай каштоўнасці рэгіянальнага значэння. Будынак сучаснага храма пабудаваны ў час, калі настаяцелем быў Васілій Гушкевіч. У 1913-1915 гадах тут служыў яго сын Іаан Гушкевіч.

У сваёй кнізе «Красненскія таямніцы» Сяргей Старыкевіч сабраў шмат цікавых фактаў з гісторыі царквы. Напрыклад, што ў 1899 годзе быў праведзены капітальны рамонт за адпушчаныя з казны грошы:  пабудавана новая званіца, мураваны прытвор, пакрыты бляхай дах, выпраўлены іканастас. Расказвае аўтар і пра тое, што ў 1898 годзе настаяцель Аляксандр Гарбацэвіч атрымаў у ваенным ведамстве 150 пудоў каляровага металу ад стрэляных гільз. З яго на Мінскім звоналіцейным заводзе майстар Бронгаш адліў звон вагой у 59 пудоў.

Доўгі час – ажно 45 гадоў – настаяцелем храма быў Віктар Вошчанка, дзейнасць якога прыпала і на перыяд Вялікай Айчыннай вайны.

Добрым словам успамінаюць прыхаджане былога настаяцеля протаіерэя Паўла Хадакоўскага, які служыў тут з 1991-га па 2012 год.  Сяргей Старыкевіч у сваёй кнізе піша, што пры ім у 1987 годзе быў створаны трох’ярусны іканастас, які выканаў Аляксандр Крэс. Царскія вароты па яго малюнку зрабіў першакласны сталічны майстар Валерый Парэчны. Адметна, што распісны драўляны крыж, які вянчае іканастас, стварыў жыхар нашага раёна — майстар з вёскі Красоўшчына Анатолій Лавор. Акрамя таго, быў праведзены рамонт царквы, заменены купалы з крыжамі.

У 1983 годзе пра Красненскую Свята-Пакроўскую царкву быў зняты фільм, які захоўваецца ў архіве кінафотафонадакументаў.

Цяперашні настаяцель царквы айцец Мікалай, сын Паўла Хадакоўскага, расказвае, што да царквы падведзена вада, газавае ацяпленне, але захавалася і пячное. У мінулым годзе былі заменены ўваходныя дзверы. Мясцовы краязнавец Аляксандр Харытон (на вялікі жаль, ён пайшоў з жыцця) знайшоў старыя здымкі святыні, на якіх было відаць, што звонку ў нішах будынка былі размешчаны фрэскі. Летась айцец Мікалай дамовіўся з мастакамі, якія намалявалі ў нішах выявы святых Матроны Маскоўскай і Сергія Раданежскага.

Пры Красненскай Свята-Пакроўскай царкве працуе нядзельная школа, заняткі ў якой вядзе айцец Мікалай.
***
"Вялікія каштоўнасці малой радзімы" -- сумесны праект «Маладзечанскай газеты» і аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама,

У падрыхтоўцы матэрыялаў, прысвечаных Году малой радзімы, дапамагаюць галоўны спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Іна АБРАМЕНКА, вядучы метадыст па помніках і музейнай справе цэнтралізаванай клубнай сістэмы раёна Алена ЛАШУК.

Галерея изображений

Просмотреть встроенную фотогалерею в Интернете по адресу:
https://www.mgazeta.by/vyalikiya-kashto-nastsi-maloj-radzimy/item/3231-vyalikiya-kashto-nastsi-maloj-radzimy-vypusk-chatsvjorty.html#sigProIdc219cc9c55
Прочитано 3044 раз
Анжаліка Крупянькова

Этот адрес электронной почты защищён от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.