Вялікія каштоўнасці малой Радзімы. Выпуск трэці

Расказваем пра касцёл у Плябані і магілу ўдзельнікаў паўстання Кастуся Каліноўскага.

Запрашаем чытачоў у чарговае падарожжа па гісторыка-культурных каштоўнасцях Маладзечаншчыны. Згодна з заканадаўствам такі статус прысвоены 26 помнікам гісторыі, архітэктуры, археалогіі і культуры нашага раёна. Чарговы маніторынг аб’ектаў разам з галоўным спецыялістам аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Інай Абраменка і вядучым метадыстам па помніках і музейнай справе цэнтралізаванай клубнай сістэмы раёна Аленай Лашук.

На ўскрайку вёскі Плябань Красненскага сельсавета знаходзіцца помнік эклектычнай архітэктуры з выкарыстаннем стылізаваных форм барока і готыкі XIX стагоддзя — касцёл, які з цягам часу быў ператвораны ў царкву.

Яго будынак з’яўляецца гісторыка-культурнай каштоўнасцю рэгіянальнага значэння. Праз дарогу ад яго – драўляны дом ксяндза з высокім ганкам і чатырма калонамі ля ўвахода, што ў даўніну называўся плябанія. Адсюль і назва вёскі, якая раней, згодна з гістарычнымі крыніцамі, называлася сяло Краснаселле Новае. Гэты будынак у розныя часы быў школай, шпіталем. Цяпер у ім размяшчаецца цэнтр традыцыйнай культуры і быту. Тут створана музейная экспазіцыя пра гісторыю вёскі. Калі прыязджаюць экскурсіі, яго дырэктар Ала Ліхтаровіч расказвае старадаўнюю легенду, чаму менавіта ў гэтым месцы быў пабудаваны касцёл. Быццам бы ехаў па гэтых мясцінах вялікі князь літоўскі Аляксандр Ягелончык, і на коней напалі ваўкі, напалохалі іх. Коні панеслі карэту, князь ледзь не загінуў. У тыя страшныя хвіліны ён даў зарок: калі застанецца жывым, пабудуе храм там, дзе спыняцца коні. Так гэта было ці не, цяпер цяжка сказаць. Між тым з гістарычных даведак вядома, што заснаваны касцёл быў у 1505 годзе, у 1800-м паблізу яго пачалі ўзводзіць мураваны, будаўніцтва было завершана ў 1855 годзе. У кнізе «Памяць» адзначаецца, што ў час паўстання Кастуся Каліноўскага ў 1863-1864 гадах байцы атрада Юльяна Бакшанскага хавалі ў касцёле зброю, за што пасля разгрому паўстання яго ксяндза саслалі ў Сібір. Храм быў закрыты, а затым аддадзены пад праваслаўную царкву. Паводле кнігі Сяргея Старыкевіча «Красненскія таямніцы» першая літургія пасля пераасвячэння царквы з касцёла адбылася ў 1867 годзе, святаром быў Васіль Гушкевіч. У 1921-м храм вярнулі католікам, да 1944 года ён дзейнічаў як філіял пры Красненскім касцёле.

Мясцовыя жыхары расказвалі, што ксяндза ў гады вайны фашысты расстралялі за сувязь з партызанамі. Пацвердзіў гэты факт і адзін з ураджэнцаў Плябані, які цяпер жыве ў Мінску і нядаўна завітаў у цэнтр традыцыйнай культуры і быту. Ён успамінаў, што пасля вайны ў доме ксяндза была арганізавана школа, дзе ён вучыўся. І нават пазнаў бярозу ў двары, што садзіў хлопчыкам…

Касцёл пасля вайны быў закрыты, у 1945-1958 гадах выкарыстоўваўся як склад радашковіцкага пункта па нарыхтоўцы збожжа. Потым яго закінулі, ён пачаў разбурацца. У 1990-я стаяў без даху, сталічныя альпіністы на магутных сценах ладзілі свае трэніроўкі. Многія тады абураліся гэтым кашчунствам. У 1996 годзе будынак зноў перадалі праваслаўнай царкве, бо католікаў у Плябані зусім мала. Храм накрылі, правялі іншыя рамонтныя работы. Па старых фотаздымках была адноўлена званіца, а таксама каменная агароджа.

Калі мы прыехалі да святыні, на парозе нас сустрэў настаяцель храма Пакрова Прасвятой Багародзіцы вёскі Краснае іерэй Мікалай Хадакоўскі, на пастырскім акармленні якога знаходзіцца прыход храма Успення Прасвятой Багародзіцы ў Плябані. Пяць гадоў ён займаецца рамонтам царквы. Сродкамі дапамагаюць прыхаджане, спонсары. За гэты час удалося падшыць столь, атынкаваць сцены, зняць унутры будынка лясы. Цяпер хочуць падлогу забетанаваць. Свяшчэннаслужыцель гаворыць, што пры правядзенні работ дакладна захоўваецца стыль помніка архітэктуры, як гэтага і патрабуе ахоўнае заканадаўства.

Помнік паўстанцам у Плябані

Маленькая вёсачка Плябань вядомая па ўсёй Беларусі сваімі старымі рымска-каталіцкімі могілкамі, дзе пахаваныя ўдзельнікі паўстання Кастуся Каліноўскага. Магіла паўстанцаў лічыцца гісторыка-культурнай каштоўнасцю рэгіянальнага значэння.

Тэму паўстання на Маладзечаншчыне даследавалі вядомы гісторык Генадзь Каханоўскі, а таксама яго сын Аляксандр, які цяпер з’яўляецца дэканам гістарычнага факультэта Белдзяржуніверсітэта. Згодна з іх матэрыяламі, прыведзенымі ў кнізе «Памяць», у нашых мясцінах у час паўстання актыўна дзейнічаў атрад пад кіраўніцтвам вядомага беларускага змагара за нацыянальную незалежнасць публіцыста Юльяна Бакшанскага. Яшчэ да падзей 1863-1864 гадоў ён адбыў 12-гадовую катаргу за тое, што ў 1847-м зрабіў спробу падняць паўстанне, звярнуўся з адозвай «Да смаргонскіх сялян!», у якой заклікаў аб’яднацца з гарадской беднатой і салдатамі, выступіць супраць паноў, чыноўнікаў і афіцэраў.

У 1863 годзе Юльян арганізаваў у Віленскім павеце паўстанцкі атрад з 22 чалавек, які называлі «партыя Бакшанскага». Вядома, што з Маладзечна выступіла насустрач яму група падтрымкі на чале з Яўгенам Кавалеўскім. Ля вёскі Свечкі паўстанцы сутыкнуліся з ротай салдат царскай арміі. Адзін з жыхароў Гарадка, які прымкнуў да паўстанцаў, аказаўся здраднікам, зрабіў папераджальны стрэл і перайшоў на бок салдат. Завязалася моцная перастрэлка, паўстанцы мужна абараняліся, але не змаглі супрацьстаяць праціўніку. У няроўным баі загінулі Юльян Бакшанскі, Рафал Малішэўскі, Людвік Ямант, Леапольд Банькоўскі. Яны пахаваныя на старых могілках у Плябані. Як паведамляе ў кнізе «Красненскія таямніцы» яе аўтар Сяргей Старыкевіч, у 1923-м, да 60-годдзя гібелі паўстанцаў, вайскоўцы 10-га батальёна памежжа, які размяшчаўся ў Красным, на ўласныя сродкі ўстанавілі на магіле гранітны помнік. На ім быў зроблены надпіс: «Героям 1863 г. Салдаты КОР» і на польскай мове пералічаныя імёны пахаваных. У 1983 годзе быў пастаўлены новы помнік – вялікі валун. Памятную дошку на ім неаднаразова спрабавалі сарваць вандалы. Сёлета намаганнямі цэнтра культуры і быту шыльда на помніку была ў чарговы раз адноўлена.

Старшыня Красненскага сельвыканкама Валянціна Кісель расказвае, што гэтыя могілкі даўно закрытыя, але парадак на іх падтрымліваецца, праводзяцца суботнікі. У час маніторынгу гаварылася пра тое, што трэба зрабіць агароджу вакол гэтага святога месца, выкласці да яго дарожку.

Прыязджаюць сюды валанцёры з гістарычнага факультэта Белдзяржуніверсітэта, праводзяць 21 сакавіка Дзень памяці паўстанцаў. Некалькі разоў тут праходзіла гісторыка-літаратурная гульня «Канфедэратка», прысвечаная гісторыі паўстання. Гэтай тэме адведзена і адна з залаў цэнтра традыцыйнай культуры і быту. Цэлыя групы і асобныя турысты прыязджаюць у Плябань, каб наведаць гэта гістарычнае месца, пакланіцца памяці змагароў за свабоду роднага краю.

Фота: Аляксей ПЛАТКО.

Галерея изображений

Просмотреть встроенную фотогалерею в Интернете по адресу:
https://www.mgazeta.by/vyalikiya-kashto-nastsi-maloj-radzimy/item/3051-vyalikiya-kashto-nastsi-maloj-radzimy-vypusk-tretsi.html#sigProId18110d2dde
Прочитано 2768 раз
Анжаліка Крупянькова

Этот адрес электронной почты защищён от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.