15.04.2021 14:13

«Гадую авечак, каб весялей жыць было»

Сельскіх гаспадароў, якія гадуюць авечак, у нашым раёне можна пералічыць па пальцах. Адзін з іх Аляксей Кузін, жыхар вёскі Хатуцічы Лебедзеўскага сельсавета. Нядаўна мы завіталі да яго ў госці.

Гэтаму ягняці няма яшчэ і тыдня, гаворыць Аляксей Іванавіч. Гэтаму ягняці няма яшчэ і тыдня, гаворыць Аляксей Іванавіч.

На пенсіі ў горадзе засумаваў

— Раней у вёсцы як было: гоняць на пашу статак кароў, а разам з імі авечкі пасуцца. Многія сем’і іх трымалі, але ў маіх бацькоў не было — толькі карова, свінні, — расказвае Аляксей Іванавіч пра сваё дзяцінства, якое прайшло ў вёсцы Маліноўшчына.

Як і большасць сельскай моладзі, пасля арміі ён падаўся ў горад, працаваў вадзіцелем на радыёзаводзе «Спадарожнік», затым у «Сельгастэхніцы». З жонкай Валянцінай Міхайлаўнай, якая шмат гадоў выкладае фізіку ў гімназіі №7, атрымалі ў горадзе кватэру, выгадавалі траіх сыноў. Да слова, малодшыя Юрый і Дзяніс, як і бацька, вадзіцелі, старэйшы Віталій – будаўнік. Вадзіцелем працуе і старэйшы брат Аляксея Івана-віча Міхаіл, круціў руль і іх дзядзька – склалася сямейная дынастыя.

Калі пайшоў на пенсію, Аляксей Іванавіч засумаваў у кватэры. За гады гарадскога жыцця не адвык ад працы на зямлі, а добрую фізічную форму пастаянна падтрымліваў з дапамогай гір, штангі, якія і цяпер заўсёды пад рукой. Расказвае, што ў арміі заняў другое месца ў дывізіі па падняцці 24-кілаграмовай гіры.

Паступова Кузіны адрамантавалі ў Хатуцічах бацькоўскі дом Валянціны Міхайлаўны. Пры ім вялікі ўчастак, можна сказаць, ёсць свая паша. Як было жыўнасць не завесці? За апошнія 12 гадоў вясковага жыцця муж і жонка гадавалі індыкоў, індакачак і нават в’етнамскіх свіней. У горадзе ў іх жыў сабака пароды ратвейлер, а калі перабра-ліся ў вёску, завялі ката Рыжыка, якому ўжо 12 гадоў.

Парода — раманаўская

Аднойчы Аляксей Іванавіч у знаёмых з Запалякаў купіў авечку. Неўзабаве завёў барана. Яны прыжыліся, сталі размнажацца. Так і ўзнікла свая аўчарня. Найбольш у статку было 19 галоў, цяпер – дзесяць.

Авечая сям’я не спалохалася фотакамеры.

— Усе мае авечкі раманаўскай пароды. У іх цэніцца не толькі мяса, але і аўчына, якая лічыцца адной з лепшых у свеце, а таксама воўна, — расказвае з веданнем справы Аляксей Іванавіч.

У мінулым стагоддзі сяляне насілі кажухі з вырабленай спецыяльным спосабам авечай скуры, у іх было цёпла нават у самыя лютыя маразы. Краўцы, якія шылі гэтыя сельскія дублёнкі, мелі добры заробак. У сем’ях кажухі бераглі, перадавалі ў спадчыну. Цанілася і воўна, якую сельскія жанчыны вычэсвалі, пралі, а затым з нітак вязалі цёплыя шкарпэткі, рукавіцы, камізэлькі, кофты, світары. У нашым раёне ў савецкі час воўну перапрацоўвалі ў Радашковічах, ды толькі гэты промысел даўно адышоў у нябыт.

— Бацькі маёй жонкі таксама некалі трымалі авечак. А на гарышчы доўга вісеў кажух, але сапсаваўся. Цяпер ні скуру, ні воўну нідзе не прымаюць, даводзіцца спальваць, — разводзіць рукамі мой субяседнік.

Расказвае, што сыры з авечага малака не спрабавалі рабіць, ужываюць толькі мяса. Яно лічыцца дыетычным, засвойваецца лепш за свініну. Нездарма ж гурманы цэняць шашлык са свежай бараніны. Да слова, мангал у двары Кузіных адмысловы, зроблены на заказ, таму ў шашлыках яны разбіраюцца. Робяць і фарш, у які дадаюць свініну.

Калі надыходзіць час рэзаць авечак, гаспадар наймае чалавека.

— Сам не магу, рука не паднімаецца, — прызнаецца Аляксей Іванавіч.

Дрэсіроўцы не паддаюцца

— А ці праўда, што авечкі такія неразумныя, а бараны ўпартыя, як пра іх пішуць у байках?

— Сапраўды! У мяне цяпер ажно пяць бараноў, не ведаю, як з імі спраўлюся – любяць яны басціся, біцца. Калі ўнук меншы быў, пабойваўся іх: могуць крадком падысці ды паддаць ззаду… Авечкі дрэсіроўцы дрэнна паддаюцца. Вось в’етнамскія свінні ў мяне былі разумныя, як сабачкі. Запляскаю ў далоні, паклічу іх: «Марго, Васька!», адразу прыбягалі, — з усмешкай расказвае Аляксей Іванавіч.

— А чым вы корміце свой статак?

— Усё вельмі проста: авечкам патрэбныя сена ды вада. Лічыцца, што на адну галаву на зіму трэба назапасіць воз сена. У мяне мота-блок, летам кашу, сушу. Ачысткі ад бульбы, агародніны ахвотна ядуць. Яблыкі любяць. Дарэчы, ад яблыкаў мяса вельмі смачнае… Усё лета авечкі на траўцы пасуцца ля хаты, я нават у хлеў іх не заганяю. Сёлета хачу навес для іх зрабіць.

Аляксей Іванавіч звадзіў нас у сваю аўчарню.

— Коца, коца, коца! — паклікаў гадаванцаў гаспадар, і яны адразу пацягнуліся да яго рукі. – Думаюць, што я ім хлеба прынёс, вельмі яго любяць...

Жывёлы, калі ўбачылі чужакоў, па кутах не разбягаліся. Не такія яны і палахлівыя, аказваецца. І ад фотакамеры не шарахаліся, наадварот, сталі ў рад, нібы пазіравалі.

— Вось, глядзіце, якое прыгожае ягнятка! Яму і тыдня яшчэ няма — 1 красавіка нарадзілася, — узяў на рукі беленькага з чорнымі падпалінамі баранчыка Аляксей Іванавіч. – Авечка дваімі акацілася, ды толькі адно выжыла. Двайняты, дарэчы, часта нараджаюцца, і нават трайняты два разы былі…

— А чаму вы менавіта авечак гадуеце? Не такі ўжо і вялікі з іх прыбытак, а клопатаў шмат.

— Гадую, каб весялей жыць было! — прызнаецца гаспадар, клапатліва падкладваючы сена сваім гадаванцам…


ЦІКАВА ВЕДАЦЬ

Авечкі – адны з нямногіх жывых істот з прамавугольнымі зрэнкамі.
У гэтых жывёл добрая памяць: эксперыменты вучоных пацвярджаюць, што яны могуць адрозніваць да 50 твараў.
Яны не могуць жыць у адзіноце, без статка становяцца трывожнымі, сумнымі.
Авечкі былі прывучаны людзьмі 6-7 тысяч гадоў таму.
У свеце існуе каля 600 розных парод гэтых жывёл.
Вучоныя да гэтага часу не могуць стварыць сінтэтычны аналаг авечай воўны, які б не ўступаў ёй па якасці і цеплыні.
За адну стрыжку з дарослай авечкі можна атрымаць каля 10 кілаграмаў воўны.
Сярод гэтых жывёл найбольш жывуць снежныя бараны – 22-24 гады.
Горныя бараны здольныя жыць на вышыні 5 тысяч кіламетраў над узроўнем мора.
Першай кланіраванай вучонымі млекакормячай жывёлай стала знакамітая авечка Долі.

Тэкст і фота: Анжаліка КРУПЯНЬКОВА.

Прочитано 310 раз Последнее изменение 15.04.2021 14:13
Анжаліка Крупянькова

Этот адрес электронной почты защищён от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.