14.04.2021 11:33

Самае галоўнае – надвор’е ў доме

Многія вераць, што добрае надвор’е спрыяе душэўнаму ўздыму, а дрэннае выклікае дэпрэсію. Але ці існуе такая заканамернасць на самай справе і што рабіць, калі настрой дрэнны? Пра гэта мы спыталі ў жыхароў нашага горада.

Валерый ЛАПС, работнік сферы паслуг:

— Настрой сапраўды залежыць ад надвор’я. Калі свеціць сонца, то весялей становіцца на душы. Аднак нават у халодны, дажджлівы дзень не варта паддавацца песімізму. Сам так не раблю і іншым не раю. Заўсёды прытрымліваюся аптымістычнага погляду на жыццё. Стараюся падняць настрой сабе і іншым.

Наталля ЖАБРОЎСКАЯ, у адпачынку па доглядзе дзіцяці:


— Гадуем з мужам дваіх сыночкаў – шасцігадовага Максіма і Мацвея, які нарадзіўся тры месяцы таму. Дзеці сумаваць не даюць. Іх усмешкі ўзнімаюць настрой. Што тычыцца надвор’я, яно сапраўды можа ўплываць на эмоцыі. Для мяне добрыя спосабы зарадзіцца пазітывам — сустрэчы з сябрамі, прагулкі на свежым паветры, а таксама смачны, духмяны чай.

Раман СКАРУЛЬСКІ, пенсіянер:


— Люблю ўсе поры года, таму надвор’е не вельмі ўплывае на мой настрой. Калі ўсё ж пачынаю сумаваць – іду ў лазню. Добрая пара дае зарад бадзёрасці на тыдзень! Нездарма лазня была папулярная ва ўсе часы.

Дар’я ПЯЦЬКО, студэнтка:


— Вядома, хочацца больш сонца і цяпла, асабліва вясной. Калі настрой «не вельмі», чытаю кнігі. Люблю фантастыку і дэтэктывы некаторых аўтараў. А вось сумаваць не люблю. У каледжы, дзе вучуся, праводзіцца многа мерапрыемстваў. Сумаваць проста няма калі.

Таццяна КАРПОВІЧ, работніца сферы культуры:


— Лічу, што нягледзячы на любыя капрызы надвор’я, у чалавека заўсёды павінен быць пазітыўны настрой. Людзям трэба навучыцца радавацца жыццю ў любой сітуацыі. Калі за акном дождж, трэба прыгадаць прыемныя моманты. А галоўнае, на мой погляд, гэта надвор’е ў доме.

Тэкст і фота: Алег БЯГАНСКІ.

Прочитано 230 раз Последнее изменение 14.04.2021 11:33
Алег Бяганскі

Этот адрес электронной почты защищён от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.