28.10.2020 9:08

Праехаў больш за 800 тысяч кіламетраў. Перадавы вадзіцель расказаў пра сваю работу

З Бэнонам Шэмет-Палачанскім мы сустрэліся ў Маладзечанскім аўтапарку. Ён адзін з тых работнікаў арганізацыі, хто быў адзначаны з нагоды прафесійнага свята — Дня аўтамабіліста і дарожніка.

Вадзіцель маладзечанскага аўтапарка №4 Бэнон Шэмет-Палачанскі. Вадзіцель маладзечанскага аўтапарка №4 Бэнон Шэмет-Палачанскі.

— Яшчэ школьнікам, калі ездзіў у аўтобусе, прыглядаўся да работы вадзіцеля, — гаворыць Бэнон Іосіфавіч. – Ужо тады ведаў, што і сам буду перавозіць людзей. Прыцягвала мяне гэта прафесія. Вельмі радаваўся, калі адправіўся ў свой першы рэйс.

Ветэран працы кіраваў аўтобусамі самых розных марак, абслугоўваў гарадскія, прыгарадныя, міжгароднія маршруты. Пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС прымаў удзел у ліквідацыі яе наступстваў — падвозіў да месца работы спецыялістаў, якія манціравалі дэзынфіцыруючае абсталяванне па перыметры заражанай зоны, дастаўляў на будаўнічыя пляцоўкі работнікаў, якія ўзводзілі домікі для перасяленцаў.

У апошнія гады Бэнон Шэмет-Палачанскі перавозіць пасажыраў аўтобусаў №4, 5, 7, 10, іншых гарадскіх маршрутаў. Як і ва ўсіх калег, у яго ёсць прафесійная звычка рана ўставаць. Калі працаваць трэба ў першую змену — пад’ём у 3 гадзіны раніцы. У «баявую гатоўнасць» прыводзяць кубачак гарачай кавы і ўмыванне халоднай вадой. Пасля другой змены дадому вяртаецца далёка за поўнач.

А яшчэ вадзіцель вельмі беражліва ставіцца да аўтобуса, якім кіруе. Дарэчы, на гэтым аўтобусе намалявана восем зорачак, што азначае прабег больш за 800 тысяч кіламетраў.

— У час рэйса адказваю за бяспеку пасажыраў, — гаворыць субяседнік. – Імкнуся, каб паездка была як мага больш камфортнай. На аўтобусных прыпынках спыняюся максімальна блізка да бардзюра. У такім выпадку пасажырам зручна заходзіць у салон і пакідаць яго (асабліва састарэлым, людзям з інваліднасцю, бацькам з дзіцячай каляскай). У паездцы трэба быць гатовым да самых розных сітуацый. Напрыклад, некалькі разоў даводзілася выклікаць «хуткую дапамогу» людзям, якім стала дрэнна.

Бэнон Іосіфавіч адзначыў, што ў апошнія гады стан дарог у горадзе значна палепшыўся. Праўда, некаторыя ўчасткі ўсё яшчэ застаюцца праблемнымі. Што тычыцца вадзіцельскай этыкі, у цэлым у Маладзечне яна на высокім узроўні. Большасць вадзіцеляў трымае дыстанцыю, калі трэба, прапускае аўтобус, дзякуе, калі ім уступаюць дарогу.

Як аказалася, наш субяседнік паходзіць са старадаўняга шляхецкага роду. Ён беражліва захоўвае грамату сваёй прабабкі Ганны Шэмет-Палачанскай. У дакуменце сказана, што радаслоўная яго ўладальніцы ўнесена ў дваранскую кнігу Мінскай губерні.

Ганарыцца субяседнік і сваім бацькам Іосіфам Пятровічам, які да пачатку Другой сусветнай вайны служыў у Войску Польскім. Калі Германія напала на Польшчу, ён трапіў у палон, збег, а потым уступіў у рады Чырвонай арміі. Радавы Шэмет-Палачанскі дайшоў да Берліна і распісаўся на Рэйхстагу.

— Кіраваць аўтобусам у горадзе вельмі складана, — падкрэсліў у канцы размовы Бэнон Іосіфавіч. – За змену даводзіцца пераадольваць па маладзечанскіх вуліцах да 180 кіламетраў. Нельга губляць увагу ні на секунду. Але я разумею, што мая работа патрэбная людзям, таму яна прыносіць мне задавальненне.

Фота: Аляксей ПЛАТКО.

Прочитано 390 раз
Алег Бяганскі

Этот адрес электронной почты защищён от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.

Добавить комментарий


Защитный код
Обновить