Мікалай Мароз атрымаў траўму ў час работы за мяжой. Пасля звароту да старшыні райвыканкама яму выдзелілі пакой у інтэрнаце і стварылі спрыяльныя бытавыя ўмовы.
— Да таго як атрымаў пакой, жыў у доме барачнага тыпу ў Залінейным раёне, — гаворыць Мікалай Вячаслававіч. – Жыллё не было прыстасавана для чалавека з абмежаванымі магчымасцямі. Санітарныя ўмовы не адпавядалі ўстаноўленым нормам. З гэтай праблемай звярнуўся да старшыні райвыканкама. Юрый Горлаў распарадзіўся вырашыць пытанне.
У выніку Мікалаю выдзелілі пакой на першым паверсе інтэрната па вуліцы Будаўнікоў. Папярэдне быў праведзены рамонт — на ўваходзе ў будынак зрабілі пандус з парэнчамі, у блоку ўстанавілі кран для мыцця посуду, зрабілі больш зручным санвузел. На новае месца жыхарства наш зямляк пераехаў летам мінулага года.
— Цяпер жыву ў камфортных умовах, — адзначыў Мікалай Мароз. – Побач з інтэрнатам размешчаны буйныя магазіны, у якіх створана безбар’ернае асяроддзе. Я магу самастойна рабіць пакупкі. За дапамогу і чуласць дзякую Юрыю Горлаву і дырэктару УП «Камунальнік» Мікалаю Наздрыну-Платніцкаму. Даглядае мяне брат. Гэту работу яму аплачвае дзяржава.
Субяседнік расказаў, што любіць бываць у цэнтральным гарадскім парку. А яшчэ ён наведвае розныя сацыяльныя ўстановы. І тут без перавозчыка не абысціся.
— Раней не ўсе таксісты згаджаліся пад’язджаць непасрэдна да пад’езда інтэрната. Некаторыя чакалі на аўтобусным прыпынку. Гэта для мяне было нязручна. Пасля звароту ў райвыканкам сітуацыя вырашылася. Усім службам таксі далі ўстаноўку чакаць людзей з інваліднасцю, якія перамяшчаюцца на калясцы, менавіта ля пад’ездаў дамоў, у якіх яны жывуць. І гэта выконваецца, — зазначыў маладзечанец.
Мікалай Мароз упэўнены: стварэнне безбар’ернага асяроддзя карыснае не толькі для людзей з праблемамі апорна-рухальнага апарату. Тымі ж пандусамі актыўна карыстаюцца бацькі з каляскамі, састарэлыя. Таму работу ў гэтым кірунку ў раёне трэба працягваць.
— На некаторых вуліцах усё яшчэ перашкаджаюць свабоднаму перамяшчэнню высокія тратуарныя бардзюры. Не ўсімі пандусамі зручна карыстацца. Аднак калі ёсць жаданне і зацікаўленасць, пытанні абавязкова вырашаюцца, – падкрэсліў Мікалай Вячаслававіч.
Алег БЯГАНСКІ.
Фота: Аляксей ПЛАТКО.