Байкеры дамовіліся сустрэцца на АЗС у раёне Цюрлёў. Першымі на месца прыбылі Павел Жыхарэвіч і Аляксандр Ляцяга. Абодва дальнабойшчыкі. Аднак пасля шматдзённых рэйсаў яны з задавальненнем мяняюць велікагруз на матацыкл. Пакуль чакалі астатніх удзельнікаў акцыі, разгаварыліся.
— На жаль, трагічныя выпадкі з удзелам матацыклістаў здараюцца даволі часта, — адзначылі мужчыны. — Яны гінуць з-за дрэннага стану праезнай часткі, іх збіваюць п’яныя вадзіцелі іншых транспартных сродкаў. Часам удзельнікі дарожнага руху проста не заўважаюць матацыклістаў або заўважаюць позна. Але, калі шчыра, бывае, што і байкеры парушаюць правілы дарожнага руху.
У тых, хто асядлаў байкі, гэта захапленне застаецца назаўжды, падкрэсліў Павел Жыхарэвіч. Яго першым байкам быў звычайны «ІЖ». Цяпер сучасная «Ямаха».
— Галоўнае для нас — адчуванне свабоды, — гаворыць мужчына. — Нават непагадзь не перашкаджае атрымаць задавальненне. Апранаеш дажджавік, апускаеш шкло ў шлеме і рухаешся далей да новых прыгод і адкрыццяў. Адны толькі байкерскія фестывалі чаго вартыя!
Нядаўна субяседнік вярнуўся з такога фестывалю ў Туапсэ. Прычым да вядомага расійскага курорта на ўзбярэжжы Чорнага мора ён з сябрамі дабраўся за тры дні. У падарожжа з Маладзечна адправіліся дзявяцера чалавек на шасці матацыклах. Былі сярод падарожнікаў тры сямейныя пары.
На фестываль сабраліся байкеры з многіх краін. Яны размаўлялі, паказвалі тэхніку, слухалі рок. Дарэчы, прыхільнасць да гэтага музычнага стылю — адметная іх рыса. А яшчэ ў іх прыняты асаблівы рытуал прывітання.
Пасля фестывалю маладзечанцы наведалі Грузію, агледзелі Эльбрус, пабывалі ў Тбілісі і Батумі, даехалі да турэцкай граніцы. Зваротны шлях таксама заняў некалькі дзён.
— Байкерам уласцівая ўзаемавыручка, — працягвае Павел. – Калі на дарозе патрэбна дапамога (скончыўся бензін ці здарылася паломка), проста кладзеш шлем на асфальт. Гэта прыняты знак. Хто бачыць яго, прапануе свае паслугі. Увогуле, наша супольнасць – адна вялікая сям’я.
Па словах байкера, яго захапленне ў Маладзечне падзяляюць каля сямі дзясяткаў чалавек ад 18 да 62 гадоў. Абслугоўваць матацыкл не даражэй, чым легкавы аўтамабіль. А каштуе двухколавы «волат» ад 2 да 15 тысяч долараў.
Між тым пляцоўка на АЗС запаўняецца матацыкламі. У рад выстройваюцца «Ямахі», «Хонды», «Кавасакі», БМВ. Ёсць нават легендарны «Харлей-Дэвідсан». Прыехалі Васілій і Вольга Жаровіны. Муж і жонка заўважылі, што за мяжой да нашых суайчыннікаў ставяцца вельмі пазітыўна. Часта вітаюць, за-
прашаюць у госці.
Вітаюся з настаяцелем Палачанскай царквы айцом Паўлам, які таксама прыехаў на байку. Менавіта ён і быў ініцыятарам акцыі, якая на Маладзечаншчы-
не праводзілася ўпершыню.
— Мэта гэтага мерапрыемства – нагадаць матацыклістам пра іх адказнасць за сваё жыццё і жыцці іншых удзельнікаў дарожнага руху. Байкеры, як і ўсе іншыя, павінны выконваць закон. Тады і ў жыцці, і на дарозе будзе парадак, — падкрэсліў святар.
У той дзень байкеры арганізаванай калонай адправіліся ў Палачаны, дзе ў мясцовай царкве прайшла служба ў памяць аб загінулых матацыклістах.
Даведка. Міжнародны дзень памяці загінулых матацыклістаў праходзіць 18 верасня. У гэты дзень успамінаюць аб усіх байкерах, якія загінулі ў выніку аварый, гавораць пра важнасць захавання правілаў дарожнага руху.
Фота: Алег БЯГАНСКІ.