12.12.2017 11:40

Паштальён Святлана Прудніковіч: «І вяскоўцаў падпісваю, і сама чытаю»

«Дзе нарадзіўся – там і спатрэбіўся» — гэта выслоўе якраз пра ўсмешлівую і гаваркую жыхарку Вязаўца Святлану Прудніковіч. Яна засталася ў сваёй роднай вёсцы, вось ужо год з’яўляецца яе старастай, працуе паштальёнам.

Почтальон Светлана Прудникович. Почтальон Светлана Прудникович. "Маладзечанская газета"

Прыходзяць, тэлефануюць ёй жыхары па розных пытаннях, праблемах. Восенню пачалі скардзіцца, што цёмна на вуліцах. Стараста звярнулася ў Цюрлёўскі сельвыканкам, вулічнае асвятленне зрабілі, за што людзі ўдзячныя старшыні выканаўчага камітэта Уладзіміру Кушнярэвічу. Да свята вёскі, якое прайшло ў верасні, былі падсыпаны праезныя часткі дарог на вуліцах Новай і Паўночнай, хаця праблемы іх добраўпарадкавання яшчэ застаюцца. Дарэчы, свята вёскі прайшло тут упершыню за апошняе дзесяцігоддзе. Яно было арганізавана Цюрлёўскім сельвыканкамам, а старасце давялося нямала папрацаваць з насельніцтвам. Людзі дружна адгукнуліся на прапанову, навялі парадак на сваіх сядзібах, упрыгожылі іх, нават выстаўкі ўласных вырабаў і прысмакаў арганізавалі. На ўрачыстасці ўшаноўвалі мясцовых ветэранаў працы, сённяшніх старанных работнікаў, юбіляраў, мнагадзетныя сем’і, актыўную моладзь, дбайных гаспадароў. Пра гэту адметную падзею пісала наша газета, жыхары Вязаўца маглі ўбачыць самыя яркія моманты на фотаздымках. Многія потым дзякавалі старасце, доўга ўспаміналі свята.  

Звыш ста дамоў у вёсцы, і ў кожным рады Святлане Уладзіміраўне. Ведаюць яе і старэйшыя жыхары вёскі, і больш маладыя, нават дзеці. А як інакш, калі амаль штодня яна ідзе ад хаты да хаты з тоўстай сумкай на рэмені. Першага снежня пайшоў васямнаццаты год, як Святлана Прудніковіч працуе паштальёнам на Цюрлёўскім аддзяленні сувязі, якім загадвае Яніна Багушэвіч. Акрамя Святланы тут працуе яшчэ адзін паштальён – Ала Корсак. Невялікі калектыў спраўляецца з аб’ёмамі работы, прапануе вяскоўцам шырокі спектр паслуг.

Святлана прызнаецца, што ні разу не пашкадавала, што столькі гадоў адпрацавала на пошце: «Я сваю работу вельмі люблю! Адчуваю, што мяне чакаюць, мне рады, стараюся дапамагчы ва ўсім, што ў маіх сілах». Акрамя роднага Вязаўца, яна абслугоўвае Цюрлі, Вярхоўку, Куклаўшчыну. Кіламетраж немалы, з ранняй вясны да позняй восені выручае веласіпед. Святлана Уладзіміраўна расказвае, што па серадах і суботах яе сумка асабліва тоўстая: у гэтыя дні выходзіць «Маладзечанская газета». Яна сярод вяскоўцаў самая папулярная, больш за 140 экзэмпляраў разносіць паштальён. Прыемна было даведацца, што і ў апошні час, калі цэны на ўсё «кусаюцца», падпісчыкі не адмаўляюцца ад любімай газеты, будуць атрымліваць яе і ў наступным годзе. Радуе і тое, што ў Цюрлях выпісваюць выданне маладыя сем’і, якіх тут нямала. Але што тут дзіўнага?

«МГ» даўно стала сямейнай газетай, яе матэрыялы разлічаны на людзей рознага ўзросту. Нярэдка ўслед за бацькамі афармляюць падпіску і дзеці, якія становяцца самастойнымі, пераязджаюць ва ўласнае жыллё.

Как подписаться на "Маладзечанскую газету"?

Вось і Святлана выпісвае яе з першага месяца работы на пошце, чытае сама, а калі нешта асабліва зацікавіць, абавязкова паказвае мужу, дочкам Алене і Вікторыі. Дарэчы, малодшая Віка была на здымку ў нашым рэпартажы са свята вёскі, яна сустракала гасцей з караваем. А побач з ёю – любімая матуля… Фатаграфавалі мы цюрлёўскіх паштавікоў і ў час дня падпісчыка, якія перыядычна праходзяць як у гарадскіх, так і ў сельскіх аддзяленнях сувязі.

У чарговы раз хочацца выказаць Святлане Прудніковіч і яе калегам шчырую ўдзячнасць за папулярызацыю нашага выдання, за тое, што яны так адказна, з душой ставяцца да сваёй справы. Спадзяёмся, што наша плённае супрацоўніцтва працягнецца і ў наступным годзе!


Прочитано 2048 раз
Анжаліка Крупянькова

Этот адрес электронной почты защищён от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.