На торце надпіс -- «100 гадоў»
Хіба гэта не цуд: жанчыне 100 гадоў, а яна памятае словы доўгай песні-балады пра каханне, мае гучны голас. І, самае галоўнае, ёй хочацца спяваць, радавацца жыццю, нягледзячы на ўсе выпрабаванні, што давялося перажыць.
Соф’я Іванаўна нарадзілася 17 верасня -- у такую адметную для нашай краіны дату, калі адзначаецца Дзень народнага адзінства. Аб жыцці пры панскай Польшчы, аб’яднанні Усходняй і Заходняй Беларусі Соф’я Іванаўна ведае не па чутках. Як і аб Вялікай Айчыннай вайне, якую яна сустрэла 17-гадовай дзяўчынай. Як сказала ў час урачыстага віншавання юбіляркі старшыня раённай арганізацыі Беларускага саюза жанчын начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Алена Барада, Соф’я Іванаўна разам з усёй краінай перажыла няпростыя вехі нашай агульнай гісторыі, шмат працавала, каб сённяшнія пакаленні жылі шчасліва. Менавіта аб такіх людзях мы будзем расказваць у грамадзянска-патрыятычным праекце «Векавыя гісторыі», ініцыятарам якога выступіла раённая арганізацыя Беларускага саюза жанчын.
У гэты дзень Соф’я Конан прымала віншаванні ад старшыні Цюрлёўскага сельскага выканаўчага камітэта Уладзіміра Кушнярэвіча. Уручаючы падарунак, ён адзначыў, што за апошнія 15 гадоў яму ўпершыню давялося ўшаноўваць 100-гадовую юбілярку. З хваляваннем імянінніца пазіравала для журналістаў з тортам ад раённай ветэранскай арганізацыі, які ўручыла яе старшыня Таццяна Шафаловіч. На торце прыгожая лічба -- «100 гадоў».
Парадаваў доўгажыхарку і падарунак ад раённага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва -- цёплы плед, які са словамі пажадання здароўя і дабрабыту перадалі інспектары па асноўнай дзейнасці аддзялення сацыяльнай дапамогі на даму Алеся Калітнік і Вераніка Ткач. Арганізатары мерапрыемства прадугледзелі і музычны падарунак: цудоўныя беларускія песні падарылі віноўніцы ўрачыстасці ўдзельніцы народнага фальклорна-этнаграфічнага ансамбля «Крынічанька» і яго кіраўнік Дзмітрый Бажко.
Сям’я ўнука атуліла клопатам
Соф’я Іванаўна шчыра радавалася такой увазе, расказвала гасцям аб сваім жыцці. Нарадзілася яна ў вёсцы Шыпулічы Гарадзілаўскага сельсавета. Пры Польшчы давялося працаваць у паноў у вёсцы Кізілава, пазней даглядала малую дачку пана, які быў начальнікам на чыгунцы. З мовай праблем не было: Соф’я закончыла чатыры класы польскай школы. Яна, дарэчы, і цяпер чытае без акуляраў, мае добры слых. Любіць глядзець тэлевізар, а яе любімы серыял -- «Сваты».
У 21 год Соф’я выйшла замуж за старэйшага за яе на сем гадоў аднавяскоўца Уладзіміра Конана. Сустракаліся з ім два гады, пажаніліся ў 1942-м, разам перажылі ваеннае ліхалецце, разам радаваліся вызваленню роднай Беларусі. У мірны час Уладзімір Лук’янавіч працаваў на чыгунцы, Соф’я Іванаўна -- паляводам у калгасе. Трымалі вялікую гаспадарку: каня, карову, свіней. Шмат працавалі, у іх доме заўсёды быў хлеб і да хлеба. Выгадавалі адзінага сына Івана, які, на вялікі жаль, пайшоў з жыцця ў 65 гадоў. Даўно няма і мужа, з якім жылі душа ў душу. Вось ужо 16 гадоў Соф’я Іванаўна жыве ў Цюрлях у сям’і свайго ўнука Сяргея. 17 верасня Сяргей Іванавіч і Галіна Чаславаўна сабралі ў сваім прасторным, утульным доме радню, суседзяў, адзначылі векавы юбілей бабулі.
-- У мяне вельмі добрыя ўнукі Сяргей і Аляксандр, цудоўныя праўнучкі Віка і Даша! -- не раз паўтарыла ў час нашай размовы юбілярка.
-- Мы з бацькамі часта прыязджалі ў Шыпулічы на выхадныя, дапамагалі па гаспадарцы, я любіў там быць на канікулах. Памятаю, якія смачныя катлеты, галубцы, бліны пякла бабуля ў печы! -- з удзячнасцю гаворыць унук.
Калі Соф’я Іванаўна засталася адна, сын забраў яе да сябе. Пасля яго смерці жанчына жыве з сям’ёй унука. Нельга было не заўважыць, з якой цеплынёй і павагай ставіцца Сяргей Іванавіч да бабулі:
-- Яе жыццё не назавеш лёгкім, аднак яна заўсёды была аптымісткай і вялікай працаўніцай. І цяпер імкнецца дапамагаць нам у агародзе, але мы не дазваляем… Яна добры, шчыры чалавек, да якой заўсёды прыходзілі па параду, дапамогу суседзі, аднавяскоўцы.
-- Калі была маладзейшай, Соф’я Іванаўна нам цёплыя шкарпэткі вязала, і цяпер іх носім, -- уступае ў размову сваячка Марыя Махнач.
Шмат добрых слоў сказала пра суседку Ванда Куніцына, якая таксама прыйшла з віншаваннямі.
Пазітыўны настрой, любоў да жыцця і людзей -- гэта і ёсць галоўны сакрэт, як дажыць да 100 гадоў. А яшчэ глыбокая вера ў Бога. З маленства і да глыбокай старасці Соф’я Іванаўна сустракае і заканчвае кожны новы дзень са шчырай малітвай, просіць у Госпада для сваёй радні, для ўсіх людзей здароўя, дабрыні, спагады, любові да бліжняга, а для роднай Беларусі -- мірнага і спакойнага жыцця.
Анжаліка КРУПЯНЬКОВА.
Фота: АЎТАР, архіў СЯМ’І КОНАН.