16.09.2023 8:04

Салігорск сустракае гасцей: сфатаграфаваліся на фоне тэрыконаў, падняліся на званіцу самага вялікага храма Беларусі

Калі купляю харчовую соль, заўсёды інтуітыўна аддаю перавагу каменнай. А пасля наведвання Салігорска пераканалася, што яна па сваіх спажыўных якасцях абсалютна не ўступае марской солі, якая нашмат даражэйшая. Аказваецца, 350-360 мільёнаў гадоў таму на тэрыторыях, дзе знаходзіцца горад беларускіх шахцёраў, было мора…

Пра гэта і многае іншае даведалася ў час нядаўняга падарожжа ў Салігорск, які, дарэчы, у канцы жніўня адзначыў сваё 65-годдзе, а сёння, 16 верасня, запрасіў гасцей на абласныя «Дажынкі».

Касцяк групы маладзечанскіх турыстаў складалі бібліятэкары. Па папярэдняй дамоўленасці нас гасцінна сустрэлі іх калегі з Салігорскай раённай бібліятэкі на чале з дырэктарам Людмілай Муравейка, арганізавалі для нас шыкоўную экскурсійную праграму, за што мы ім вельмі ўдзячныя.

Марсіянскія пейзажы

Бардовы бібліёбус Салігорскай бібліятэкі сустрэў нас на пад’ездзе да горада. Знаёмства з Салігоршчынай пачалося са знакамітых тэрыконаў, на фоне якіх абавязкова фатаграфуюцца турысты. Мы не выключэнне. Тэрыконы -- рознакаляровыя штучныя горы да 160 метраў вышынёй, якія ўтвараюцца ў працэсе выпрацоўкі месцанараджэння калійнай солі. Як нам не ганарыцца, што кожная пятая тона калійнай солі ў свеце здабываецца ў Салігорску! Яе тут адкрылі ў 1949 годзе. Цікава, што геолагі шукалі нафту, а знайшлі не менш каштоўныя залежы. 10 жніўня 1958 года быў закладзены першы сімвалічны камень у будаўніцтва населенага пункта, першапачатковая назва якога была рабочы пасёлак Нова-Старобінск, аднак яна не прыжылася. У 1963 годзе Салігорск атрымаў статус горада абласнога падпарадкавання. Ён адзін з найбуйнейшых у Мінскай вобласці, тут жыве каля 100 тысяч чалавек.

Сфатаграфавацца на фоне тэрыконаў можна, а вось заходзіць на тэрыторыю прадпрыемства забараняецца, як і залазіць на салёныя горы. Гэта небяспечна: адпрацаваная парода можа асыпацца пад нагамі. Між тым незвычайныя для Беларусі «марсіянскія» пейзажы: тэрыконы, каньёны, вадаспады з гротамі, бірузовыя вадаёмы (беларускія Мальдзівы) неаднойчы выкарыстоўваліся для відэаздымак. Расіяне нават здымалі тут фільм «Трэцяе неба». Бібліятэкары расказалі, што не так даўно «Песняры» запісвалі тут свой відэакліп.

На тэрыторыі «Беларуськалія», дзе сёння працуе каля 18 тысяч чалавек, мы сфатаграфаваліся ля помніка шахцёру, створанага са 160 металічных пласцін. Гэта падарунак прадпрыемству кітайскай дэлегацыі. На плячы ў шахцёра -- сімвалічны адбойны малаток, якім пачыналі здабываць калійную соль. Цяпер, зразумела, увесь працэс аўтаматызаваны.

Прымералі шахцёрскую каску

Аднак праца шахцёра па-ранейшаму застаецца самай цяжкай і небяспечнай. У гэтым мы пераканаліся ў музеі Працоўнай славы ААТ «Беларуськалій», дзе сабрана каля дзвюх тысяч экспанатаў. На сценах музея -- імітацыя пластоў калійнай солі. Подыум з круглымі люстэркамі, што ўстаноўлены паралельна на падлозе і столі, імітуе глыбокі шахтавы ствол і нібыта спускае наведвальнікаў у шахту. Мы даведаліся, што шахцёры працуюць на глыбіні ад 350 да 600 метраў, максімум -- 950. Убачылі спецадзенне шахцёраў савецкіх часоў і сучаснае, нават прымералі старадаўнюю каску, абцягнутую скурай. На сучаснай пластмасавай касцы -- ліхтар, на адзенні флікеры, кожнаму работніку выдаецца самавыратавальнік з кіслароднай маскай, накшталт процівагазу. Пасля 25 гадоў работы шахцёры ідуць на пенсію, аднак многія працягваюць працаваць. Як нам сказалі, сярэдняя зарплата ў іх 5-6 тысяч рублёў, прадугледжаны вельмі добры сацыяльны пакет: медстрахоўка, свой санаторый, харчовыя пайкі і г.д. Мы, дарэчы, абедалі ў кафэ прадпрыемства: вельмі смачна і нядорага.

Цікавы экспанат музея -- закамянелыя рэшткі трох ракаскарпіёнаў, якія жылі на нашай планеце ў палеазойскую эру 350 мільёнаў гадоў таму, задоўга да дыназаўраў. Іх знайшлі пры здабычы калійнай солі на адным з руднікоў «Беларуськалія». Самы буйны ракаскарпіён 34 см у даўжыню.

На асобнай экспазіцыі -- узоры калійных угнаенняў вытворчасці «Беларуськалія». Выпускаюць тут і каменную соль, аб якой гаварылася ў пачатку матэрыялу.

Самы вялікі праваслаўны храм у Беларусі

Гэта Салігорскі кафедральны сабор Нараджэння Хрыстова, экскурсію па якім правёў для нас яго настаяцель протаіерэй Сергій Чарны. Ён расказаў, што сабор узводзіўся амаль 20 гадоў і быў адкрыты у 2017-м. Прыгажосць і велічнасць храма нікога з нас не пакінула раўнадушным. Яго вышыня -- 60 метраў. Сцены і зводы распісаныя прыгожымі фрэскамі. Адна з іх уразіла асабліва: беларускія святыя трымаюць карту Беларусі і тым самым аберагаюць нашу краіну ад бед. Заўважылі мы, што з мэтай супрацьпажарнай бяспекі ля ікон не прадугледжана ставіць свечкі. Для іх пры ўваходзе адведзены спецыяльныя нішы з пяском, абсталяваныя выцяжкамі. Разам з айцом Сергіем мы падняліся на званіцу, на якой знаходзіцца 13 званоў, што ўключаюцца аўтаматычна. У нас была магчымасць пачуць іх дзівосны гук, палюбавацца Салігорскам з вышыні птушынага палёту.

Сабор знаходзіцца ў скверы Сям’і, любові і вернасці з прыгожым ландшафтным дызайнам, малымі архітэктурнымі формамі. Тут устаноўлена скульптура святой велікамучаніцы Варвары, якая з’яўляецца апякункай шахцёраў.
Пабывалі мы таксама ў храме Пакрова Прасвятой Багародзіцы ў вёсцы Чыжэвічы. Узведзены ў 1795 годзе, ён з’яўляецца помнікам беларускага драўлянага дойлідства. На яго тэрыторыі створаны царкоўна-гістарычны музей Слуцкай епархіі. Тут сабрана багатая калекцыя старадрукаваных царкоўных кніг, рэчаў і многае іншае. Наведалі дом-музей, прысвечаны памяці святога ахоўніка Салігорскага краю новапакутніка Іаана Чыжэўскага (Панкратовіча). Ён быў настаяцелем гэтага храма, загінуў за веру ў час рэпрэсій у 1937 годзе. У 1999-м далучаны да ліку святых Праваслаўнай царквы. Цікава было прайсціся па трохпавярховым будынку Салігорскай раённай бібліятэкі, пазнаёміцца з яе супрацоўнікамі, даведацца аб іх сучасных праектах, якія маюць рэзананс не толькі ў Салігорску, але і ва ўсёй краіне. Адзін з іх прысвечаны любімаму гараджанамі парку Чатырох Стыхій, дзе праходзяць многія мерапрыемствы. Шмат лакацый разгорнецца тут і на абласных «Дажынках». Без сумненняў, ва ўдзельнікаў мерапрыемства застанецца шмат добрых уражанняў. Нам Салігорск вельмі спадабаўся: сучасны, добраўпарадкаваны, перспектыўны. Адчуваецца, што жыццё тут струменіць, нібыта той велізарны, 20-метровы фантан у парку Чатырох Стыхій…

Анжаліка КРУПЯНЬКОВА.
Фота: архіў АЎТАРА.

Прочитано 451 раз Последнее изменение 16.09.2023 8:04
Анжаліка Крупянькова

Этот адрес электронной почты защищён от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.