Яна стала вынікам новага праекта, ідэю якога прапанавала намеснік дырэктара Таццяна Кушаль, а рэалізавала метадыст аддзела традыцыйнага мастацтва і аматарскай творчасці Надзея Канапацкая.
-- Нашы бабулі ведалі, які глыбінны сэнс нясе кожны арнамент, вышывалі іх на ручніках, абрусах, упрыгожвалі імі адзенне. Гэта нашы абярэгі, і мы не павінны іх забываць, -- лічыць Таццяна Кушаль.
-- Наш мастак Ксенія Арлоўская распрацавала схемы каля 20 арнаментаў, -- працягвае Надзея Канапацкая. -- З дапамогай жараб’ёўкі, каб усе былі ў аднолькавых умовах, мы іх размеркавалі сярод сельскіх дамоў культуры. Іх кіраўнікі падключылі рукадзельніц, і справа пайшла…
Большасць арнаментаў выканана ў аднолькавым стылі: на канве памерам А4 чырвонымі, у некаторых выпадках чорнымі ніткамі мулінэ. Вышыўкі ўставілі ў рамкі пад шкло -- атрымаліся прыгожыя пано. А ўсе разам, аформленыя на выстаўцы, аздобленыя беларускімі ручнікамі, каласамі, вырабамі з саломкі, яны сталі своеасаблівай азбукай беларускай народнай творчасці, сведчаннем нашай самабытнасці, нашага спрадвечнага культурнага кода.
Дзве птушачкі, павернутыя дзюбкамі адна да адной, паміж іх -- дрэва. Гэта сімвал кахання, які часта можна ўбачыць на вясельных ручніках. Ромб, густа ўпрыгожаны дробнымі ўзорамі-крыжыкамі, нібыта зярняткамі, -- сімвал зямлі. Кампазіцыя з ромбаў розных памераў, якая нагадвае фігуру жанчыны, -- вобраз маці…
Сімвалы сонца, песні, ураджаю, крыніцы, роднай Беларусі -- усё ёсць у гэтай наймудрэйшай жыццёвай азбуцы. Галоўнае, каб у нас было жаданне яе спасцігнуць, адчуць сваю прыналежнасць да бясцэннай спадчыны, што дасталася нам ад продкаў.
Удзельнікі праекта, якія адгукнуліся на яго памкненнем сваёй душы, засталіся задаволеныя вынікам. Кажуць, што нават і не чакалі, што атрымаецца так прыгожа.
-- Даўно захапляюся вышыўкай, а вось беларускія сімвалы давялося вышываць упершыню, -- прызнаецца аўтар пано «Душа» Ганна Лемантовіч з Відзеўшчыны.
-- А да чаго імкнецца ваша душа? Што звычайна вышываеце?
-- Нашы беларускія кветкі, карціны з прыродай. У нас шмат прыгажосці, шмат сімвалаў: каласы, буслы, васількі, каравай…
Загадчыца Заскавіцкага сельскага Дома культуры Ірына Капуста расказвае, што вышывае рэдка, аднак гэта не перашкодзіла ёй з энтузіязмам узяцца за іголку і стварыць прыгожы арнамент пад назвай «Сям’я». У ім усе фрагменты злучаныя суцэльнымі лініямі, як і бацькі з дзецьмі, навечна з’яднаныя ў адно цэлае.
-- Да мяне ў гурток ходзяць трэцякласнікі Хажоўскай школы, і мы таксама вышывалі з імі беларускія арнаменты. Дзецям яны падабаюцца, а вышыўка крыжыкам нядрэнна атрымліваецца нават у хлопчыкаў, -- падключаецца да размовы аўтар дзвюх работ «Каханне» і «Маці і святое дрэва» кіраўнік гуртка раённага цэнтра рамёстваў Надзея Кочуб.
Надзея расказвае, што беларускія арнаменты яны з калегамі выкарыстоўваюць пры аплікацыі саломкай, упрыгожваюць імі шкатулкі, куфры -- сабралася ўжо цэлая калекцыя.
Аўтар ідэі Таццяна Кушаль таксама не засталася ў баку: вышыла арнамент «Зямля»:
-- Пакуль распрацоўвалі праект, мы з калегамі шмат чыталі спецыяльнай літаратуры, распытвалі ў старажылаў. Аказваецца, каб той ці іншы сімвал стаў сапраўдным абярэгам, нашы бабулі вышывалі яго толькі на малады месяц.
Прыступалі да работы ў пачатку дня і абавязкова з добрым настроем. І яшчэ важнае правіла: для самога сябе вышываць абярэг нельга. Трэба, каб гэта зрабіла маці, бабуля -- той, хто вас шчыра любіць і жадае вам толькі дабра.
У рамках праекта супрацоўнікі клубнай сістэмы ствараюць брашуру, прысвечаную беларускім арнаментам. А два дзясяткі пано стануць пастаяннымі выставачнымі экспанатамі, дапамогуць работнікам культуры далучаць людзей да нашай спадчыны, каб яшчэ больш даражыць ёю і адчуваць сябе сапраўднымі беларусамі.