Да фермера завітаў у першы дзень уборкі бульбы. У полі працавалі добраахвотныя памочнікі, якіх накіравала раённая служба занятасці. Работа кіпела. Людзі дружна збіралі ў вёдры клубні, а потым ссыпалі ў 35-кілаграмовыя мяшкі. Удзельнікі аплачваемых работ працавалі як на ўласным падворку.
-- Ураджай сёлета нядрэнны, -- сказала Алена Троцкая. -- Аднак летась быў лепшы -- паўплывала засуха вясной і ў пачатку лета. Аднак адсутнасць дажджоў не адбілася на якасці і смаку бульбы. Стравы з яе ацэніць нават самы пераборлівы гурман.
Субяседніца паведаміла, што ў асноўным вырошчвае гатунак бульбы «Гала». Ён высокаўраджайны, непатрабавальны ў доглядзе, устойлівы да хвароб. Частку ўраджаю ў гаспадарцы пакідаюць у якасці насеннага матэрыялу. Асноўны аб’ём рэалізуецца спажыўцам. Сярод іх ёсць сацыяльныя ўстановы.
-- Супрацоўніцтва са службай занятасці выгаднае ўсім, -- падкрэсліла Алена Аляксандраўна. -- Што тычыцца маіх добраахвотных памочнікаў, за кожны дзень яны атрымліваюць агародніну і 25 рублёў. У маіх інтарэсах, каб ураджай быў убраны як мага хутчэй. А для гэтага патрэбна дапамога. Не застаюцца ў накладзе і спажыўцы. Пры паспяховай уборцы супавы набор будзе гарантаваны кожнай сям’і.
З фермерам згодныя маладзечанкі Алена Ярмак і Таццяна Тонціч. У працоўны дэсант яны ўліліся дзякуючы службе занятасці. Удзельнічаюць у аплачваемых работах ужо некалькі гадоў. Калі ёсць магчымасць, заўсёды прыязджаюць да Алены Троцкай. Жанчын задавальняе форма аплаты, а таксама тое, што на поле іх прывозіць і забірае пасля змены спецыяльны аўтобус. Не трэба думаць пра транспарт, каб даставіць вітамінную прадукцыю ў горад.
-- Я працую у Мінску, жыву ў Маладзечне, -- расказала адна з добраахвотных памочніц. -- Рабочы графік дазваляе некалькі дзён на тыдзень прыняць удзел ва ўборцы ўраджаю. Справа гэта выгадная і карысная і для мяне, і для дзяржавы. Нельга, каб ураджай застаўся ў полі. Людзям трэба памятаць пра гэта і актыўна далучацца да сельскагаспадарчых работ.
Маладзечанец Дзмітрый Віткоўскі -- таксама пастаянны ўдзельнік аплачваемых работ. Ён разлічвае назапасіць на зіму дастатковую колькасць агародніны і грошы зарабіць.
-- Сёння на полі нас, мужчын, толькі двое, -- паведаміў субяседнік. -- Але нічога, спраўляемся. Надвор’е добрае, і калектыў падабраўся дружны. Пазнаёміліся, калі ехалі на поле. Галоўнае для нас -- сабраць бульбу. Зробім гэта -- і зіму будзе чакаць весялей!
Тэкст і фота: Алег БЯГАНСКІ.