24.07.2023 10:22

Аксаміткі -- у колер дома

-- Люблю ствараць з кветак кампазіцыі рознага колеру! Бачыце, злева ад нашага дома -- уздоўж дарожкі -- толькі жоўтыя, у колер нашага дома, аксаміткі растуць, справа -- толькі аранжавыя. І петуніі ружовыя, бэзавыя, фіялетавыя саджу, іншыя кветкі падбіраю па колеры. Каб не пераблытаць, восенню збіраю насенне, раскладаю па пачках, падпісваю, -- дзеліцца сваімі сакрэтамі жыхарка вуліцы Прывакзальнай вёскі Краснае Ніна Козел, адна з удзельніц раённага конкурсу «Ветэранскае падвор’е-2023».

Дом Ніны Уладзіміраўны і яе мужа Уладзіміра Аляксандравіча патанае ў кветках. Усе віды і пералічыць немагчыма: радуюць вока пышныя кусты ружаў, зацвітаюць лілеі, дываном рассцілаюцца аксаміткі, якія будуць цвісці аж да позняй восені. Клямаціс, дуброўка (лапчатка), сальвінія, гадэцыя: куды ні кінь позірк -- усюды кветкі. Адны растуць на клумбах, іншыя -- у вазонах, для якіх зварыў жалезныя падстаўкі, падвескі гаспадар, майстар на ўсе рукі. Уладзімір Аляксандравіч нават трактар сам сабраў -- выдатная падмога для гаспадаркі. А якія адмысловыя жалезныя лесвіцы змайстраваў: так і хочацца па іх забрацца, каб з вышыні другога паверха палюбавацца на кветкавы рай…

У дабротнай самаробнай цяпліцы спеюць памідоры розных гатункаў. Жалезная арка, абвітая вінаградам -- нібы ўваходная брама ў зону для адпачынку. У прыгожай, прасторнай альтанцы, якую таксама пабудаваў гаспадар, любіць збірацца вялікая сям’я. Печку для мангала злажыў старэйшы ўнук Павел, але і дзед прыклаў руку -- зрабіў над ёю адмысловы жалезны дах. Непадалёк спартыўная пляцоўка зноў жа дзедавай работы: арэлі, турнікі, каб унукі раслі моцнымі, загартаванымі.

-- Як даўно вы тут жывяце? -- пытаюся ў гаспадыні.

-- З 1982 года. Я родам з Уланаўшчыны, муж -- з Воўкаўшчыны. Калі мы пажаніліся, мае бацькі пачалі будаваць для нас гэты дом. Мая мама Марыя Сцяпанаўна была ўнікальным чалавекам: вырасла сіратой, усяго прывыкла дабівацца сама, і ёй многае ўдавалася. Шмат гадоў яна працавала прадаўцом у Відзеўшчыне, яе многія ведалі, паважалі. Выгадавалі з татам нас, траіх дзяцей. Трымалі вялікую гаспадарку. Калі мы стварылі сем’і, дапамагалі ўсім чым толькі маглі. Навучылі і нас дапамагаць адзін аднаму, цаніць сваю сям’ю, жыць па божых запаведзях. Мама мне заўсёды гаварыла: «Той, хто шчыра верыць у Бога, нічога дрэннага не зробіць, знойдзе правільны шлях у жыцці».

У Ніны Уладзіміраўны і Уладзіміра Аляксандравіча дзве цудоўныя дачкі Наталля і Алена. Яны абедзве ў свой час закончылі школу з залатымі медалямі, атрымалі вышэйшую адукацыю: Наталля -- эканамічную, Алена -- педагагічную, а затым і эканамічную. Радуюць бабулю і дзядулю пяцёра ўнукаў: Павел, Міхаіл, Арсеній, Цімафей, Сцяпан. Усе яны, можна сказаць, тут выраслі, любяць прыязджаць сюды і цяпер. Калі былі малымі, праводзілі тут усе канікулы. Ніна Уладзіміраўна прыгадвае, як муж спецыяльна ўзяў водпуск, каб даглядаць адразу чацвярых унукаў ад 2 да 12 гадоў. Згадзіцеся, рэдка які мужчына на такое згадзіцца…

Між тым прафесія ў яго была вельмі адказная -- да пенсіі працаваў вадзіцелем у пажарна-выратавальнай часці. Ніна Уладзіміраўна 32 гады была пашпартысткай у Красненскім сельскім Савеце. Калі толькі прыйшла, яго ўзначальваў ветэран Вялікай Айчыннай вайны Міхаіл Калеснікаў, затым яго змяніла Ева Сасноўская, з якой і сёння яны ў сяброўскіх адносінах. Сімвалічна, што эстафету ад маці пераняла малодшая дачка: Алена працуе кіраўніком спраў Красненскага сельвыканкама.

Пра былых калег, знаёмых Ніна Уладзіміраўна гаворыць з цеплынёй. Такі яна чалавек: умее бачыць і цаніць у людзях добрае.
Кветкаводства не адзінае хобі жанчыны. Яна і адмысловая кулінарка, на сямейныя святы выпякае з цеста свае фірменныя «пеўнікі» і «грыбкі». І яны не толькі вельмі смачныя, але і прыгожыя, рознакаляровыя, нават есці шкада. Нярэдка пячэ для ўнукаў і вафлі, рэцэптам якіх падзялілася з нашай газетай. Шчодра дзеліцца яна з аднавяскоўцамі і расадай кветак: чым больш іх будзе на сядзібах -- тым больш прыгожым стане іх Краснае, а значыць, і само жыццё…

Анжаліка КРУПЯНЬКОВА.
Фота: АЎТАР, архіў СЯМ’І КОЗЕЛ.

Рэцэпт вафляў ад Ніны Козел
Растапіць пачак маргарыну, дадаць шклянку цукру (калі любіце салодкае -- можна і больш), узбіць 5 яек, дадаць 1,5 шклянкі мукі. Па гэтым рэцэпце вафлі ў электравафельніцы атрымліваюцца хрумсткімі, смачнымі.

Прочитано 368 раз
Анжаліка Крупянькова

Этот адрес электронной почты защищён от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.