У рабоце прынялі ўдзел міністр культуры Рэспублікі Беларусь Анатолій Маркевіч, намеснік старшыні Мінскага абласнога выканаўчага камітэта Іван Маркевіч, начальнік галоўнага ўпраўлення культуры Мінскага аблвыканкама Ала Шахоцька, начальнік галоўнага ўпраўлення дзяржаўных спецыяльных культурных мерапрыемстваў і прафесійнага мастацтва Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь Ірына Дрыга, старшыня Маладзечанскага раённага выканаўчага камітэта Юрый Горлаў, іншыя адказныя работнікі.
Былі абмеркаваны пытанні ідэалагічнага забеспячэння падрыхтоўкі і правядзення фестывалю, захавання бяспекі ў час правядзення масавага мерапрыемства, размяшчэння друкаванай, гукавой рэкламы фестывалю ў гандлёвых кропках, грамадскіх месцах, святочнага афармлення горада. Ішла размова аб тым, як наводзіцца парадак, ідзе падрыхтоўка на асноўных фестывальных пляцоўках Маладзечна, у сельскіх населеных пунктах, праз якія пралягае фестывальны маршрут, у Купалаўскім мемарыяльным запаведніку «Вязынка». Разглядаліся і іншыя арганізацыйныя пытанні.
Удзельнікі рабочай групы наведалі Цэнтральную плошчу, вуліцу Прытыцкага, дзе разгорнуцца лакацыі фестывалю. Пабывалі і ў цэнтральнай раённай бібліятэцы імя Максіма Багдановіча, парку Перамогі, Летнім амфітэатры, Палацы культуры, дзе пройдзе шэраг мерапрыемстваў у рамках фестывалю. У выставачнай зале раённага цэнтра рамёстваў яны пазнаёміліся з сувенірамі мясцовых умельцаў, падрыхтаванымі да фестывалю.