19.05.2023 10:38

Усе работы важныя, усе спецыялісты патрэбныя

Май для аграрыяў вельмі адказны месяц. У гаспадарках завяршаецца вясновая сяўба, вядзецца хімічная апрацоўка палёў і падкормка раслін, людзі і тэхніка рыхтуюцца да корманарыхтоўкі. Гэтыя і іншыя работы праводзяцца ў сельскагаспадарчым унітарным прадпрыемстве «Хажоваагра-2009».

Работнікі плацяць за харчаванне трэць ад яго кошту

Мы наведалі гаспадарку ў адзін з цёплых дзён, калі на палях цвіў рапс, сады былі пакрыты яркім дываном прыгожых кветак, набіралі моц азімыя культуры. Суправаджала нас старшыня прафкама сельскагаспадарчага прадпрыемства Галіна Жохавец. Яна расказала пра арганізацыю работ і пазнаёміла з некаторымі спецыялістамі.

-- Людзі, якія задзейнічаны на палявых работах, выдатна разумеюць сваю адказнасць за будучы ўраджай, -- паведаміла субяседніца. -- Яны выконваюць свае абавязкі з поўнай аддачай, берагуць кожную мінуту. Спецыялісты ведаюць, што могуць нядрэнна зарабіць у гэты перыяд. Задача кіраўніцтва -- арганізаваць эфектыўную работу, забяспечыць работнікаў усім неабходным, стымуляваць іх працаваць якасна.

Адна з мер павышэння матывацыі працы -- удзел у прафесійным спаборніцтве. Спаборнічаюць аграрыі асобна па кожным відзе работ у час пасяўной, корманарыхтоўкі, уборкі ўраджаю. Да ўвагі бярэцца, на якой тэхніцы працуе спецыяліст, наколькі якасна ён выконвае заданні. Пераможцам выплачваецца грашовая прэмія.

Паколькі ў час палявых работ людзі занятыя практычна ад цямна да цямна, вялікае значэнне мае арганізацыя гарачага харчавання. Абеды гатуюцца на адным са спецыялізаваных прадпрыемстваў у горадзе. Сярэдні кошт аднаго абеду -- каля 10 рублёў. Работнікі аплачваюць 30 працэнтаў. Акрамя таго, яны забяспечваюцца падвячоркамі і мінеральнай вадой.

-- Гарачае харчаванне ўдзельнікі палявых работ атрымліваюць да завяршэння жніва, -- адзначыла Галіна Жохавец. -- Кормяць і жывёлаводаў, якія кругласутачна пасуць буйную рагатую жывёлу. Падтрымка распаўсюджваецца на работнікаў іншых арганізацый, якія накіроўваюцца па рашэнні райвыканкама на дапамогу аграрыям. Дапамагаюць гаспадарцы спецыялісты УП «Камунальнік», ЗАТ «Амкадор-Унікаб», іншых прадпрыемстваў. Яны таксама ўносяць свой уклад у раённы хлебны каравай.

У гаспадарцы працуюць чатыры родныя чалавекі

Паездка па палях атрымалася інфарматыўнай і змястоўнай. Мы пераканаліся, што работы вядуцца ў комплексе, яны ахопліваюць усю тэрыторыю «Хажоваагра-2009». Пры гэтым задзейнічана розная тэхніка.

Сярод відаў работ -- хімічная апрацоўка палёў, уборка камянёў, падрыхтоўка глебы да сяўбы сельскагаспадарчых культур. Сапраўды, сучаснае аграрнае прадпрыемства -- складаны механізм. Кіраваць ім, каардынаваць работу ўсіх падраздзяленняў -- надзвычай важная задача.

На адным з палёў пазнаёміліся з Паўлам Вайцюлевічам. На сваім магутным «Беларусе» ён рыхліў глебу. Бароны захоплівалі шэсць метраў за праход.

-- Пасля завяршэння пасяўной пачнецца корманарыхтоўка, -- расказаў механізатар. -- У маіх абавязках будзе адвозіць зялёную масу з палёў да сянажных траншэй. Да «зялёнага жніва» я і мае калегі рыхтуемся загадзя. Восенню настане час араць зямлю пад сяўбу азімых, вывозіць салому. Сумаваць не даводзіцца. Аднак такі стыль жыцця мне падабаецца.

Павел Вайцюлевіч за шэсць гадоў працы механізатарам зарэкамендаваў сябе як выдатны спецыяліст. Жыллём яго забяспечыла гаспадарка.

Звязалі сваё жыццё з «Хажоваагра-2009» і сваякі Паўла. На малочнатаварнай ферме «Мачыноўшчына» працуюць маці механізатара Галіна Іосіфаўна (аператар машыннага даення) і сястра Марыя Алегаўна, якая вядзе ўлік. Яшчэ адна сястра, Таццяна Алегаўна, аператар машыннага даення на МТФ «Слабодка».

Больш мёду – лепшы ўраджай рапсу

У пачатку матэрыялу нездарма згадаў пра квітнеючы рапс. Як вядома, апыленне пчоламі значна павялічвае ўраджайнасць сельскагаспадарчых культур. Для гэтага ў гаспадарцы ёсць стацыянарны і мабільны пчальнікі. Адказвае за іх пчаляр Анатолій Смолік. Да яго мы таксама завіталі.

-- Рапс -- выдатны меданос, як і грэчка, люцэрна, канюшына, іншыя культуры, -- заўважыў субяседнік. -- Таму цяпер гарачая пара не толькі для людзей, але і для пчол. Насякомыя робяць за дзень дзясяткі рэйсаў, носяць у вуллі каштоўны прадукт. Ім трэба апыліць многа гектараў. Нездарма кажуць, што ў час вясновага цвіцення кожная пчала на вагу золата.

Усяго ў пчальніку 120 пчоласем’яў. «Спецыялізуюцца на камандзіроўках» (мабільны пчальнік) чатыры дзясяткі сем’яў пчол. Засяляюць вуллі пчолы сярэднярускай пароды. Яны вельмі працавітыя, але схільныя да раення. Трэба быць вельмі ўважлівым, каб незнарок рой не зляцеў.

-- Гэты год для пчальніка складваецца ўдала, -- паведаміў Анатолій Ігнацьевіч. -- Насякомыя перанеслі зіму добра. Як толькі расліны зацвілі, пчолы прыступілі да сваіх абавязкаў. Каб сем’і адчувалі сябе добра, неабходна ахоўваць іх ад кляшчоў, папярэджваць інфекцыйныя захворванні. Важна падтрымліваць у парадку сам пчальнік, усе вуллі. Калі да справы ставішся адказна, вынік абавязкова парадуе.

Спецыяліст падкрэсліў, што пчолы з’яўляюцца аб’ектыўнымі індыкатарамі культуры вядзення сельскай гаспадаркі. Калі ўсе сродкі аховы раслін прымяняюцца правільна, згодна з тэхналагічнымі нормамі, на насякомых гэта не адбіваецца негатыўна. І «Хажоваагра-2009» тут можна паставіць у прыклад.

Алег БЯГАНСКІ.
Фота: Аляксей ПЛАТКО.

Прочитано 291 раз Последнее изменение 19.05.2023 10:38
Алег Бяганскі

Этот адрес электронной почты защищён от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.