29.04.2023 8:25

Глафіра Сільвановіч: «У родным калгасе знайшла сваё шчасце»

-- Ніхто не прымушаў мяне вучыцца, а я імкнулася! Узімку ў гумовых ботах па гурбах снегу ў школу сцежку пратоптвала, бо іншага абутку не мела. Аднойчы, калі вярталася позна вечарам з вячэрняй школы, мяне праводзіў дадому… воўк, але, на шчасце не крануў, -- вяртаецца ў далёкую маладосць жыхарка Палачан Глафіра Сільвановіч. Яна равесніца Мінскай вобласці: 31 студзеня адзначыла сваё 85-годдзе.

Гісторыя яе жыцця -- хоць кнігу пішы. Пра тое, як простая вясковая дзяўчынка, якая нарадзілася ў мнагадзетнай сям’і за тры гады да вайны, нягледзячы на беднасць, пасляваенную разруху, здолела знайсці сваё месца ў жыцці, стаць граматным і паважаным у калгасе бухгалтарам. Пра тое, як ёй пашчасціла не размінуцца са сваімі каханым, пражыць з мужам Міхаілам паўвека ў згодзе і любові, стаць годным прыкладам для дачок і ўнукаў.

Імем абавязана бацьку

-- У вас такое рэдкае і прыгожае імя. Хто вам яго даў? -- цікаўлюся ў Глафіры Усцінаўны.

-- Тата так захацеў мяне назваць. Расказваў, што калі хрысцілі ў царкве, бацюшка сказаў, што яно манаскае. Маё імя мне заўсёды падабалася. На рабоце прыемна было падымаць трубку тэлефона і адказваць: «Глафіра Усцінаўна слухае!».

У вёсцы Груздава, паблізу якой на хутары вырасла жанчына, яна была адзінай Глафірай. У сям’і стала другой дачкой пасля старэйшай Леаніды. Пасля нарадзіліся малодшыя Іна і Гена. Жылося няпроста, хаця і бацькі, і падрослыя дзеці стараліся, шмат працавалі на зямлі. З 15 гадоў Глафіра за працадні хадзіла на палявыя работы ў калгас. Успамінае, як у прыстасаванні з музычнай назвай «арфа» ачышчалі збожжа. Малодшая сястра Іна не ўгледзела, як у арфу ўкруцілася яе спадніца. Якраз на збожжатаку быў тагачасны старшыня калгаса Юльян Кашэўскі, дапамог дзяўчынкам вызваліць спадніцу…

У гумовых ботах -- па гурбах снегу

Пасля абавязковай па тых часах сямігодкі бацькі не прымушалі Глафіру вучыцца далей, але ёй вельмі хацелася. 15-гадовая дзяўчына адна з Груздава хадзіла ў Палачаны ў вячэрнюю школу. Заняткі пачыналіся ў сем гадзін вечара, дадому палявымі дарогамі вярталася апоўначы.

-- Як успомню той час, дык і цяпер «нэрв бярэ». Зімой у гумовых ботах даводзілася па снегу хадзіць: што ў іх, што босымі нагамі, аднолькава холадна, -- успамінае мая субяседніца.

Аднойчы, калі спускалася ад чыгуначнага пуці з горкі, убачыла ваўкоў, вочы якіх свяціліся ў цемры. Паспела дабегчы да крайняй хаты, папрасілася пераначаваць. Быў выпадак, калі спадцішка да яе падышоў воўк і суправаджаў «нага ў нагу» ледзь не да дома. Вельмі напалохалася, але не пабегла, не закрычала, каб не справакаваць звера. Мабыць, таму і не кінуўся на яе. Пасля гэтага бацька даў ёй газавы ліхтар, які адпуджваў драпежнікаў.

Веснавым разводдзем дзяўчына ў цемры ступіла ў ваду, думала, неглыбока, а яе панесла патокам. Змагла ўчапіцца за куст, выбрацца на бераг. Прыйшла дадому ўся мокрая. Вось якой суровай была яе дарога да ведаў!

У дзясяты клас Глафіра пайшла ў дзённую школу. І сёння з удзячнасцю ўспамінае выдатных настаўнікаў рускай мовы Надзею Яцукевіч, Людмілу Кавалеўскую, геаграфіі Міхаіла Абрамовіча і многіх іншых, якія далі добрыя веды, навучылі верыць у сябе.

Каханне з першага погляду

Пасля школы Глафіру ўзяў працаваць у сельскі Савет дэпутатаў яго старшыня Мікалай Царык. Дзяўчына вяла ўлік ваеннаабавязаных, прызыўнікоў. Пасля службы ў арміі прыйшоў станавіцца на ўлік Міхаіл Сільвановіч з Лапінцаў (цяпер Палачаны). Высокі, стройны, вельмі сціплы хлопец… Не ведала Глаша, што спадабалася, запала яму ў душу з першага погляду. У Груздаве на танцах запрасіў яе, але ні слова не сказаў. Між іншым Глафіра была выдатнай танцоркай і пяюхай, на полькі, вальсы ды кракавяк яе заўсёды першай хлопцы запрашалі. Міхаіл доўга не чакаў, прыйшоў у сваты, хаця яго сястра і маці былі супраць жаніцьбы, хацелі больш багатую нявестку.

Амаль не ведала Міхаіла Глаша, аднак адчула сваім дзявочым сэрцам, што гэты хлопец сур’ёзны і надзейны. І не памылілася: паўвека пражылі душа ў душу. Па-новаму адбудавалі куплены ў Аборку (цяпер вуліца Гагарына ў Палачанах) дом, выгадвалі дзвюх цудоўных дачок Ларысу і Зою. Адметна, што яны пайшлі па матуліных слядах: Ларыса стала эканамістам, Зоя -- бухгалтарам. Міхаіл Уладзіміравіч 42 гады адпрацаваў у калгасе вадзіцелем, доўгі час ездзіў на малакавозе, ставіўся да сваіх абавязкаў надзвычай адказна. На вялікі жаль, яго не стала 15 гадоў таму.

-- За ўсё жыццё Міша мне слова дрэннага не сказаў. Вельмі добрым быў, мне яго так не хапае. І сёння нібыта чую яго голас: прыходзіў з работы і з парога заўсёды казаў: «Жена дома! Жена моя любимая!», -- гледзячы на партрэт мужа, уздыхае жанчына.
Цяпер дочкі, унукі, праўнукі -- яе падтрымка і ўцеха…

Перад пенсіяй асвоіла камп’ютар

17 гадоў Глафіра Усцінаўна адпрацавала рахункаводам на пункце па прыёме буракоў. У 1981-м перайшла бухгалтарам у калгас імя 50-годдзя Кастрычніка (цяпер ААТ «Палачаны»). Туды толькі прыйшоў старшынёй Аляксандр Мучынскі, кіраўнік-рэфарматар, які ўкараняў перадавыя тэхналогіі як у вытворчасць, так і ў іншыя сферы жыцця. Галоўным бухгалтарам на той час была Любоў Фалей, начальнікам улікова-планавага аддзела Зінаіда Дзятлік. Бухгалтэрыя калгаса першай сярод гаспадарак раёна пачала працаваць на камп’ютарах. Глафіра Усцінаўна перад пенсіяй без праблем асвоіла новую тэхніку. Яна вяла паляводства, затым адзін з самых складаных кірункаў сельгасвытворчасці -- жывёлагадоўлю, а таксама механізацыю. Дарэчы, дачка Зоя пасля сельгасакадэміі таксама працавала бухгалтарам разам з маці, пасля замужжа перайшла ў СУП «ЯхімоўшчынаАгра».

Глафіра Усцінаўна ўспамінае, як дружна працавалі ў калгасе, як усе разам, у тым ліку старшыня, хадзілі ў Дом культуры на рэпетыцыі хору, якім на той час кіраваў Сяргей Копцеў. Выступалі перад палачанцамі, ездзілі з канцэртам у Вілейку. І з вялікай дамашняй гаспадаркай яны з мужам спраўляліся, на ўсё хапала сіл і часу…

Шмат прыгожых здымкаў захавалася ў старых альбомах. Працоўныя будні, цёплыя моманты сямейнага жыцця… На кожным з гэтых фота -- крупінка гісторыі сям’і Сільвановіч. І не толькі сям’і -- нашага краю. Бо на такіх сціплых, працавітых, адданых малой радзіме людзях і трымаецца наша зямля…

Анжаліка КРУПЯНЬКОВА.
Фота: АЎТАР, архіў СЯМ’І СІЛЬВАНОВІЧ.

Прочитано 308 раз
Анжаліка Крупянькова

Этот адрес электронной почты защищён от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.