03.02.2023 10:52

Паўвека сцяжынкай адзінай крочаць Сяргей ды Ірына

Жыхары вёскі Маліноўшчына Ірына і Сяргей Шалкоўскія, пастаянныя падпісчыкі нашай газеты, 27 студзеня прымалі віншаванні з 50-годдзем сумеснага жыцця.

І не толькі ад сваёй радні, сяброў. Па добрай традыцыі да іх завітала старшыня Лебедзеўскага сельскага выканаўчага камітэта Тамара Дудзіч.

-- Такія моцныя, дружныя, працавітыя сем’і -- гордасць нашага краю. Вы найлепшы прыклад для сваіх дзяцей, унукаў, праўнукаў як у сямейным жыцці, так і ў адносінах да сваёй работы, якой вы аддалі шмат дзясяткаў гадоў. Няхай заўсёды ў вашым доме пануюць лад і дабрабыт, звіняць дзіцячыя галасы! -- звярнулася да залатых юбіляраў Тамара Уладзіміраўна.

Іх таксама павіншавала старшыня прафкама Малінаўшчызненскага спіртагарэлачнага завода -- «Аквадыў» Марыя Малашка. Парадаваў і музычны сюрпрыз ад настаўніцы па класе скрыпкі Лебедзеўскай дзіцячай школы мастацтваў Юліі Ключнік.

Пазнаёміліся на песеннай Мядзельшчыне

У Ірыны Несцераўны і Сяргея Аляксеевіча двое дзяцей. Дачка Святлана таксама жыве ў Маліноўшчыне, працуе жывёлаводам у аграфірме «Лебедзева». Сын Андрэй перабраўся на радзіму маці на Мядзельшчыну, у яго нялёгкая прафесія вальшчыка лесу. У Шалкоўскіх трое ўнукаў, двое праўнукаў. Залатое вяселле -- выдатная нагода, каб хаця б на хвілінку вярнуцца ў свае маладыя гады, расказаць унукам, праўнукам, як і дзе пазнаёміліся, успомніць вяселле…

 

Ірына нарадзілася на хутары, у 1960-я гады бацькі перабраліся ў вёску Сваткі Мядзельскага раёна. Непадалёк ад яе знаходзіцца вёска Пількаўшчына, радзіма вядомага беларускага паэта Максіма Танка. Аказваецца, ён даводзіцца далёкім сваяком тату Ірыны. Не раз заходзіў да яе бацькоў разам з хрэснікам паэтам-песеннікам Іосіфам Скурко. Аднойчы разам з імі завітаў у госці і кампазітар Ігар Лучанок.

-- У нас вельмі песенны край! У вёсцы быў свой вялікі хор, які нават у Мінску выступаў. Мая мама ў ім удзельнічала, -- прыгадвае Ірына Несцераўна.

Будучы навучэнкай Мінскага тэхнікума савецкага гандлю, Ірына прыехала дадому на канікулы. На танцах пазнаёмілася з Сяргеем Шалкоўскім, маладым трактарыстам з вёскі Сакольнікі Маладзечанскага раёна, якога камандзіравалі на будаўніцтва дарогі да Сватак. Вясёлая, гаваркая, прыгожая Ірына спадабалася сур’ёзнаму, старэйшаму за яе на пяць гадоў Сяргею. Ён вырашыў доўга не цягнуць, прапанаваў руку і сэрца. 27 студзеня 1973 года на іх вяселлі гулялі ледзь не ўсе Сваткі. Ірына Несцераўна прыгадвае, што напярэдадні, у чацвер, па традыцыі іх мясцовасці ладзілі з сяброўкамі дзявочы вечар.

Здзівіў усіх жаніх, які з Маладзечаншчыны прыехаў з сябрамі і сваякамі на двух таксі -- нябачная раскоша па тым часе…
Нібы ўчора гэта было, і не заўважылі, як праляцела паўвека!

Бацькоўскі дом -- надзейны прычал

Напоўненыя вялікай працай, клопатам аб дзецях, унуках былі гэтыя пяцьдзясят гадоў. Сяргей Аляксеевіч працаваў вадзіцелем у «Сельгасхіміі», часта ездзіў на сваім «Урале» ў далёкія камандзіроўкі ў Расію, Украіну, Грузію. Дачка Святлана ўспамінае, як у дзяцінстве заўсёды чакала тату з камандзіроўкі, ведала, што прывязе гасцінцы. Аднойчы здзівіў блізкіх бананамі, якія на той час у нас не прадаваліся. Пазней Сяргей Аляксеевіч перайшоў на прадпрыемства электрасетак, ставіў слупы на бурыльнай машыне. Усё жыццё ён за рулём, у дарозе.

Ірына Несцераўна -- повар шостага разраду. З усмешкай прыгадвае, як уладкавалася ў сталовую станказавода, філіял рэстарана «Нарач», і ёй загадалі напячы сырнікаў, а яны разлезліся. І хаця за гады работы яна стала сапраўдным асам, асабліва ў прыгатаванні мясных, рыбных рулетаў, салатаў, іншых страў, гэты выпадак запомніла на ўсё жыццё. Давялося ёй стаяць за прылаўкам у былым магазіне №15 на вуліцы Прытыцкага, у буфеце дзіцячай бальніцы. А на заслужаны адпачынак пайшла з завода «Аквадыў», дзе працавала вагаўшчыком.

-- Мы бязмерна ўдзячныя бацькам за іх клопат і любоў, мудрыя парады, за іх гатоўнасць заўсёды прыйсці на дапамогу! Яны наша апора ў жыцці, а бацькоўскі дом -- наш надзейны прычал, дзе ўтульна і спакойна ўсім чатыром пакаленням нашага роду, -- з любоўю гаворыць дачка.

А якое ж свята без песень? Гучалі яны і на залатым вяселлі. І найперш любімая песня жаніха «Ой, рябина кудрявая»…

2023 год для Шалкоўскіх багаты на юбілеі. У лютым сустрэне сваё 70-годдзе Ірына Несцераўна, у лістападзе споўніцца 75 гадоў Сяргею Аляксеевічу. Акрамя таго, 30-годдзе адзначыць іх унучка Наталля, 10-годдзе -- праўнучка Мілана. А значыць, за святочным сталом не раз яшчэ будуць гучаць любімыя песні гэтай вялікай, дружнай сям’і, якую паўвека таму стварылі Сяргей ды Ірына…

Анжаліка КРУПЯНЬКОВА.
Фота: архіў СЯМ’І ШАЛКОЎСКІХ.

Прочитано 301 раз
Анжаліка Крупянькова

Этот адрес электронной почты защищён от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.
Другие материалы в этой категории: « Молодечненский «Cashtan»? Отличная идея! Рынок труда »