Анатолій Антонавіч падзякаваў жывёлаводам за іх цяжкую працу, добрасумленнае стаўленне да сваіх абавязкаў і ўручыў лепшым Падзячныя пісьмы і грашовыя прэміі. Да віншаванняў далучыліся кіраўнік гаспадаркі Дзяніс Гурын (сваю пасаду ён заняў некалькі тыдняў таму) і старшыня прафсаюзнай «пярвічкі» таварыства Ганна Карней.
У час акцыі былі адзначаны брыгадзір МТФ Надзея Арлова, аператары машыннага даення Вольга Вайтовіч і Ірына Пшэннік. Аднак кампанія перадавікоў не засталася толькі жаночай. За шматгадовую добрасумленную працу і дасягненне высокіх паказчыкаў заахвочванне ад кіраўніцтва гаспадаркі атрымаў слесар Павел Чопка.
— На тэрыторыі раёна дзейнічае каля паўсотні аб’ектаў жывёлагадоўлі, — падкрэсліў Анатолій Фурс. — І на кожным з іх працуюць спецыялісты, якія ўносяць значны ўклад у харчовую бяспеку краіны. Таму асноўныя мэты акцыі — павысіць прэстыж прафесіі жывёлаводаў, заахвоціць лепшых, ацаніць умовы працы работнікаў, аказаць дапамогу ў вырашэнні ўзнятых пытанняў.
Субяседнік зазначыў, што акцыя нездарма прымеркавана да зімова-стойлавага перыяду. Гэты час вельмі адказны для жывёлаводаў. Менавіта зімой праводзіцца своеасаблівы экзамен для ўсіх падраздзяленняў і службаў гаспадарак, якія адказваюць за жывёлагадоўлю. Ці дастаткова нарыхтавана кармоў, ці якасныя яны, якія ўмовы створаны для работнікаў, наколькі эфектыўныя ветэрынарныя і заатэхнічныя мерапрыемствы? Адказы на гэтыя і іншыя пытанні дае зіма.
Аб рабоце МТФ «Мясата» расказаў кіраўнік таварыства Дзяніс Гурын:
— Калектыў тут зладжаны, людзі працуюць з поўнай аддачай. Дзякуючы гэтаму справы на ферме ідуць добра. Гэта тычыцца надояў, асемянення, іншых паказчыкаў. Упэўнены, што так будзе і далей. Зімова-стойлавы перыяд у гаспадарцы праходзіць паспяхова. Кармоў хапае. Якасць малака высокая. Усё гэта дасягаецца карпатлівай працай многіх спецыялістаў.
Надзея Арлова дадала, што калектыў фермы складае 14 чалавек. Большасць з іх аддалі сельскай гаспадарцы шмат гадоў. У многіх усё жыццё звязана з вёскай. Праца жывёлаводаў складаная, але нядрэнна аплачваецца. Гаспадарка дапамагае вырашаць жыллёвае пытанне. Важна і тое, што механізацыя ў жывёлагадоўлі на высокім узроўні.
Павел Чопка ў размове з журналістам расказаў, што ён адказвае за работу абсталявання.
— Асабліва трэба сачыць за яго чысцінёй, — падкрэсліў Павел. — Для малака неабходныя стэрыльныя ўмовы, і мая задача — забяспечыць іх. Калектыў на ферме ў асноўным жаночы. Калі жанчыны просяць дапамагчы па рабоце, заўсёды іду насустрач. Усе працуем у адным калектыве на агульны вынік.
Тэкст і фота: Алег БЯГАНСКІ.