Саматканыя штаны для Грышы
-- Мае бацькі Ганна і Аляксей Азаронкі жылі ў вёсцы Корсашчына Лепельскага раёна, што на Віцебшчыне. Цяпер нашай вёскі няма на карце, нікога з жыхароў там не засталося, -- расказвае Валянціна Аляксееўна. -- У час вайны ў навакольных лясах дзейнічалі партызанскія атрады. Мясцовыя жыхары, і мае бацькі таксама, чым маглі, дапамагалі народным мсціўцам -- дзяліліся адзеннем, ежай. Пасля вызвалення тата пайшоў на фронт, быў паранены ў Літве, але вярнуўся жывым. Аднойчы ноччу ў акно нашага дома пастукалі. Адчынілі. На парозе стаяў юнак, увесь абарваны, знясілены. Сказаў, што яму ўдалося вырвацца з фашысцкай блакады, папрасіўся пераначаваць. Хлопцу было 16 гадоў, яго звалі Грыша Ганчароў. Ён ведаў нашу сям’ю, незадоўга да гэтага мае бацькі давалі прытулак яго сёстрам з дзецьмі, якія вымушаны былі кінуць свае дамы, баючыся, што іх пагоняць на работы ў Германію. Бацькі накармілі яго, паклалі спаць, хаця добра разумелі, якая гэта рызыка. У іх саміх расло чатыры дачкі -- мае старэйшыя сёстры. Раніцай разбудзілі юнака, а ён прыкрываецца коўдрай, не ўстае. Аказалася, яго штаны ўшчэнт парваныя. Лішніх у хаце не было.
Ганна Міронаўна не стала доўга думаць: села за кросны, каб выткаць палатно. Справа гэта не такая хуткая, давялося хлопцу застацца на свой страх і рызыку і на другую ноч. З палатна жанчына раскроіла і пашыла маладому партызану штаны. Абутку ў яго таксама не было. Аляксей Лук’янавіч палез на гарышча, знайшоў сплеценыя ім лапці. Абагрэлі, накармілі, як змаглі, адзелі. Ганна Міронаўна перахрысціла яго на развітанне…
Рыгор Ганчароў выжыў. Пасля вызвалення Лепельшчыны пайшоў на фронт, дайшоў да Берліна. Пасля вайны жыў з сям’ёй у Лепелі і ніколі не забываў сям’ю Азаронкаў. Гэты здымак 1946 года даслаў ім з удзячнасцю з Германіі.
І вось такое супадзенне: Валянціна вучылася ў Лепельскім медвучылішчы разам з дачкой Рыгора Ларысай. Яны падтрымліваюць сувязь і цяпер. Мужнага партызана і франтавіка Рыгора Ганчарова не стала больш за 10 гадоў таму, але нітачка сувязі паміж сем’ямі не перарвалася.
Размінуліся назаўсёды
-- На гэтым здымку -- малодшы брат маёй мамы Аляксандр Дзівін, -- паказвае Валянціна Аляксееўна яшчэ адно старое фота. -- У 1938 годзе ён закончыў 10 класаў, яго ўзялі ў сельсавет на работу. У чэрвені 1941 года мама была дома, як нехта забег да яе і сказаў, што брата прама з работы забіраюць у армію. Яна хуценька сабрала тое-сёе з яды і пабегла ў сельсавет. Вялі туды дзве дарогі. Яна выбрала карацейшую. Прыйшла, а там ёй сказалі, што Саша пабег дадому, каб развітацца з ёю. Павярнула назад па іншай дарозе -- і на гэты раз іх шляхі размінуліся… Як аказалася, назаўсёды.
У 1944 годзе ў сям’ю прыйшло паведамленне, што чырвонаармеец Аляксандр Дзівін 1918 года нараджэння прапаў без вестак. Блізкія рабілі спробы даведацца хаця б што-небудзь -- безвынікова. І сёння Валянціна Аляксееўна не ведае, дзе загінуў і знайшоў апошні прытулак яе дзядзька, якога ёй давялося ўбачыць толькі на фотаздымку.
«Я магла б і не нарадзіцца»
У час акупацыі фашысты вывозілі ў Германію не толькі моладзь, але і жанчын з малымі дзецьмі. У пастаянным страху жылі маладыя маці: перыядычна ў вёсках рабілі аблавы і запіхвалі жанчын з немаўлятамі ў машыны пад галашэнне іх радні.
Прыйшла бяда і ў хату Азаронкаў. На той час у маці Валянціны Ганны Міронаўны было чатыры дачкі: Ніна, Марыя, Соня і маленькая Раечка. Вось з ёю і загадалі жанчыне выходзіць з дома. Фашыст пагнаў яе праз вёску да пункта збору. Нават страшна ўявіць, што адчувала жанчына ў гэтыя страшныя хвіліны: у думках назаўсёды развітвалася з дочкамі, з мужам, з родным домам.
-- Пасярэдзіне вёскі жыла цётка Марыя Пшонка, я яе добра памятаю, -- успамінае мая субяседніца. -- Была яна вельмі эмацыянальнай, гучнагалосай. Калі з кім сварылася -- чулі ў другім канцы вёскі, а смяялася так, што іншыя не маглі ўтрымацца, весяліліся разам з ёю. На маміна шчасце, Марыя ўбачыла, як вядзе яе з дзіцем фашыст, наставіўшы аўтамат. У тое ж імгненне жанчына кінулася немцу ў ногі, стала кланяцца да зямлі і прасіць адпусціць маю маму, тлумачыла, што ў яе чацвёра «кіндэраў». Здарыўся цуд: немец развярнуў маму і гучна крыкнуў: «Цурук!» (назад). Яна потым гаварыла, што гэта слова запомніла на ўсё жыццё. Ішла на ватных нагах, прыціскала да грудзей сваю Раечку і думала: выстраліць немец у спіну ці не… Злітаваўся, не ўзяў грэх на душу, не пакінуў дзяцей сіротамі. Хто ведае, што было б з маёй мамай і ці нарадзілася б я, каб не смеласць цёткі Марыі. Мама ўсё жыццё была ёй удзячная. З маленства памятаю, як яна часцяком збярэ які-небудзь пачастунак і просіць мяне занесці Пшончысе (так Марыю звалі ў вёсцы). А калі я падрасла, расказала мне гэту гісторыю.
Вось так, у самыя жудасныя хвіліны вайны, калі жыццё людзей было на валасок ад смерці, беларусы дапамагалі адзін аднаму. Аддавалі апошняе, рызыкавалі жыццём. Колькі іх -- невядомых герояў вайны, тых, хто не быў на фронце ці ў партызанах, але сваёй чалавечнасцю, спагадай, дабрынёй таксама набліжаў Перамогу… Паклон ім усім і вечная памяць…
Анжаліка КРУПЯНЬКОВА.
Фота: архіў СЯМ’І МІХАСЁНАК.