27.12.2022 10:51

Эксперымент удаўся: пачытаў «Маладзечанскую газету» — уладкаваўся на работу!

Давід Баркоўскі і Уладзіслаў Мядзвецкі — сябры са школьнага юнацтва.

У свой час вучыліся ў мясцовай СШ №8, жывуць у суседніх дварах і працуюць паштальёнамі…

Хлопцы ў ліку тых, хто дапамагае праводзіць падпісную кампанію-2023 на наша выданне. З імі мы пазнаёміліся на чарговым Дні падпісчыка ў аддзяленні паштовай сувязі №6. Гэта і ёсць іх месца работы, у абодвух зона абслугоўвання — Залінейны раён.

Давіду 25 гадоў, Уладзіславу — 26. Першым у паштальёны прыйшоў Давід: убачыў вакансію ў «Маладзечанскай газеце».

— Мая бабуля даўно чытае «раёнку», — заўважае хлопец. — Ды і я гартаю яе старонкі.

У сям’і Уладзіслава таксама даўно знаёмыя з «МГ».

Дарэчы, хлопцы маюць прафесіі: Давід — будаўнік, Уладзіслаў — аўтаслесар. На пытанне, чаму вырашылі паспрабаваць сябе ў паштовай сувязі, адказалі практычна ў адзін голас:

— Любім эксперыментаваць!

Давід працуе паштальёнам ужо год. Улад, якога ён падахвоціў пайсці ўслед за ім, — паўгода. Яны гавораць, што спачатку давялося ўнікаць у тонкасці новай для іх справы — вучыліся афармляць дакументы, працаваць з тэрміналам і, канечне, весці стасункі з людзьмі. У зоне абслугоўвання Уладзіслава больш за 600 прыватных двароў і СШ №9. На замацаванай за Давідам тэрыторыі — амаль 700 прыватных двароў і сем арганізацый, што размешчаны ў Залінейным. У іх на дваіх амаль паўтысячы падпісчыкаў «Маладзечанскай газеты».

— Штодзень кіламетраў па дзесяць намотваем! — зноў у адзін голас гавораць паштальёны. — Самыя напружаныя рабочыя дні — серада і субота, таму што падпісчыкам трэба даставіць «раёнку».

— Людзі, канечне, па-рознаму ставяцца, калі бачаць паштальёна-хлопца, бывае, з недаверам, — бярэ ініцыятыву размовы Давід. — Але больш тых, хто шчыра ўсміхаецца. На маім участку нямала гасцінных і руплівых гаспадароў. Нярэдка запрашаюць паабедаць ці чаю папіць, але я адмаўляюся. Спраў шмат! Летам садавіной-агароднінай са сваіх участкаў частуюць, нават кветкі могуць уручыць.

Блізкія і сябры Давіда і Уладзіслава спакойна ставяцца да іх работы. Хіба толькі Давіда Печкіным называюць.

— А я на іх не крыўдую, — працягвае хлопец. — Люблю людзей з пачуццём гумару. Яшчэ каб змяніць стэрэатыпы ў адносінах гэтай прафесіі ў грамадстве... У многіх замежных краінах работа ў паштовай сувязі ў ліку самай запатрабаванай.

Акрамя пошты хлопцы дастаўляюць іншыя адпраўленні. Давіду найчасцей даводзіцца прыносіць адрасатам мабільныя тэлефоны. Улад дастаўляў нават аўтамабільную арку.

Падпісную кампанію дапамагала нам праводзіць і аператар паштовай сувязі «шостага» аддзялення Алена Абрамовіч. У гэтай сферы яна 17 гадоў. Пачынала шлях у прафесію таксама ў якасці паштальёна. Алена гаворыць, што іншай работы для сябе не ўяўляе.

Аператар паштовай сувязі Алена Абрамовіч.

— Наша работа вельмі дынамічная, трэба працаваць з вялікімі аб’ёмам інфармацыі, — расказвае яна. — Самае складанае — паспець усё зрабіць у рамках рабочага дня, таму іншым разам хочацца, каб ён быў даўжэйшым.

Па традыцыі ў гэты дзень мы ўручалі прызы першым траім падпісчыкам на нашу газету, якія выпісалі яе на квартал і паўгоддзе. У ліку тых, хто атрымаў фірменныя кубак і кішэнны каляндар, была Ірына Дзевялтоўская.

— «Маладзечанскую газету» ведаю яшчэ з часоў «Святла камунізму», — зазначае яна. — Чытаць «раёнку» — наша сямейная традыцыя. Нават захоўваю карысную інфармацыю, розныя матэрыялы.

Наша чытачка Ірына Дзевялтоўская.

Ірына Аркадзьеўна па прафесіі тэхнік-харчавік, да выхаду на заслужаны адпачынак працавала на мясцовым камбінаце хлебапрадуктаў. На пенсіі і яе муж. Цяпер у іх яшчэ больш часу, каб уважліва чытаць «МГ». А калі наведваюць дзеці і ўнукі, таксама гартаюць газетныя старонкі, каб даведацца, чым жыве родны раён.

УВАЖАЕМЫЕ ЧИТАТЕЛИ!

Сообщаем, что проходит подписка на «Маладзечанскую газету» на 2023 год.

Для наших подписчиков мы предусмотрели бонусы: цветной календарь на 2023 год, который они получат в первом январском номере газеты (вкладыш к газете), цветной календарь для огородника. Выписывайте «Маладзечанскую газету», читайте и получайте удовольствие!

Тэкст і фота: Ірына РАБУШКА.

Прочитано 327 раз Последнее изменение 27.12.2022 10:51
Ірына Рабушка

Этот адрес электронной почты защищён от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.
Другие материалы в этой категории: « Кто-кто в «зоопарке» живет? #В гостях у Первого »