19.12.2022 10:40

Падарунак пад ёлку — падпіска на «МГ»

А таксама наш фірменны кубак, прыгожыя календары розных памераў — прэзенты ад рэдакцыі тым, хто аформіў падпіску на нашу газету ў традыцыйны Дзень падпісчыка. У сераду, 14 снежня, ён прайшоў у аддзяленні паштовай сувязі Маладзечна-7 РУП «Белпошта», што на вуліцы Францішка Скарыны, 7.

Дзякуем спецыялістам па паштовай дзейнасці Валянціне Радчанка і Марыі Траццяк за прапаганду нашага выдання! Дзякуем спецыялістам па паштовай дзейнасці Валянціне Радчанка і Марыі Траццяк за прапаганду нашага выдання!

У мінулым годзе тут быў зроблены адмысловы рамонт, аддзяленне набыло вельмі сучасны выгляд. Устаноўлена абсталяванне для электроннай чаргі, што зручна для кліентаў. А іх у густанаселеным мікрараёне штодня нямала. Навагодняе афармленне памяшкання стварае святочны настрой, нагадвае, што зусім хутка надыдзе 2023 год, а значыць, самы час аформіць падпіску на газеты і часопісы.

Прыемна было пачуць ад начальніка аддзялення Алены Кавецкай, што сярод перыядычных выданняў па падпісцы на першым месцы наша газета. Мы ўдзячныя паштальёнам Наталлі Коўчур, Ірыне Урбан, Святлане Пашкоўскай, Ірыне Ракецкай, Раісе Юркевіч, Святлане Ясюк за прапаганду нашага выдання, за тое, што па серадах і суботах прыносяць «МГ» нашым чытачам, многім афармляюць падпіску на даму.

Не менш прыемна было пазнаёміцца з тымі, хто менавіта ў гэты дзень падпісаўся на «Маладзечанскую газету».

— Я пастаянна яе купляю, з задавальненнем чытаю. А з новага года вырашыла выпісаць, каб пастаянна быць у курсе ўсіх раённых навін. Люблю чытаць пра знаёмых людзей, матэрыялы па гісторыі і краязнаўстве, — падзялілася з намі пенсіянерка, у мінулым бухгалтар Надзея Іванова.

Надзея Іванова раней купляла «раёнку», а з новага года вырашыла на яе падпісацца.

Галоўным бухгалтарам турбазы «Вілія», іншых арганізацый працавала і яшчэ адна наша падпісчыца Тамара Гуновіч. Яна расказвае, што ў свой час карысталася нашай рэкламнай базай, заказвала віншаванні з юбілеямі сваякам і сябрам.

Тамара Гуновіч — наша пастаянная падпісчыца.

Сярод тых, хто аформіў падпіску на паўгода, быў і наш добры знаёмы былы старшыня ААТ «Палачаны» Станіслаў Завацкі. Вопытны кіраўнік, ён як ніхто разумее, які стымул для стараннага працаўніка — партрэт і артыкул пра яго ў газеце. У свой час Станіслаў Міхайлавіч актыўна супрацоўнічаў з нашым выданнем, дзяліўся навінамі, дапамагаў арганізаваць сустрэчы з работнікамі сельгасгаспадаркі, за што мы яму вельмі ўдзячныя. Як і за тое, што і на заслужаным адпачынку не страчвае цікавасць да «раёнкі», падтрымлівае яе ў гэты няпросты час.

Былы старшыня ААТ «Палачаны» Станіслаў Завацкі часта даваў інтэрв’ю нашаму выданню. Цяпер аб супрацоўніцтве яму будзе нагадваць не толькі свежы нумар газеты, але і наш фірменны кубак.


Яшчэ адна цёплая сустрэча — з былой сакратаром-машыністкай рэдакцыі Зояй Вахловай. Зоя Іванаўна працавала ў газеце «Святло камунізму» больш за дзесяць гадоў з канца 1960-х. З таго часу яна не расстаецца з «раёнкай», пастаянна яе выпісвае. Прыгадвае, што ў час яе работы фатаграфіі ў газеце былі невялікіх памераў і ў малой колькасці, і не перастае здзіўляцца вялікім каляровым здымкам сучаснай газеты.

— Як толькі атрымаю свежы нумар, адкладваю ўсе справы і чытаю. Люблю вашы цёплыя матэрыялы пра людзей, рубрыку «Старое фота», у якой часта друкуюцца здымкі вашага пазаштатнага фотакарэспандэнта Аляксандра Салагуба, — дзеліцца Зоя Іванаўна і жадае калектыву рэдакцыі новых поспехаў і творчых здзяйсненняў.

Анжаліка КРУПЯНЬКОВА.
Фота: Аляксей ПЛАТКО.

 

Прочитано 289 раз Последнее изменение 19.12.2022 10:40
Анжаліка Крупянькова

Этот адрес электронной почты защищён от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.